Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будуць надрукаваныя новыя паштоўкі з беларускімі дзеячамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністэрства сувязі і інфарматызацыі надрукуе паштовыя капэрты, прысьвечаныя дзеячам беларускага адраджэньня Івану Луцкевічу і Ўсеваладу Ігнатоўскаму, а таксама адзначыць іншыя выбітныя падзеі ў гісторыі Беларусі. Некаторыя з заплянаваных праектаў супалі з прапановамі Таварыства беларускай мовы.

Шэраг выбітных беларусаў і падзеяў у гісторыі краіны будуць адзначаныя на друкаванай прадукцыі міністэрства сувязі і інфарматызацыі, якая сёлета з’явіцца ў продажы. Гэтак, адмысловыя капэрты будуць прысьвечаныя . 125-годдзю палітыка і публіцыста Івана Луцкевіча , 100-годдзю вучонага і грамадзкага дзеяча Усевалада Ігнатоўскага ды пісьменьніка Сяргея Новіка-Пяюна. Таксама будуць адзначаны ўгодкі выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Гэта першае легальнае беларускае выдавецтва, якое пачало дзейнічаць у 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу і праіснавала да 1914 года. Адмысловая паштовая марка будзе прысьвечаная і друкарні Куцеінскага жаночага кляштара , заснаванай ажно 375 гадоў таму. У гэтай друкарні ўбачыў сьвет славуты буквар друкара Спірыдона Собаля.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў вітае намаганьні міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Алег Трусаў паведаміў, што частка праектаў прынятыя паводле прапановаў Таварыства беларускай мовы , частка ёсьць ўласнай ініцыятывай міністэрства.

(Трусаў: ) “Цяпер будзем чакаць, як будуць надрукаваныя гэтыя капэрты. Мы што робім? Як толькі яны трапляюць у продаж, мы іх друкуем ў газэце “Наша слова”, каб людзі ведалі ды ішлі закупляць. Вось нядаўна выйшла сэрыя капэртаў з помнікамі архітэктуры, прыкладам, з Менскай ратушай, і мы іх адразу далі. Яшчэ выйшлі дзьве маркі сэрыі “Гербы гарадоў Беларусі”. Там будзе герб Турава і герб Наваградка. Мы іх надрукавалі ў сёньняшнім нумары “Нашага слова”. Нашая задача – прапагандаваць гэтыя капэрты і маркі, таму ўсю замежную перапіску мы вядзем з іх дапамогай. Такім чынам, працэс ідзе ўзаемны”. Праўда, некаторыя з прапановаў ТБМ не былі прынятыя. Гэтак, арганізацыя прыхільнікаў беларускай мовы прапаноўвала адзначыць новымі паштовымі маркамі 100-годзе газэт “Наша доля” і “Наша ніва”, але ў міністэрстве сувязі і інфарматызацыі прапановы адхілілі. Спаслаліся на тое, што гэтыя выданьні выходзілі нядоўга. “Мяркую, гэта не канчатковае рашэньне , а да пэўнага часу”, -- лічыць адказны супрацоўнік выдавецкага цэнтра “Марка” Алег Гайко.

(Гайко: ) “Магчыма не зараз, магчыма пазьней, але, мяркую, адзначым мы гэтыя ўгодкі. Яшчэ калі ў школе мы вучыліся, то вывучалі пра “Нашу ніву”, таму ад яе ніхто не адхрышчваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG