Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надпісы на сьценах і помніках – палітычнае графіці або вандалізм?


Радыё Свабода Сябра грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Вацлаў Арэшка адказвае на пытаньне слухачкі Радыё Свабода.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, Радыё Свабода! У мяне пытаньне. Чаму, калі размалявалі мэмарыял Курапаты, то вядучыя вашага радыё падавалі гэта як вандалізм і гаварылі пра тое, што вандалаў неабходна пакараць — а калі дзіця размалёўвае сьцены будынкаў у горадзе, то гэта падаяце як графіці?

І калі пакаралі гэтых “мастакоў”, то падаецца гэта, як быццам яны палітычныя вязьні. У маім разуменьні, гэта тое самае — вандалізм ці то на мэмарыяле, ці то на сьценах будынкаў. А як прыемна жыць у чыстым, прыгожым горадзе! Калі ня так я нешта разумею, то прашу патлумачыць, у чым я памыляюся”.

Адказвае сябра грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Той, хто задае пытаньне — што ён мае на ўвазе пад тым, што малюецца на сьценах? Адна рэч — напісаць на сьцяне назву нейкага рок-гурту ці, да прыкладу, “Зубр”. Камусьці гэта нават і падабаецца, а камусьці не, але ў кожным разе гэта ня цягне больш як на дробнае хуліганства.

Калі ж псуюцца рэчы, якія для большасьці людзей павінны быць сьвятымі — магілы, помнікі, то нават паводле заканадаўства яны адрозьніваюцца ад звычайнай сьцяны ці плота.

У гэтым пляне зусім іншы падыход: калі я псую сьвятыню, калі я псую чыюсьці магілу ці помнік, альбо нешта зьвязанае з успамінамі, то я падымаю руку на памяць пра мінулае, на нейкія ідэалы — гэта значыць, на рэчы сьвятыя. І тут пытаньне не юрыдычнае ў большай ступені, а яно якраз закранае этычныя моманты, а таму і розьніца такая вялікая. Тое, што адбылося ў Курапатах, нават не адпавядае слову “вандалізм”. Гэта больш за вандалізм”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG