Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ён прымазаўся да чужой славы, хваляць яго, што ён пабудаваў заводы ў Беларусі. Гэтыя заводы яшчэ пры Саюзе пабудавалі!..”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 15 лютага. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Я часта чую, як на вашыя пытаньні адказваюць чыноўнікі, у прыватнасьці Цэнтральнай выбарчай камісіі, чаму тое яны не зрабілі, чаму столькі подпісаў не ўлічана. І, як я зразумеў, яны зусім не чырванеюць, бо мне сорамна за іхныя адказы, я чырванею. А яны чырванеюць ці не? Вось што мне было б цікава даведацца. Хай, калі вашыя журналісты будуць браць у іх інтэрвію, яны адкажуць на гэтае пытаньне”.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! Даю адказ на пытаньне тыдня. Лічу архінеабходным і карысным для беларускага грамадзтва правядзеньне радыё і тэледэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты. Гэта дасьць магчымасьць выбаршчыкам даведацца аб альтэрнатыве эканамічнага разьвіцьця краіны, яе палітычных прыярытэтах, суіснаваньня з суседнімі дзяржавамі. Насельніцтва, асабліва сталае пакаленьне, змогуць увачавідкі пераканацца ў тым, што і ў Беларусі (дзякуй Богу!) не перавяліся яшчэ разумныя, кемлівыя, таленавітыя людзі, якія могуць з посьпехам скласьці альтэрнатыву дзеючаму прэзыдэнту. І такіх выдатных людзей у рэспубліцы ні адзін, які крыху вышэй за Бога, а дзесяткі тысяч, якія ходзяць побач з намі, не адчуваюць сябе вышэй другіх і могуць пасьпяхова кіраваць дзяржавай. У рэшце рэшт, мабыць, будзе публічна высьветлена пытаньне так званага “саюзнага даўгабуда”. А яшчэ: Куды будзе ісьці краіна: за цывілізаваным сьветам або ў адваротным напрамку?

Лічу, што пытаньне аб правядзеньні тэледэбатаў павінны паставіць перад Цэнтрвыбаркамам дзеячы палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і самі кандыдаты ў прэзыдэнты. Калі хто з кандыдатаў адмовіцца ад удзелу ў дэбатах, таму пажыцьцёвая ганьба”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Я таксама пэнсіянэр, але за Лукашэнку... галасаваць не зьбіраюся. Я і мае дзеці будзем галасаваць толькі за Мілінкевіча, інакш посьпеху нам ня бачыць...

...Хопіць зьдзекавацца з нашага народу! Хопіць яму дурыць галаву! Ён прымазаўся да чужой славы, хваляць яго, што ён пабудаваў заводы ў Беларусі. Гэтыя заводы яшчэ пры Саюзе пабудавалі! А тое, што на рынках усяго хапае – дзякуй Гарбачову, што ён выпусьціў народ з савецкага лягеру. А Лукашэнку ўсё нешта пужае і перашкаджае, то Амэрыка, то Эўропа. А я хачу сказаць, што дрэннаму танцору ўвесь час нешта перашкаджае”.

(Дзед Іван Каладзішчанскі, пэнсіянэр:) “У мяне пытаньне да кандыдатаў у прэзыдэнты, пытаньне ўсяму паспалітаму люду Беларусі. Калі ў нас будуць справядлівыя выбары? Калі праца ўладаў будзе празрыстай і добра вядомай выбарцам? Калі выбарцы будуць мець магчымасьць ня толькі выбіраць улады, але і адклікаць яе асобных прадстаўнікоў?

Прашу Радыё Свабода паведаміць, у якім стане знаходзіцца пытаньне аб стварэньні ў Беларусі Партыі пэнсіянэраў. Лічу, што на сёньняшні дзень пэнсіянэры – гэта магутная прагрэсіўная палітычная сіла. Дзякуй за адказ”.

(Віктар Буто, Менск: ) “Пра дэледэбаты кандыдатаў у дэпутаты. Нават калі яны адбудуцца, то для мяне яны будуць нецікавыя. Аляксандар Лукашэнка ўжо даўно лётае ў аблоках, бо яму даюць заведама ілжывую інфармацыю, якая яго задавальняе, што ў нас з кожным годам становіцца толькі добра. Другі бок будзе казаць пра зваротнае і пра шмат што пустое і незразумелае на сёньня. Мне ня трэба гэта: незалежнасьць, беларуская мова, свабода слова, дэмакратыя і іншыя гучныя словы, то бок чаго не было ў Саюзе СССР і Рэспубліцы Беларусь”.

(Спадар: ) “Вось стаю перад недарэчным фактам. Толькі што па правадной сетцы пачуў, што прэзыдэнт Лукашэнка павіншаваў воінаў-аўганцаў, так бы мовіць, са сьвятам вываду войскаў з Аўганістану. Дык якое ж гэта сьвята? Калі ўжо нават у Менску гэты востраў называецца “востравам смутку і сьлёз”, дык якія тут могуць быць віншаваньні?

І, па-другое, цікава, ці будзе ў гэты дзень згадана, колькі сапраўдных аўганцаў, то бок жыхароў Аўганістану палегла ў гэтай бойцы?..”

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! На пытаньне тыдня. Ніякай дыскусіі па тэлебачаньню з таварышам Лукашэнкам ня будзе. Яму за 12 год няма чаго сказаць, акрамя хлусьні. Было б вельмі цікава паслухаць дэбаты па тэлебачаньню паміж Лукашэнкам і Алесем Мілінкевічам. Але іх ня будзе. Я ўпэўнены, што Лукашэнка перад Алесем Мілінкевічам быў бы як першаклясьнік, пры чым самы адсталы вучань. Ён мог бы дыскутаваць са сваім падстаўным Гайдукевічам.

Яшчэ мне хочацца, хоць і са спазьненьнем адказаць таму, хто ўпэўніваў, што пэнсіянэры прагаласуюць за Лукашэнку. Што можна сказаць? Мне і маёй жонцы больш за 72 гады. Сяброўка маці ляжала ў абласным шпіталі, зь ёй у палаце ляжалі яшчэ тры сталыя жанчыны, узростам болей за 80 год, ім зьбіраліся рабіць апэрацыі. Дык гэтыя жанчыны таксама былі супраць Лукашэнкі. Мая сям’і і сваякі таксама ня будуць галасаваць за яго. Бяда ў тым, што пасьля 94 году выбараў у нас няма. Вось таму вынік ужо вядомы. Пацьверджаньне таму – што ад дэмакратаў няма амаль што ніводнага прадстаўніка ў выбарчых камісіях”.

(Спадарыня: ) “Адказваю на пытаньне тыдня. Лічу, што дэбаты паміж кандыдатамі абавязковыя. Але Лукашэнка ніколі ня пойдзе на гэта, таму што дыялёг з разумнымі і адукаванымі людзьмі, такімі як Мілінкевіч і Казулін, паставяць яго ў нявыгаднае становішча. Яму гэта непатрэбна! Ён даўно ўжо вядзе дыялёг па радыё і тэлебачаньні. І ніхто: ні Канстытуцыйны суд, ні Парлямэнт, ні Цэнтральная выбарчая камісія ня лічаць гэта парушэньнем выбарчага права.

Калі б у мяне была магчымасьць я б спытала ў Лукашэнкі: чаму ён ня выдасьць указ аб адхіленьні ад абавязкаў прэзыдэнта на час агітацыі, каб не займацца агітацыяй праз радыё і тэлебачаньне, а на раўне зь іншымі кандыдатамі падаваць заяўку на сустрэчу з выбарцамі і праводзіць яе на марозе, пад палкамі, на задворках, як і другія. Што на гэта адкажа Лазавік?”

(Уладзімер: ) “Наконт інфармацыі аб кампэнсацыі жыльлёва-камунальных паслуг за студзень месяц. Па-першае, гэтая кампэнсацыя вельмі невялікая, для нас усяго 5 тысяч рублёў. Я думаю, што кожная сям’я, якая пра нешта дбае, нават кожны чалавек зь лёгкасьцю можна знайсьці гэтую суму. Другі момант. Тут такая сытуацыя, што сёньня паклалі ў нашыя кішэні, а заўтра ўзялі ў пяць разоў больш за кошт падвышэньня цэнаў на іншыя паслугі. Таму гэтая кампэнсацыя фактычна нічога не вырашае. Увогуле, гэта падобна на падман насельніцтва”.

(Спадар: ) “Хачу падзяліцца з вамі. У студзені былі маразы, аднак ніводная труба, якія былі пракладзеныя ў 50-60 гадах, у нас ня лопнула. А гэта таму, што далі ўказаньне не падвышаць ціск у трубе, інакш яна лопне. У выніку тэмпэратура ў кватэрах была да +10 градусаў! А зараз яны зрабілі датацыю, маўляў, будзеце плаціць як у сьнежні. Але ж у сьнежні цёпла было! Было гэтых знакамітых 18 градусаў! Хто іх прыдумаў? Такая тэмпэратура павінна быць у цэхах, мэтро – там, дзе людзі працуюць апранутыя. Але справа ня ў гэтым. І мне ўжо выплацілі 4 тысячы субсыдыі, адлічылі за холад. Я ж замярзаў!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG