Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымасьці езьдзіць бязь візаў у беларусаў амаль такія ж, як у самалійцаў


Ігар Карней, Менск Дасьледчая фірма “Henley&Partners”, якая месьціцца ў швайцарскім Цюрыху, назвала краіны, грамадзяне якіх бесьперашкодна (без афармленьня візаў) могуць наведваць найбольшую колькасьць іншых дзяржаваў, а таксама аўтсайдэраў у гэтым пераліку. Дзе ў сьпісе знаходзіцца Беларусь?

Паводле зьвестак “Henley&Partners”, грамадзяне Даніі, Фінляндыі і ЗША маюць найменш клопатаў з атрыманьнем візаў дзеля выезду ў іншыя краіны сьвету. Насельнікі згаданых дзяржаваў могуць вольна наведваць 130 краінаў і аўтаномных тэрыторыяў. Ім амаль не саступаюць Нямеччына, Ірляндыя і Швэцыя. Іхным грамадзянам гарантаваныя бязьвізавыя паездкі ў 129 краінаў. Сярод усясьветных лідэраў таксама брытанцы, французы, італьянцы і японцы, якія могуць выяжджаць без афармленьня візаў у 128 краінаў сьвету.

Швайцарскія спэцыялісты сыстэматызавалі і краіны, грамадзяне якіх з-за абавязковага візавага рэжыму маюць абмежаваныя міжнародныя стасункі. Прыкладам, жыхары Іраку, М’янмы і Самалі бязь візаў могуць патрапіць толькі ў 15 краінаў, грамадзяне Ірану — у 14. Але аўтсайдэрам тут зьяўляецца Аўганістан, для якога адкрытыя толькі 12 краінаў сьвету.

Якое месца Беларусі ў справаздачы “Henley&Partners”? Па інфармацыю мы зьвярнуліся ў Міністэрства замежных справаў Беларусі. Гаворыць прадстаўнік МЗС Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Мы ніколі не арыентуемся на нейкія дасьледаваньні, калі яны не даведзеныя нам афіцыйна краінамі, зь якімі ўсталяваны той ці іншы консульскі рэжым. Іншымі словамі, мы кіруемся толькі афіцыйнай інфармацыяй. Таму наўрад ці хто тут, у сыстэме МЗС, вам дапаможа”.

У пашпартна-візавым аддзеле МЗС толькі пацьвердзілі, што станоўчую бязьвізавую статыстыку Беларусі робяць краіны СНД — беларусам віза патрэбная толькі для паездак у Туркмэністан.

У Цэнтральнай Эўропе вольная для наведваньня Сэрбія і Чарнагорыя.

Астатнія кірункі часта не тлумачацца геаграфічнай лёгікай. Так, не патрабуецца візавых дакумэнтаў для паездак на Кубу і ў Манголію. Але з улікам дарагоўлі пералёту выпраўляюцца туды толькі адзінкі.

На афрыканскім кантынэнце бязьвізавыя пагадненьні падпісаныя з Паўдзённа-Афрыканскай Рэспублікай, Тунісам і Суданам. Фармальна бязьвізавымі можна лічыць краіны, дзе беларусы любяць адпачываць — Турэччыну і Эгіпет, аднак у аэрапорце ўсё адно неабходна заплаціць візавы збор.

Такім чынам, колькасьць краінаў, для выезду ў якія беларусам віза не патрэбная, не перавышае два дзясяткі, што не нашмат больш за магчымасьці грамадзянаў М’янмы ці Самалі.

У праграме сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2006—2010 гады прапануецца “сфармаваць агульную эўрапейскую прастору і ў пэрспэктыве падпісаць пагадненьні аб увядзеньні бязьвізавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”. Падобная прапанова не знайшла падтрымкі ў эўраструктурах, што тлумачыцца прычынамі палітычнага характару. Пакуль без адказу засталася і нядаўняя прапанова Аляксандра Мілінкевіча да кіраўніцтва ПАРЭ зрабіць ільготны ўезд у краіны Эўразьвязу для грамадзянаў Беларусі, каб яны маглі пабачыць “іншы сьвет”.

За час незалежнасьці Рэспублікі Беларусь падпісаныя дыпляматычныя пагадненьні са 153 дзяржавамі. Беларусь мае 51 дыппрадстаўніцтва ў 45 краінах сьвету: 42 амбасады, два пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях і 7 генэральных кансулятаў. У Беларусі ж працуюць 33 замежныя амбасады, 12 консульскіх установаў і столькі ж прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў. Сумяшчаюць працу ў Беларусі 76 амбасадараў замежных дзяржаваў, акрэдытаваных, пераважна, у Расейскай Фэдэрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG