Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква Беларусі адзначыла Вадохрышча


Радыё Свабода У праваслаўных цэрквах Беларусі прайшлі ўрачыстыя літургіі з нагоды аднаго з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў — Хрышчэньня Гасподняга, альбо Вадохрышча. Увесь дзень тысячы вернікаў стаялі ў чэргах да храмаў, каб набраць асьвечанай вады. Каля менскіх цэркваў сёлетнія чэргі з прычыны моцнага марозу былі значна карацейшыя, чым у мінулыя гады.

Бабулькі з двухлітровымі пляшкамі асьвечанай вады пачалі сустракацца яшчэ на падыходзе да царквы Пятра і Паўла, што на вуліцы Нямізе.

(Карэспандэнтка: ) “Ці доўга вы стаялі па ваду, ці не зьмерзьлі?”

(Спадарыня: ) “Не, нядоўга, хвілін дваццаць”.

(Іншая спадарыня: ) “Не, не памерзьлі. Зайшлі ў царкву, там цёпла, усё нармалёва”.

(Карэспандэнтка: ) “Што робіце з вадой?”

(Спадарыня: ) “П’ём, кватэру асьвячаем”.

(Карэспандэнтка: ) “Дапамагае?”

(Спадарыня: ) “Дапамагае. Нават у царкве пабудзем, і адразу ўсе хваробы адыходзяць”.

Чарга каля царквы пад пільнай увагай некалькіх міліцыянтаў і асобаў у цывільным з рацыямі ў руках. Да яе ўвесь далучаюцца ўсё новыя людзі, і ня толькі пэнсійнага веку.

(Карэспандэнтка: ) “Чарга толькі пачынаецца — ці не баіцеся марозу?”

(Юнак: ) “Ды не, ёсьць жа нават такая традыцыя: пакупацца ў пельцы пад ільдом. Людзі наадварот здаравеюць, вылечваюцца нават. Людзям вера ў гэтую ваду дапамагае”.



(Карэспандэнтка: ) “А што звычайна робіце з вадой?”

(Юначка: ) “Твар мыем і па тры глыткі выпіваем”.

(Карэспандэнтка: ) “І дапамагае?”

(Іншая юначка: ) “Ну, можа, і дапамагае. Усё ж, пакуль што дрэннага нічога ня здарылася”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці часта ходзіце ў царкву ўвогуле?”

(Юначка: ) “Не, мы студэнткі, і часу няма”.

(Іншая юначка:) “Толькі па вялікіх сьвятах”.

Паводле супрацоўніка Петрапаўлаўскай царквы, які не пажадаў гаварыць пры ўключаным дыктафоне, сёлета людзей у храме значна менш, чым у мінулыя гады — гэта з-за моцнага марозу. Многія людзі, якія ня вераць, таксама прыходзяць выключна па ваду, не беручы ўдзелу ў сьвяточных набажэнствах. Але паводле айца Генадзя, праваслаўная царква ставіцца да гэтага прыхільна.

(Генадзь: ) “Кожны бярэ тое, што яму падабаецца, і што яму хочацца: людзі ходзяць па ваду і вельмі радыя ды шчасьлівыя, што могуць набраць сёньня вады. Нехта ходзіць прычашчацца, нехта ходзіць хрысьціцца — у нас свабода, поўная свабода. Менавіта ў праваслаўнай царкве — поўная свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG