Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні скінгэды зьбілі некалькіх чалавек


Паводле БелаПАН 9 студзеня ў Горадні прайшоў марш скінгэдаў, якія зьбілі некалькіх чалавек. Пра гэта паведаміў адзін з пацярпелых Мікіта Паўроз.

Паводле яго, каля 30 чалавек, выкрыкваючы нецэнзурныя лёзунгі ў адрас антыфашысцкага руху Беларусі і з воклічамі "Хайль Гітлер!" прайшлі вечарам па цэнтры горада. На цэнтральнай плошчы Горадні спадар Паўроз сустрэўся з гэтымі людзьмі і зрабіў ім заўвагу, пасьля чаго яго зьбілі. Ён кажа, што людзі, якія напалі на яго, складалі арганізаваную калёну, але са зьяўленьнем міліцыі ўцяклі. "Міліцыя не пасьпела нікога затрымаць. На маёй памяці гэта першае шэсьце скінгэдаў і нэафашыстаў за апошнія пяць гадоў", -- сказаў Мікіта Паўроз.

Як паведаміў агенцтву БелаПАН гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, апошнім часам нэанацысцкія групоўкі ў Горадні актывізуюцца. "Тыдзень таму пачалі зьяўляцца графіці нэанацысцкага кірунку, якіх не было бачна ўжо даўно. Відавочна, што гэта была падрыхтоўка да цяперашняй акцыі", -- сказаў спадар Пачобут.

Між тым у міліцыі Кастрычніцкага раёна Гродна, на тэрыторыі якога адбыўся марш, інфармацыю аб здарэньні не пацьвердзілі і не абверглі, зазначыўшы, што "ўпершыню пра гэта пачулі".

Спраўка Свабоды: Скінгэды – моладзевая суб’культура, якая зьявілася ў Брытаніі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Назву можна перакласьці з ангельскай, як “голеныя галовы”. Напачатку скінгэды былі збольшага апалітычныя, але з часам сярод іх распаўсюд атрымалі ідэі расізму і нэанацызму, хоць існуюць і групоўкі зь левымі палітычнымі перакананьнямі. У Беларусі скінгэдаў пачалі актыўна абмяркоўваць у 90-я гады, калі ў краіне зьявіліся філіі расейскай арганізацыі “Русское национальное единство”, якая прапагандуе ідэі расізму ды гаворыць пра існаваньне “адзінай рускай нацыі”, якая нібыта аб’ядноўвае беларусаў, расейцаў ды ўкраінцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG