Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі амбасадар у Вашынгтоне распавёў пра сытуацыю ў Беларусі


Радыё Свабода У Вашынгтоне адбыўся брыфінг амбасадара ЗША ў Беларусі Джорджа Крола. Пад час брыфінгу ён гаварыў пра цяперашні працэс вылучэньня альтэрнатыўных кандытатаў на прэзыдэнцкую пасаду і пра цяжкасьці, зь якімі альтэрнатыўныя кандыдаты сутыкаюцца.

У прыватнасьці, ён адзначыў, што падтрымка альтэрнатыўных кандыдатаў насельніцтвам будзе шмат у чым залежыць ад таго, наколькі насельніцтва паінфармаванае пра іх пазыцыю і праграму. “Сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная для папулярызацыі любых альтэрнатыўных паглядаў – сказаў амбасадар. – Тэлевізія, радыё і большасьць друкаваных мэдыяў знаходзяцца ў руках уладных органаў. Мы бачым прыкметы супрацоўніцтва паміж палітычнымі сіламі ў Беларусі. Застаецца невядомым, ці здолеюць яны і ці будуць мець магчымасьці распрацаваць пазыцыю і давесьці яе да масаў”.

Амбасадар ЗША ў Менску заявіў журналістам, што наўрад ці прызначаныя на сакавік выбары будуць сумленнымі і справядлівымі і наўрад ці іх вынікі могуць заслугоўваць давер.

Джордж Крол адзначыў, што беларускія ўлады замінаюць апазыцыі выказваць свае погляды. Урадам строга абмежаваў правы палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміў спадар Крол, у іх няма доступу да сродкаў масавай інфармацыі, мала грошай на выбарчую кампанію, іхнае правы агітаваць на сходах, мітынгах таксама абмежаванае.

Карэспандэнтка Радыё Свабода запыталася ў амбасадара Крола пра ягонае стаўленьне да таго, што ў выбарчыя камісіі фактычна не патрапілі прадстаўнікі апазыцыйных кандыдатаў. Джордж Крол адказаў, што ў Беларусі выбарчыя камісіі не зьяўляюцца незалежнымі:

(Крол: ) "Гэта заўсёды галоўны клопат, бо выбарчыя камісіі, нават у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, павінны быць адкрытыя для ўсіх членаў беларускага грамадзтва. Як правіла, у Беларусі выбарчыя камісіі такімі не зьяўляюцца. Члены камісіі заўсёды выбіраюцца ўладамі і выконваюць правілы ўлады. Там няма людзей, якія прадстаўляюць іншыя палітычныя партыі".

Пра такую сытуацыю ў выбарчых камісІях выказваліся назіральнікі АБСЭ, адзначыў амбасадар. Аднак, амбасадар Крол выказаў і пэўны аптымізм. Так, яго падбадзёрвае палітычная актывізацыя, якую ён апошнім часам назірае ў Беларусі:

(Крол: ) “Нягледзячы на тое, што сцэнар разьвіцьця падзеяў можа быць вельмі змрочным, і тым, хто прытрымліваецца альтэрнатыўных поглядаў, ня будзе дадзеная магчымасьць свабодна зьвярнуцца да грамадзянаў (хоць гэта прадугледжана Канстытуцыяй Беларусі), – дык вось, нягледзячы на гэта, людзі, якія спадзяюцца балятавацца на выбарах, ужо актыўна спрабуюць уцягнуць суграмадзянаў у палітычны працэс”.

Журналісты запыталіся ў амбасадара Крола і пра тое, наколькі небясьпечнымі для апазыцыі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў могуць быць папраўкі да крымінальнага кодэксу пра дыскрэдытацыю Беларусі?

Джордж Крол сказаў, што гэта выклікае вялікую занепакоенасьць як многіх людзей у Беларусі, так і міжнароднай супольнасьці. Ён падкрэсьліў, што ЗША і Эўразьвяз ужо выказалі беларускім уладам сваё шкадаваньне з нагоды прыняцьця гэтых паправак у закон.

Нагадаем, што ў сьнежні, пасьля абвяшчэньня прэзыдэнцкіх выбараў, Дзярждэпартамэнт ЗША выказаў сур''ёзныя сумненьні, што гэтыя выбары могуць быць вольныя і справядлівыя. Гэтыя сумненьні, заявіла прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Джэры Кэнэр, базуюцца на заганным досьведзе папярэдніх выбараў і галасаваньняў, у тым ліку і рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 году, які зьняў абмежаваньні тэрмінаў для Аляксандра Лукашэнкі.

Гл. таксама • Рэпартаж з Вашынгтонскага брыфінгу амэрыканскага пасла
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG