Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія СМІ ў газавым канфлікце вінавацяць Расею


Кастусь Бандарук, Прага 4 студзеня нафтавыя канцэрны Расеі і Ўкраіны – "Газпром і "Нафтагаз" – дамовіліся ў справе паставак расейскага газу Ўкраіне. У адпаведнасьці з дамовай, падпісанай на пяць гадоў, Украіна будзе плаціць пасярэдніку – "Рос-Укр-Энэрга" не 230, але 95 даляраў за тысячу кубамэтраў расейскага газу, які будзе зьмешаны з таньнейшым газам з Туркмэністану, Узбэкістану і Казахстану. Абодва бакі, а таксама Эўразьвяз выказалі задаволеньне з дасягнутага кампрамісу. Якая міжнародная рэакцыяя на ўкраінска-расейскі газавы канфлікт?

Публікацыі ў заходнім друку ў асноўным крытычныя ў дачыненьні да Расеі. Агульны іх тон можна зьвесьці да фразы: “Расея аказалася ненадзейным і непрадказальным партнэрам”.

“Пуцін ператварае гандаль ў палітычную зброю” – азагалоўлены адзін з артыкулаў ў газэце "New York Times".

"Савецкія і расейскія лідэры заўсёды запэўнівалі эўрапейцаў, што ў галіне гандлю Масква – адказны партнэр. У сваю чаргу заходне-эўрапейскія ўрады, у адрозьненьне ад ЗША, заўсёды лічылі, што гандаль нельга скарыстоўваць ў палітычных мэтах. Аднак тое, што не без дазволу з боку Крамля зрабіў расейскі манапаліст "Газпром" падзейнічала на эўрапейцаў як халодны душ. Масква ў любы момант можа паступіць са сваімі заходнімі кліентамі гэтак жа як і з Украінай. Адсюль выснова, што гэта ненадзейны партнэр" – піша газэта "New York Times".

"Пуцін дрэнна распачаў 2006 год" – гучыць загаловак артыкулу ў газэце "International Herald Tribune".

"Расейскі прэзыдэнт няўдала вярнуўся да праблемаў, што ўжо раней падарвалі рэпутацыю Крамля: да кантролю над энэргетычнымі рэсурсамі і аднаўленьня расейскай сфэры ўплываў ва Ўкраіне. Адрэзваючы Ўкраіне газ, які паступае тым жа газаправодам, што і ў Заходнюю Эўропу, Масква толькі насьцярожыла заходніх пакупнікоў. Нават найболей верны саюзьнік Расеі – Нямеччына вуснамі свайго міністра энэргетыкі заявіла, што Маскве наўрад ці можна давяраць".

Паводле брытанскай газэты "Guardian", “Пуцін робіць небясьпечны крок”.

"Расейска-украінскае супрацьстаяньне ня пройдзе проста так і забудзецца. Ад яго пайшлі па ўсяму кантынэнту магутныя хвалі, якія ўсім нагадалі крылатую фразу Талейрана: “Расея заўсёды і празьмерна слабая, і пры гэтым адначасова заўсёды і празьмерна моцная”. Гэты крызіс нагадаў кожнаму эўрапейцу аб тым, наколькі небясьпечна, калі стабільныя пастаўкі энэргіі, а ў выніку праца фабрык і заводаў, а таксама цяпло і сьвятло ў дамах – залежаць ад адной-адзінай крыніцы. Найболей заўсёды вораг Расеі ня мог ёй нашкодзь гэтак, як яна сама сабе нашкодзіла ўсяго цягам некалькіх дзён". Паводле брытанскай газэты, у выніку заходнія краіны вяртаюцца да пытаньня ядзернай энэргетыкі, альтэрнатыўных крыніцаў, і яны пачынаюць пераглядаць сваю палітыку ў дачыненьні да Крамля.

Падобная думка выказаная і ў артыкуле “Расея б’е сама сябе” зьмешчаным у газэце "New York Times".

"Прыкрываючыся спрэчкай паміж паліўнымі канцэрнамі Пуцін спрабаваў пакараць Віктара Юшчанку за празаходнюю пазыцыю Ўкраіны. У выніку– ён нанёс чарговы ўдар па сваёй ўласнай краіне і адвярнуў яе ад Эўропы. Украіна ня мае права карыстацца танным газам бясконца, але калі Пуцін з дапамогай цэнаў на газ і надалей будзе “караць і мілаваць”, дык для іншых краін Расея перастане быць надзейным і дакладным партнэрам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG