Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хутка разьвіваецца ў Беларусі чалавечы патэнцыял?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 28 лістапада. Згодна са справаздачай Праграмы разьвіцьця ААН, Беларусь паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу займае 64 месца. Што адлюстроўвае гэты індэкс? Чым вызначаецца цяперашні рэйтынг Беларусі? У якой ступені на гэты індэкс уплывае палітыка дзяржавы?


Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў.

Што адлюстроўвае гэты індэкс?

Валер Карбалевіч: Апошнім часам складаць розныя рэйтынгі стала модным. Што толькі не вымяраюць: і колькі ядуць у розных краінах, і дзе больш паляць, чытаюць, карыстаюцца інтэрнэтам, і шмат іншых паказчыкаў. А што адлюстроўвае індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу?

Яраслаў Раманчук: Гэта такі інтэгральны індэкс. Ён ацэньвае чыньнікі, якія ААН лічыць важнымі для разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Тут бяруцца пад увагу і эканамічныя паказчыкі, і ўзровень аховы здароўя, і адукацыя, і экалёгія, і іншыя. Безумоўна, усе гэтыя паказчыкі адносныя.

Той індэкс, які агучаны ўчора, адлюстроўвае сытуацыю на 2005 год. Але хачу адзначыць, што той паказчык, які мы атрымалі — 804 пункты, — ніжэйшы за той, які Беларусь мела ў 1994 годзе. Тады Беларусь была на 42 месцы.

Таму ўсё залежыць ад таго, з чым параўноўваць. Калі з краінамі трэцяга сьвету — гэта адно, а калі з краінамі нашага рэгіёну, то сытуацыя выглядае інакш”.

Чым вызначаецца цяперашні рэйтынг Беларусі?

Карбалевіч: Паводле вынікаў мінулага вызначэньня Беларусь займала 67 месца, цяпер — 64. Прычым Беларусь увайшла ў катэгорыю краін з высокім узроўнем разьвіцьця. Сярод краін СНД Беларусь займае найвышэйшае месца, але саступае краінам Балтыі, Польшчы. Як ацаніць месца Беларусі па гэтым паказчыку? Чым тлумачыцца рост рэйтынгу краіны ў гэтай сфэры?

Аляксандар Сасноў: Складана адным паказчыкам вымяраць розныя рэчы. Бо ён спрашчае сытуацыю ў краіне. Напрыклад, возьмем такі паказчык, як памер валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва. Калі выкінуць з яго субсыдыі Расеі (а гэта каля 1 тысячы даляраў на грамадзяніна Беларусі), то мы адразу значна апусьцімся ў гэтым сьпісе.

Па-другое, індэкс Беларусі павысіўся нязначна. Таму няма падстаў казаць пра значны зрух у разьвіцьці чалавечага патэнцыялу.

Па-трэцяе, трэба параўноўваць не з краінамі СНД, якія разьвіваюцца дрэнна, а з суседнімі краінамі Эўразьвязу. І вось тут Беларусь саступае.

Раманчук: Мы наперадзе Расеі толькі на два пункты. У 1992 годзе Беларусь у гэтым індэксе мела 866 пунктаў, Расея — 849. (А цяпер мы маем толькі 804 пункты). Яшчэ цікавей, што ў 1992 годзе мы стаялі ў гэтым сьпісе вышэй за Польшчу, Латвію і Літву. А сёньня Беларусь адстае ад гэтых краін на 20—25 пунктаў.

Паводле працягласьці жыцьця мы адстаем ад краінаў трэцяга сьвету
Іншая праблема. У нас стопрацэнтная сярэдняя адукацыя, вырасла колькасьць студэнтаў. Але чаму гэтыя колькасныя паказчыкі не трансфармуюцца ў якасьць? Чаму не расьце колькасьць высокатэхналягічнага экспарту, які складае толькі 3% у экспарце прамысловых тавараў? Гэта менш, чым ва Ўкраіне, Польшчы. А, напрыклад, у Ірляндыі гэты паказчык перавышае 80%, хоць у 70 гадах мінулага стагодзьдзя яна была беднай краінай.

Калі мы будзем разьвівацца такімі тэмпамі, то ў 2010 годзе нас апярэдзіць Кітай — паводле такога паказчыка, як валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва па парытэту пакупніцкай здольнасьці. А гэта выкрывае хібы створанай у Беларусі сацыяльна-эканамічнай сыстэмы.

Колькасьць ці якасьць?

Карбалевіч: Месца любой краіны ў гэтым рэйтынгу вызначаецца паводле трох паказчыкаў: росту валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва, узроўню адукацыі, працягласьці жыцьця. Асаблівасьці вызначэньня гэтых паказчыкаў у значнай ступені ўплываюць на месца краіны ў сусьветным рэйтынгу. Напрыклад, валавы ўнутраны прадукт у краінах з рынкавай эканомікай і з такой эканомікай, як у Беларусі, — гэта розныя рэчы. Бо амаль нідзе ў сьвеце праца суб’ектаў гаспадараньня не ацэньваецца паводле валавых паказчыкаў.

Тое ж можна сказаць і пра разьвіцьцё адукацыі. Сёньня больш за 40% выпускнікоў школ паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы і атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Але ў выніку росту гэтай колькасьці ўпала якасьць адукацыі. Пра гэта кажуць усе выкладчыкі ўнівэрсытэтаў. Але ў гэтым рэйтынгу якасьць ніяк не вымяраецца, а толькі колькасьць. У выніку Беларусь займае 33 месца паводле гэтага паказчыка.

А вось працягласьць жыцьця — гэта якасны паказчык, тут прыпіскі немагчымы. У выніку паводле гэтага паказчыка Беларусь займае толькі 106 месца.

Сасноў: Менавіта так. Паводле паказчыка працягласьці жыцьця мы адстаем ня толькі ад нашых суседзяў, але і ад краінаў трэцяга сьвету. І дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Таму гэты індэкс — толькі прыкладнае супастаўленьне розных краін, ён не адлюстроўвае рэальную сытуацыю ў кожнай краіне.

Раманчук: Сусьветны банк дасьледуе ўзровень дзяржаўнага кіраваньня. Паводле гэтага паказчыка сярод 212 краінаў Беларусь займае месцы паміж 195 і 202 (там улічваецца шэсьць розных фактараў).

У якой ступені гэты індэкс адлюстроўвае палітыку ўладаў?

Карбалевіч: Намесьнік міністра замежных спраў Гайсёнак адзначыў, што павышэньне месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу азначае правільнасьць выбару эканамічнага разьвіцьця. У якой ступені гэты індэкс адлюстроўвае палітычны курс уладаў? Што тут залежыць ад палітыкі дзяржавы, а што не?

Раманчук: Паводле вынікаў 2006 году Беларусь адстае ад Расеі па памеры валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва на 40%. А ў 2007 годзе, пасьля павышэньня цэнаў на энэргарэсурсы, мы атрымалі рост адмоўных паказчыкаў замежнага гандлю. Улады пачалі браць шмат замежных крэдытаў. За 2—3 гады такога разьвіцьця мы апынемся ў сытуацыі вялікай запазычанасьці зь неліквіднай і нестабільнай банкаўскай сыстэмай.

Сасноў: Ад палітыкі ўладаў залежыць вельмі шмат у гэтай сфэры. Калі б улады пачалі будаваць нармальную рынкавую эканоміку, а не арыентаваліся на танныя расейскія энэргарэсурсы, то мы ні ў чым не саступалі б краінам Балтыі, Польшчы. І атрымліваецца, што як толькі Расея падвысіла цэны, адразу ўзьняўся лямант. А далей будзе яшчэ горш. У той сацыяльна-эканамічнай сыстэмы, якая створана ў Беларусі, няма пэрспэктывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG