Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўвяла мараторый на свой удзел у “Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў закон аб прыпыненьні на нявызначаны час дзеяньня “Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе”. Раней за гэта прагаласавалі Дзярждума і Савет Фэдэрацыі.

Генэрал Мікалай Чаргінец — старшыня камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі, старшыня камісіі ў пытаньнях замежнай палітыкі Парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі — у інтэрвію “Свабодзе” 8 лістапада пасьля прыняцьця законапраекту Дзярждумай так акрэсьліў сытуацыю:

“Ну, гэта ж справа Расеі. Яе трэба разумець. Яе ж, шчыра кажучы, сапраўды надурылі Эўропа і Амэрыка, якія ініцыявалі прыняцьце “Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе”. Я Расею разумею, паколькі ў Захаду атрымалася шматразовая рэальная перавага ва ўзбраеньнях. Але гэта іхная справа. Мы гэтага пытаньня не разглядаем.

Асабіста я лічу, што нам выходзіць з Дамовы — прынамсі цяпер — ня трэба. Гэта дазваляе весьці адкрыты празрысты дыялёг. І трымацца сваіх дзеяньняў і дзеяньняў іншых краінаў”.

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў сёньня пракамэнтаваў для нашага радыё падпісаньне закону расейскім прэзыдэнтам:

“Ня думаю, што яна (Расея) будзе моцна ціснуць на Беларусь. Таму што гэта стане вядомым, і выкліча яшчэ большае абурэньне на Захадзе.

Цяпер гэта ня вельмі патрэбна. Я думаю, што з боку Расеі гэта хутчэй піяраўскія рэчы, якія робяцца пад выбары ў Думу.

Чаму? На самай справе ніякай пагрозы таго, што “Дамова аб звычайных узброеных сілах у Эўропе” не была ратыфікавана заходнімі краінамі, няма. Яны яе ўсё роўна выконвалі і не выбіралі свае квоты. І Расея гэта цудоўна ведае. Таму, я мяркую, усё гэта робіцца дзеля агітацыі электарату”.

Дамову аб звычайных узброеных сілах” падпісалі ў 1990 годзе. Празь дзевяць гадоў у Стамбуле прынялі яе мадэрнізаваны варыянт. Ён прадугледжвае нацыянальныя й тэрытарыяльныя ліміты на звычайнае ўзбраеньне. Беларусь разам з Расеяй, Казахстанам ды Ўкраінай уваходзяць у сьпіс чатырох краінаў, якія ратыфікавалі мадэрнізаваны варыянт Дамовы.

Краіны НАТО стамбульскага варыянту дагэтуль не ратыфікавалі. Яны тлумачаць гэта адмовай Расеі вывесьці войскі з Грузіі й Малдовы.

• М.Чаргінец: “Нам выходзіць з Дамовы, прынамсі цяпер, ня трэба”, 08.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG