Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90% прыгнаных у Беларусь з Захаду машын выпрацавалі свой рэсурс


Ігар Карней, Менск У "Начных досьледах" мы працягваем сэрыю пра бясьпеку на беларускіх дарогах. Як залежыць агульны паказьнік дарожна-транспартнай сытуацыі ад тэхнічнага стану аўтамабільнага парку? Як тэхніка ўплывае на аварыйнасьць, на колькасьць ахвяр ды пакалечаных?

Штогод у Беларусі рэгіструецца амаль 300 тысяч аўтамабіляў, а больш за 200 тысяч чалавек атрымліваюць пасьведчаньні кіроўцаў. Пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў, калі нават марыць пра асабісты транспарт было немагчыма, цяпер машыну можа дазволіць практычна кожная беларуская сям’я. Праўда, паводле ўпраўленьня інфармацыі Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі МУС Беларусі, зьнешне аптымістычная статыстыка нараджае іншую: шматразовае пашырэньне аўтапарку коштам не самых новых машынаў ужо адрэзанавала на паказьніку аварыйнасьці.

Абысьці тэхагляд можна і пры міліцыянтах, і пры цывільных

Пры тым, што фармальна патрабаваньні да агляду досыць жорсткія і зь першай спробы прайсьці тэхагляд – вялікая ўдача, але, як пераконваецца немалая колькасьць аўтааматараў, існуюць спосабы атрымаць сэртыфікат без заезду на лінію. З гэтай прычыны на дарогах па-ранейшаму гойсаюць машыны і без тармазоў, і на “лысай” гуме.

Згодна з інфармацыяй ДАІ, па выніках 2006 году ў Беларусі зарэгістравана 1 мільён 929 тысяч адзінак легкавога транспарту. Агульная колькасьць улічаных аўтамабіляў (з улікам грузавых, аўтобусаў і спэцыяльнай тэхнікі) на пачатак 2007-га перавысіла 2,5 мільёны. Болей за іншыя рэгіёны транспарту ў Менску – 512 тысяч у прыватным карыстаньні і 70 тысяч, зарэгістраваных на юрыдычных асобаў.

Абсалютная бальшыня зь іх выпрацавала свой рэсурс яшчэ да таго, як трапіла ў Беларусь: амаль 90% прыгнаных перагоншчыкамі з Захаду машынаў аўтаматычна трапляюць ў разрад “мэталалому”. Лішнім пацьверджаньнем таму – рэзкае падвышэньне колькасьці ўтылізаваных аўто. Толькі ў Менску зь ліпеня па кастрычнік камунальныя службы прыбралі з двароў 1 300 старых машын, кінутых гаспадарамі. Ідэнтыфікаваныя ўладальнікі атрымаюць прадпісаньні аб іх утылізацыі.

Як паведамілі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), новыя машыны толькі апошнім часам пачалі займаць спажывецкую нішу, тады як паўтара дзясяткі гадоў стаўка рабілася выключна на “сэканд-хэнд”. Так, паводле кіраўніцы асацыяцыі Людмілы Шабанавай, летась зарэгістравана рэкордная колькасьць новых аўто – больш за 10 тысяч. Дылеры чакаюць, што сёлета рэкорд будзе абноўлены: толькі ў I квартале зарэгістравана 3 300 новых аўтамабіляў, што амаль у 2,5 разы больш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2006 году (1 370 аўто):

“Калі б ня выйшаў указ прэзыдэнта пры канцы 2005 году, калі ўсё кардынальным чынам памянялася і далі магчымасьць юрыдычным асобам увозіць дакладна гэтак жа, як і індывідуалам, то ўсё пайшло б пад адхон. Усе дылеры былі літаральна на мяжы выжываньня. Яны ўжо папросту не маглі тут працаваць. А зараз “наверсе” схапіліся за галаву: маўляў, ай-ай, 90% машынаў увозіцца. Так, цяпер 90%, але ж раней афіцыйна ўвозілася 3-5% максымум, ад шалёнай колькасьці нелегальна ўвезеных у Беларусь аўто. А хто мог набываць па тых мытных тарыфах? Ніхто ня мог! Таму ўсе сродкі і заставаліся за мяжой, і падаткі плаціліся ў тую казну, дзе набываліся гэтыя аўтамабілі. А цяпер у іх іншая праблема – мы статыстыку псуем”.

Дылема беларуса: новы “Саманд” ці ўзроставы “амэрыканец”?

Незадавальненьне ўраду выкліканае надзвычай марудным выкананьнем плянаў на зборку ў Беларусі ліцэнзійных аўтамабіляў. З шэрагу заплянаваных вытворчасьцяў на гэты момант па некалькі дзясяткаў на год зьбіраюць іранскіх “Самандаў” (на плятформе ўжо маральна састарэлага “Пэжо-405”). Між тым, абвешчана пра намер асыміляваць у Беларусі кітайскіх і карэйскіх аўтавытворцаў. Менавіта гэтыя машыны ў будучым павінны скласьці касьцяк беларускага аўтапраму і выправіць пакуль несуцяшальныя працэнтныя суадносіны паміж імпартам і экспартам.

Аднак назіральнікі аптымізм уладаў не падзяляюць. Кіраўнік зьліквідаванай Міністэрствам юстыцыі Асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту Алег Маркевіч перакананы, што стаўка зробленая не на тое:

“Наконт якасьці казаць не бяруся, гэта потым ацэняць першыя пакупнікі. Але перакананы: балячкі абавязкова павылазяць. Таму што ліцэнзійная зборка ад пачатку мае на ўвазе, як у выпадку з “Самандам”, адыход ад францускіх тэхналёгій. Досьвед паказвае, што даччыная зборка як правіла кульгае ў параўнаньні з галаўным прадпрыемствам.

Нам цяпер увесь час кажуць, што Беларусь сямімільнымі крокамі ідзе да новых тэхналёгій. Дык давайце насамрэч ісьці да новых тэхналёгій! Давайце арыентавацца на ўсё самае перадавое, а не падбіраць сьмецьце, сэканд-хэнд у крыху абноўленай вопратцы”.

Вядучы аўтамабільнай рубрыкі ў газэце “Звязда” Мікола Дзябёла перакананы, што беларусы мусяць самі выбіраць, на якіх машынах ім езьдзіць. Але ён ня верыць, што нават новыя іранскія ці кітайскія машыны знойдуць у Беларусі рэальны попыт: за 10-12 тысяч даляраў, што прапануюць за “Саманд”, можна набыць куды больш вартага “немца”, “японца” ці “амэрыканца”:

“Беларусы маюць вельмі добры выбар. Мы знаходзімся ў Эўропе і можам параўноўваць аўтамабілі нават патрыманыя з новымі. Калі б мы знаходзіліся на бязьлюднай высьпе – справа іншая. Калі ў савецкія часы ведалі, што ў нас 3-4 мадэлі – “Волга”, “Жыгулі”, “Масквіч” – тады мы ня мелі выбару і карысталіся тым, што даюць. А ў дадзеным выпадку ў нас ёсьць выбар, і я лічу, што гэтыя аўтамабілі ня маюць пэрспэктывы, і яны доўга на нашым рынку не пратрымаюцца.

Безумоўна, калі ня будуць улады прымушаць прадпрыемствы, арганізацыі ці ўстановы проста набываць гэтыя аўтамабілі для службовага карыстаньня. Тады яны, магчыма, і будуць прадавацца. Для звычайнага пакупніка, які хоць крыху разумее ў аўтамабілях, які любіць камфорт і прэстыж, такія машыны ня маюць ніякай пэрспэктывы. Як кажуць ангельцы, мы не настолькі багатыя, каб купляць дрэнныя рэчы”.

Хто фармуе несуцяшальную статыстыку ДТЗ – кіроўцы ці пешаходы?, 19.11.2007 Э.Баланчук: “Нашая беларуская традыцыя – мы дапамагаем адзін аднаму”, 18.10.2007 Беларускі аўтапрам легалізуе ірана-кітайскую экспансію, 10.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG