Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзвычайнае становішча ў Грузіі выратавала бізнэс і інвэстыцыі


Коба Ліклікадзэ, Тбілісі Учарашняя сустрэча лідэраў грузінскай апазыцыі са сьпікерам парлямэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ не прынесла вынікаў, але бакі дамовіліся пра новую сустрэчу ў панядзелак. Гэта быў першы кантакт уладаў з апазыцыяй ад часу увядзеньня рэжыму надзвычайнага стану.

Самі прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі і сьпікер парлямэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ назвалі гэтую сустрэчу візытам ветлівасьці.

Ніякія пытаньні ў часе сустрэчы апазыцыі і сьпікера ня былі вырашаныя, але бакі ўзгаднілі парадак дня і час наступнай сустрэчы ў панядзелак.

Але як стала вядома са словаў прадстаўнікоў аб’яднанай апазыцыі, яны запатрабавалі, каб урад “адмяніў рэжым надзвычайнага становішча, спыніў перасьлед палітычных апанэнтаў і фабрыкацыю судовых справаў супраць іх і каб была дадзеная магчымасьць СМІ аднавіць сваю працу”.

Гэта было асноўнае патрабаваньне апазыцыі, выказанае ў часе сустрэчы. Старшыня парлямэнту Грузіі Ніно Бурджанадзэ канкрэтна не адказала і ніяк не камэнтавала гэтае патрабаваньне апазыцыі, але сказала толькі, што урад адменіць рэжым надзвычайнага стану у бліжэйшыя дні.

Але была вельмі цікавая сустрэча прэзыдэнта Саакашвілі з грузінскімі бізнэсоўцамі, якая працягвалася паўтары гадзіны. Прэзыдэнт гаварыў пра тое, што ў Грузіі рыхтуецца дзяржаўны пераварот, пра небясьпеку для дзяржавы, з-за чаго і было уведзенае надзвычайнае становішча.

Саакашвілі казаў, што паводле эканамічных паказьнікаў краіна выходзіць з крызысу. Калі яго запыталіся, калі будзе адмененае надзвычайнае становішча, Саакашвілі сказаў, што “толькі тады, калі гэта палічыць патрэбным урад Грузіі, а не тыя нашы калегі і некаторыя міністры замежных спраў, якія спрабуюць нам дыктаваць, як нам дзейнічаць”.

Каго канкрэтна меў на увазе Саакашвілі, ён не сказаў, а запытацца не было каму. У журналістаў пры рэжыме надзвычайнага стану няма права задаваць прэзыдэнту пытаньні. А ў бізнэсоўцаў, якія былі на сустрэчы, ня было жаданьня задаваць такія пытаньні – яны казалі, што надзвычайнае становішча – вельмі разумны крок, які выратаваў у Грузіі бізнэс.

Цяпер у Грузію прыехала шмат уплывовых асобаў з Захаду, і існуе вялікі ціск на ўрад Грузіі з мэтай адмены рэжыму надзвычайнага стану. Рэжым гэты ні ў чым не адчуваецца, апрача як у абмежаваньні дзейнасьці СМІ.

Міжнародная супольнасьць і апазыцыя патрабуюць адмены рэжыму надзвычайнага стану. Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Сааакашвілі заяўляе, што надзвычайнае становішча ўведзенае, каб прадухіліць небясьпеку з боку дзеяньняў расейскіх спэцслужбаў, якія ён абвінавачвае у датычнасьці да крызысу ў Грузіі. Расея адхіляе абвінавачваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG