Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікаюць грузінскія ўлады і апазыцыю да кампрамісу


Радыё Свабода Намесьнік дзяржсакратара ЗША Мэт’ю Брыза накіраваны ў Тбілісі з пасланьнем амэрыканскага кіраўніцтва да грузінскага. У чым сутнасьць гэтага пасланьня, ён расказаў у эксклюзіўным інтэрвію для Радыё Свабода.

Брыза: “Маё пасланьне – гэта пасланьне дзяржсакратара Кандалізы Райс, якая заклікае да адмены надзвычайнага становішча ў Грузіі і аднаўленьня працы ўсіх СМІ ў краіне. Перадусім, таму, што мы разумеем: гэта ключавыя крокі для забесьпячэньня свабоды і сумленнасьці выбараў, абвешчаных прэзыдэнтам Саакашвілі.

Учора мы адзначылі, што вітаем заяву прэзыдэнта Саакашвілі. І гэтая заява нагадвае нам, наколькі важная Грузія для ЗША ў стратэгічным пляне – у сілу сваёй прыхільнасьці да дэмакратыі. Мы – сябры Грузіі і ўсіх тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў гэтай краіне”.

Карэспандэнт: “Прэзыдэнт Саакашвілі кажа, што 7 лістапада была ўратаваная ня толькі грузінская дзяржава, але і грузінская дэмакратыя. Але ці насамрэч можна ўратаваць дэмакратыю з дапамогай дручкоў і сьлезацечнага газу?

Брыза: “Дэмакратыю ў Грузіі можна будзе ўратаваць у тым выпадку, калі лідэры ўраду і апазыцыі сядуць за стол перамоваў і будуць дзейнічаць супольна, у духу кампрамісу і сяброўства, калі яны распрацуюць канкрэтныя крокі па ўмацаваньні дэмакратычных інстытутаў у Грузіі. Вось як трэба аднаўляць дэмакратыю.

Мы выказваем шкадаваньне, што была скарыстаная празьмерная сіла і наагул сіла. Мы таксама хочам быць упэўненымі ў тым, што абодва бакі – і ўрад, і апазыцыя – думаюць пра канструктыўны рух наперад. А абвінавачваць прэзыдэнта Саакашвілі ў тым, што ён тэрарыст альбо злачынца, альбо заклікаць да яго зьвяржэньня неканстытуцыйнымі мэтадамі – неканструктыўна. Але гэтаксама ж неканструктыўна адмаўляцца ад перамоваў зь людзьмі, якія прытрымліваюцца іншых поглядаў.

Падзеі 7 лістапада шакавалі нас, але застаецца шмат магчымасьцяў для таго, каб вярнуць усю сытуацыю ў цэлым на ранейшыя рэйкі пасярэдніцтвам сумленных і свабодных выбараў".

Карэспандэнт: “Ці зьбіраецеся вы сустракацца зь лідэрамі апазыцыі?"

Брыза: "Абавязкова. Я сустракаюся зь імі падчас кожнага наведваньня Грузіі. Нядаўна яны былі ў Вашынгтоне. У апазыцыйным руху ў мяне столькі ж шмат сяброў, як і ва ўрадзе. Прынамсі, я спадзяюся, што не памыляюся ў тым, што яны мае сябры”.

Карэспандэнт: “На прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве міністар замежных спраў Расеі сказаў, што расейскі бок не дыктуе грузінскім палітыкам, што і як яны павінны рабіць. А амэрыканскі?”

Брыза: “Таксама не. Грузія – сувэрэнная дзяржава з сувэрэнным урадам і прэзыдэнтам, які атрымаў на апошніх выбарах 97% галасоў. Грузія – наш сябар, і нам нават ня трэба рабіць ніякіх заяў, якія падкрэсьлівалі б наша неўмяшальніцтва. Гэта і так зразумела. Мы разглядаем Грузію як сябра і як партнэра”.

Карэспандэнт: “8 лістапада сьпікер Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак сказаў, што ЗША расчараваныя ўвядзеньнем у Грузіі надзвычайнага становішча. Што азначае гэтае расчараваньне? Магчыма, тое, што падтрымка Грузіі ў пытаньні ўступленьня ў НАТО будзе меншай?”

Брыза: “ЗША вераць, што пашырэньне НАТО і ўключэньне Грузіі ў гэтую арганізацыю, калі Грузія будзе адпавядаць усім крытэрам сяброўства ў ёй, уваходзіць у сфэру нашых асноўных нацыянальных інтарэсаў. Мы спадзяемся, што Грузія пасьпяхова пераадолее цяжкі пэрыяд у сваім жыцьці. Цяпер мы ні ў якім разе не гатовыя сказаць, што краіна канчаткова сышла з шляху дэмакратызацыі. Але мы гатовыя сказаць, што цалкам падтрымліваем яе памкненьне ўвайсьці ў НАТО – вядома, пры ўмове адпаведнасьці ўсім крытэрам”.

• ЗША заклікаюць Грузію "неадкладна адмяніць надзвычайнае становішча", 10.11.2007 • Саакашвілі абвясьціў новыя выбары прэзыдэнта Грузіі, 8.11.2007 • Грузія: кіраўнік апазыцыйнай партыі арыштаваны за сувязь з расейскімі спэцслужбамі, 8.11.2007 • Давід Какабадзэ: “Падзеі ў Тбілісі – гэта ўдар па дэмакратыі”, 7.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG