Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблема кампэнсацыі ўкладаў зьнікне са сьмерцю ўкладальнікаў?


Ігар Карней, Менск У Беларусі ёсьць людзі, якія адмаўляюцца атрымліваць кампэнсацыі па банкаўскіх укладах. Наш карэспандэнт пагутарыў з такімі людзьмі, а таксама высьвятляў пазыцыю афіцыйнага боку.

За два “Жыгулі” – каструля і скрыня гарэлкі

Сям''я пэнсіянэраў Куксо з Івянца страціла ў выніку грашовай рэформы пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя 11 тысяч савецкіх рублёў. Тады на гэтыя грошы можна было набыць 2 машыны “Жыгулі”. Пасьля індэксацыі пры канцы 1990-х старыя набылі рондаль і асеньнія боты для гаспадыні, спадарыні Ніны, а таксама скрыню гарэлкі для спадара Мікалая. Аднак днямі Куксам затэлефанавалі зь мясцовага аддзяленьня “Беларусбанку” і запрасілі ў банк, каб закрыць рахункі – на той падставе, што там мала грошай:

“А я супраць гэтага, бо ці мала яшчэ што будзе? Гэта мае мазольныя грошы, ляжаць – і няхай ляжаць. Каму яны перашкаджаюць?”

Карэспандэнт: “А ў “Беларусбанку” такую неабходнасьць чым матывуюць?”

“Ды нічога ня кажуць. Толькі, маўляў, што грошай мала, дык трэба закрыць рахунак. Але я супраць. Таму што я нажывала гэтыя грошы ў той час мазалём сваім, яны былі вялікія, і мне трэба было вялікую працу ўкласьці ў іх. Дык чаму цяпер я павінна ад іх адмовіцца? А яшчэ, я кажу, нешта зьменіцца, і я гэтыя грошы атрымаю так, як трэба. Таму так сябе і паводжу. Бо куды ж гэта варта? Гэты прэзыдэнт абяцаў, што за страчаныя грошы дасьць халадзільнік, тэлевізар. Людзі ж верылі і чакаюць па сёньняшні дзень. Калі я ў гэта ня верыла, то й не чакаю. Але чакаю, каб атрымаць свае грошы, якія ў мяне былі. А не тэлевізар з халадзільнікам – мяне гэтымі манкамі нябеснымі ня трэба карміць”.

А якая сытуацыя з кампэнсацыяй укладаў у іншых постсавецкіх краінах, грамадзяне якіх у 1991-м гэтаксама страцілі свае ашчаджэньні? Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, у Азэрбайджане 1 савецкі рубель прыраўнаваны да 1 даляра (прыкладна 2140 беларускіх рублёў). У Літве савецкі рубель каштуе 1 літ (каля 30 эўрацэнтаў, ці 830 беларускіх рублёў). У Расеі за кожны савецкі рубель даюць у эквіваленце 165 беларускіх рублёў, у Эстоніі – 21,4 рубля. Кампэнсацыя ў Беларусі праводзіцца з разьліку 1,7 беларускага рубля за 1 рубель савецкага пэрыяду.

Дзе ўзяць 30 мільярдаў на кампэнсацыю?

Сёлета завяршыўся тэрмін дзеяньня ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 1998 году “Аб кампэнсацыі абясцэненых укладаў і аблігацыяў мэтавай беспрацэнтнай пазыкі 1990 году...”. Яшчэ пры канцы мінулага году прэм''ер-міністар Сяргей Сідорскі паабяцаў новы этап кампэнсацыі савецкіх укладаў, які так і не пачаўся.

Паводле падлікаў Нацыянальнага банку Беларусі, у выніку грашовай рэформы савецкага ўраду 1991 году беларусы страцілі больш за 30 мільярдаў савецкіх рублёў. Аднак, як кажа прадстаўнік Нацбанку Анатоль Драздоў, канкрэтныя захады для кампэнсацыі ўкладаў грамадзянам ажыцьцявіць складана – на гэтыя мэты неабходна было б знайсьці дзясяткі мільярдаў даляраў:

“Я памятаю, было некалькі гадоў таму даручэньне прэзыдэнта: вывучыць гэтае пытаньне. Яно было вывучанае, у тым ліку й Нацбанкам. Мы выказалі свае прапановы. Але, разумееце, у чым праблема? Няма грошай! Пры пэўным разьвіцьці ў эканоміцы іх знайсьці, безумоўна, можна. Але ўявіце, колькі сродкаў для гэтага неабходна! Нават калі прыраўнаваць адзін да аднаго да даляра (ня будзем ужо браць курс 1 даляр = 62 капейкі, які тады быў афіцыйна), то цана пытаньня – 30 мільярдаў даляраў. І гэта пры дзяржаўным бюджэце 20 мільярдаў! Вось і палічыце: дзе такую суму ўзяць, тым болей у такой складанай сытуацыі. Карацей, гэтае пытаньне пакуль што замерла. І аб’ектыўна няма да Нацыянальнага банку ў гэтым пытаньні ніякіх прэтэнзіяў”.

Замест грошай – лядоўні ды тэлевізары?

У 1996 годзе Аляксандар Лукашэнка паабяцаў стварыць спэцыяльны кампэнсацыйны фонд, у якім назапашваліся б 50% сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці. Значную частку прыбыткаў меркавалася пераадрасаваць пацярпелым укладчыкам. Аднак празь некалькі гадоў Лукашэнка заявіў, што для індэксацыі сродкаў да ўзроўню савецкага часу неабходна некалькі мільярдаў даляраў, а лішніх грошай у бюджэце няма.

“Трэба будаваць дарогі, жыльлё, забясьпечыць мэдычнае абслугоўваньне”, – апраўдваўся Лукашэнка. Пры гэтым падкрэсьліваў, што ад праблемы дзяржава не адходзіць і будзе шукаць варыянты яе вырашэньня. Потым былі абяцаньні перайсьці ад грашовых на таварныя адносіны: пацярпелым казалі пра кампэнсацыю тэлевізарамі, лядоўнямі, пральнымі машынамі і іншымі таварамі беларускай вытворчасьці.

Савецкія ўклады перацяклі да махляроў?

Як лічыць эканаміст Аляксандар Чубрык, з улікам закрытасьці беларускай эканомікі разьлічваць на залучэньне інвэстыцыяў, з дапамогай якіх можна было б індэксаваць страчаныя ўкладаньні, маларэальна:

“І дагэтуль Беларусь ня вызначалася вялікімі посьпехамі ў залучэньні інвэстыцыяў. Праблема ў тым, што калі ў тых жа Ўкраіне, Расеі адбываецца прыватызацыя, бізнэс разьвіваецца, то Беларусь у гэтым сэнсе даволі зачыненая краіна. У нас большасьць інвэстыцыяў – гэта крэдыты кампаніяў, якія ўтварылі ўжо даволі даўно ў Беларусі свае даччыныя прадпрыемствы і цяпер інвэстуюць у іх, даюць ім свае пазыкі, а гэтыя даччыныя прадпрыемствы тыя пазыкі праз пэўны час вяртаюць назад. Прыкладаў новых капіталаў зусім няшмат. І відавочна чаму – бо няма ні прыватызацыі, ні стварэньня новага бізнэсу менавіта з-за такой дзяржаўнай палітыкі – што тычыцца інвэстыцыяў і прыватызацыі”.

Прадстаўнік Нацбанку Анатоль Драздоў кажа, што ад канца 1990-х гадоў разглядалі розныя варыянты кампэнсацыі страчаных укладаў. Банк прапаноўваў выпускаць каштоўныя паперы, падмацаваныя ўрадавымі гарантыямі, паколькі выплаты мелі б ажыцьцяўляць зь бюджэту. Браць замежныя крэдыты пад выплаты, на думку дзяржаўных фінансістаў, было ня надта разумна. Фармальна грошы можна было б пашукаць у тых, хто на пачатку 1990-х за бесцань скупляў дзяржаўную маёмасьць і цяпер мае мільярды. То бок грошы ў прыродзе ёсьць, яны проста зьмянілі ўласьніка. Але гэта ўжо наўрад ці калі стане набыткам галоснасьці.

Апытаньне: якія льготы нельга адмяняць ні ў якім разе?, 5.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG