Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны дзякуюць Сталіну за тое, што ён іх выслаў”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. 29 кастрычніка 1937 году ў Менску расстралялі больш за сто прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Ці пацярпела ваша сям’я ад сталінскіх рэпрэсіяў і што вы думаеце пра той час? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт

Малады спадар: “Пацярпелі мае прабабка і прадзед, якія былі сасланыя на Ўрал. Трапілі потым у агульную яму, там дваццаць чалавек разам хавалі. Гэта было ў 1931 годзе, троху раней, яны жылі ва ўсходняй Беларусі й трапілі пад раскулачваньне… У нас у грэка-каталіцкай парафіі сёньня ўвечары будзе адбывацца боская літургія па ўсіх нявінна закатаваных у гэты дзень менавіта”.

Спадар: “Па лініі маёй маці на Львоўшчыне, у Прыкарпацьці, многа было закатавана сваякоў, а іншыя вярнуліся зь Сібіры, адседзеўшы пятнаццаць гадоў. Гэты дзень нам трэба памятаць”.

Спадар: “Што я магу сказаць? Мой дзед аддаў усё, і яго ня выслалі, аддаў сто дваццаць гектараў зямлі зь лесам і застаўся жывы. А маміна радня трапіла ў Архангельск, а адтуль, калі пачалася вайна, — у армію Андэрса. Яны ўсе апынуліся ў Англіі й дзякуюць Сталіну за тое, што ён іх выслаў. Яны засталіся ў выніку задаволеныя”.

Спадар: “Мой дзед пацярпеў, ён быў сьвятаром, дзесяць гадоў на Салаўках адбыў”.

Сталы спадар: “Шчыра кажучы, Ельцын дарэмна не забараніў камуністаў. Столькі нарабілі! Такога ж не было ні ў аднаго народу за ўсю гісторыю. Гэта быў самы жахлівы рэжым”.

Спадар: “Не, апраўдваць нельга, столькі народу палегла нармальнага. Гэта трэба ведаць і памятаць, каб у будучыні не паўтаралася. Хаця гэтага пазьбегчы цяжка”.

Спадар: “Я ўстрымаюся пакуль ад такіх адказаў. Вы ведаеце, у наш час лепей устрымацца. Тут лішні крок направа, крок налева — караецца ўсё. Ну, пакуль што яшчэ не расстрэл, але я думаю, што хутка да гэтага дойдзе”.

Сталы спадар: “Не, з маіх родных ніхто ня быў рэпрэсаваны, я таксама ня быў. Я быў у партызанах, у брыгадзе імя Чапаева. А калі Беласток аддалі палякам, нас у Горадню перакінулі, ну і тут у органах працаваў па барацьбе з бандытызмам”.

Карэспандэнт: “А што вы думаеце пра рэпрэсіі?”

Сталы спадар: “Тут можна адно сказаць, што калі чалавек, як кажуць, у чымсьці вінаваты, канечне, даводзілася яго да рук прыбіраць. А так: ну якія там рэпрэсіі?”

На здымку: У Горадні ёсьць памятная шыльда, што знаходзіцца на доме Саюзу палякаў, яна прысьвечаная палякам, якія пацярпелі ў гады сталінскага тэрору

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG