Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Віцебск 500 гадоў таму: тут былі ВКЛ, Расея альбо Кіеўская Русь?


Радыё Свабода, Віцебск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Віцебскія мінакі адказвалі на пытаньні карэспандэнткі Радыё Свабода пра гісторыю Беларусі і ролю знакамітых землякоў у гэтай гісторыі.

Карэспандэнтка: "Віцебск 500 гадоў таму ў якую дзяржаву ўваходзіў?"

Дзяўчына: "Я ня памятаю". (сьмяецца)

Хлопец: "Я ня ведаю, я зь Берасьця".

Карэспандэнтка: "А горад Берасьце тады ў якой дзяржаве быў?"

Хлопец: "500 год таму? У Вялікім Княстве Літоўскім".

Спадарыня: "Не, ну гэта Расея была!"

Карэспандэнтка: "500 гадоў таму?"

Спадарыня: "Так. Ці, можа, Кіеўская Русь? Ня ведаю!"

Карэспандэнтка: "А ці гаворыць вам пра што-небудзь імя Леў Сапега?"

Хлопец:"Гэта вялікі канцлер вялікага Княства Літоўскага. Ён выдаў Статут пра... А вось пра што Статут, я й ня памятаю. Думаю, гэтага дастаткова ведаць".

Дзяўчына: "Гэта беларускі дзеяч. Знакаміты".

Карэспандэнтка: "А ў якой галіне дзеяч? Чым ён вядомы?"

Дзяўчына: "У яго, здаецца, ёсьць нейкія творы. Калі я не памыляюся..."

Карэспандэнтка: "А вы ня ведаеце, дзе ён нарадзіўся? Ён жа нарадзіўся на Віцебшчыне".

Дзяўчына: "Не!"

Хлопец:"Не, ня ведаю".

Карэспандэнтка: "Ёсьць такая гістарычная асоба – Леў Сапега. Ён нарадзіўся ў мястэчку Астроўна за 20 км ад Віцебску. Вам вядома пра яго што-небудзь?"

Дзяўчына: "Гэта канцлер ВКЛ".

Карэспандэнтка: "ВКЛ – гэта што за дзяржава такая?"

Дзяўчына: “Вялікае Княства Літоўскае, была такая дзяржава на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы. Сталіцай была Вільня. Гэта моцнае княства было".

Карэспандэнтка: "І колькі год таму гэта было?"

Дзяўчына: "Ой, я ня памятаю!"

Карэспандэнтка: "А хто такі Язафат Кунцэвіч? Што вы пра яго чулі? Як ягоны лёс зьвязаны з Віцебскам?"

Спадарыня: "Хто?"

Карэспандэнтка: "Язафат Кунцэвіч".

Спадарыня: "Хто-хто? Адкуль я магу ведаць? Можа, чула нешта... Не, ня чула. Ня ведаю. Ну, вы і пытаньні задаеце..."

Хлопец: "Кунцэвіч? Вось ня ведаю. А гэта зьвязана з гісторыяй Віцебска?"

Карэспандэнтка: "Так, ён быў забіты ў Віцебску ў 1621 годзе. На той час ён быў уніяцкім біскупам".

Спадар: "А, гэтага ведаю. Ён быў каталіцкі сьвятар. І яго забілі віцябляне. Ці не?"

Карэспандэнтка: "А за што забілі?"

Спадар: "За што? Ну, не падабаўся ён ім, вось і забілі".

Дзяўчына: "Кунцэвіч? Таксама нейкі выбітны беларускі дзеяч. Вось прозьвішча я напэўна чула, а хто такі – ня памятаю!"

Другая дзяўчына: "Гэта з рэлігіяй неяк зьвязана. Ці не? Пэўна, усё ж так. Не, я зараз не ўзгадаю..."

Карэспандэнтка: "Што вы так няпэўна адказваеце? Можа, бянтэжыцеся?"

Дзяўчына: "Не. Проста гісторыю Беларусі трэба лепей вывучаць!"

Камэнтар грамадзкага рэдактара Лявона Вольскага:

Для большасьці народу Сапега як бы наагул нешта прывіднае. Калі я ў школе вучыўся, то мала чым адрозьніваўся: незразумела, як канцлер – дык нешта тады нямецкае або польскае. Але тая мінуўшчына Польшчы ну зусім ужо невядомая… Ня так даўно, праўда, пра тую постаць “калярытна” выказаўся кіраўнік нашай дзяржавы. Аднак і гэта нічога не палепшыла ў разуменьні народам стану з Сапегам, іншымі канцлерамі ды выбітнымі беларускімі асобамі…Такая вось сумная справа.

Людзі прызвычаіліся, што цягам аднаго часу мы жылі з Расеяй у адной дзяржаве. Аднак ніхто ня ведае, што мы і з Польшчай жылі некалі ў адной дзяржаве. І з Украінай некалі жылі ў адной дзяржаве.

А вось палякі пра тое выдатна ведаюць. Ды й украінцы ў большасьці, як ні дзіўна. Я пераканаўся ў гэтым, калі быў у адным мястэчку на Луччыне. “Во як мова падобная!” У адказ: “Лішне казаць: мы ж некалі ў адным Вялікім Княстве жылі...”

У нас тое веданьне каранёў мэтанакіравана вынішчанае. Прапагандуецца хіба з найбольшым плёнам толькі савецкае збліжэньне нацыяў і народнасьцяў у адну аднародную плынь, што размаўляе збольшага па-расейску.

Але тое як бы “слияние города и деревни” – зусім не навечна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG