Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ініцыюе скарачэньне міжнародных назіральнікаў на выбарах у 10 разоў


Ігар Карней, Менск У Партугаліі пачаўся саміт Расея — Эўразьвяз. А напярэдадні ў Лісабоне ад імя Расеі распаўсюджаны праект дакумэнту, у якім прапануецца абмежаваць паўнамоцтвы назіральнікаў АБСЭ на выбарах у краінах СНД. Паведамляецца, што ўлады Расеі ўзгаднілі гэты праект з кіраўніцтвам Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізіі, Таджыкістану і Ўзбэкістану 5 кастрычніка падчас саміту ў Душанбэ. У адпаведнасьці зь ім, назіральнікі ад АБСЭ павінны ажыцьцяўляць маніторынг выбараў у краінах-сябрах арганізацыі без падзелу на катэгорыі. У выпадку ўхваленьня дакумэнту краінамі АБСЭ, у СНД будуць дасылацца не пашыраныя місіі колькасьцю ад паўтысячы чалавек, а стандартныя — паўсотні экспэртаў.

Прапанаваны Расеяй праект можа быць разгледжаны 30 лістапада на паседжаньні міністраў замежных справаў краінаў-сябраў АБСЭ.

Дакумэнт, у прыватнасьці, рэкамэндуе назіральнікам АБСЭ ўстрымлівацца ад ацэнак выбараў да канчатковага агалошваньня вынікаў галасаваньня.

Таксама ўдакладняецца, што высновы назіральнікаў будуць адсылацца ў Сталую Раду АБСЭ, дзе любая краіна можа накласьці вэта на рашэньне, што істотна абмяжоўвае магчымасьці місіі назіральнікаў.

М.Лазавік: “У ЗША — 20 назіральнікаў, а як у Беларусь — 800!”

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік бачыць у падобнай ініцыятыве рацыянальнае зерне. Ён зазначыў, што агучанае цяпер Расеяй пытаньне раней неаднаразова ўздымалася ў Беларусі:

“У нас пазыцыі ў гэтым пытаньні супадаюць. Шмат агульнага ў працы нашых Цэнтравыбаркамаў — як добрыя сябры і суседзі шмат у якіх пытаньнях мы раімся. І пункты гледжаньня на гэтыя пытаньні ў нас супадаюць. Яны выказалі такі пункт гледжаньня, наш пункт погляду выказваўся яшчэ раней. І нашы пазыцыі ў тым жа рэчышчы атрымліваюцца.

Зьвярніце ўвагу: у Злучаных Штатах на прэзыдэнцкіх выбарах місія АБСЭ складалася з 21 чалавека; у Польшчы, паводле той інфармацыі, якой я на сёньняшні дзень валодаю, “ажно” 12 чалавек (з улікам, што там і кватэра Бюро ў дэмакратызацыі і правоў чалавека АБСЭ знаходзіцца). Ну, а ў Беларусі меней за 700—800 не бывае. Камэнтуйце як заўгодна, але ніякага параўнаньня няма”.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына наўпрост заявіла: “непрапарцыйна вялікая” колькасьць міжнародных назіральнікаў не працуе на карысьць выбарчага працэсу, а перашкаджае яму, ствараючы пэўную палітызаванасьць.

Э.Браніцкая: “Расейскім назіральнікам без АБСЭ будзе цяжка”

За леташнімі прэзыдэнцкімі выбарамі, згодна са зьвесткамі Цэнтравыбаркаму, назіралі 440 экспэртаў з 35 краінаў АБСЭ і больш за сто назіральнікаў ад Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Паводле незалежных экспэртаў, некалькі дзясяткаў міжнародных назіральнікаў былі выстаўленыя зь Беларусі ўжо ў часе выбараў ці не атрымалі беларускіх візаў.

А чацьвёра сябраў няўрадавай арганізацыі “Партнэрства”, якія меліся ажыцьцяўляць паралельнае назіраньне за выбарамі, трапілі за краты за “спробы фальсыфікацыі выбараў” яшчэ задоўга да іх правядзеньня.

Адна з актывістак “Партнэрства”, цяпер каардынатарка Камітэту ў абарону рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Эніра Браніцкая лічыць: перадусім думскія й прэзыдэнцкія выбары ў Расеі спрычыніліся да зьяўленьня ініцыятывы абмежаваць колькасьць міжнародных назіральнікаў:

“Арганізацыя ўнутранага назіраньня ў Расеі “Голас” цяпер мае вельмі шмат праблемаў у сваёй дзейнасьці. І ў любым выпадку назіраньне АБСЭ было б дапамогай гэтай расейскай арганізацыі. Калі ўрэшце ня будзе місіі АБСЭ дастатковага памеру, то проста ня будзе ніякіх мэханізмаў ацэнкі выбараў”.

Карэспандэнт: “Варта згадаць, што і ў Беларусі неўзабаве адбудзецца чарговая выбарчая кампанія — выбары ў Палату прадстаўнікоў”.

“Нягледзячы на мяккую пазыцыю АБСЭ ў многіх пытаньнях, справаздачы па Беларусі застаюцца даволі жорсткімі. Гэта практычна ўнікальны выпадак, таму што па шэрагу праблемных краінаў справаздачы АБСЭ былі ўжо досыць мяккія, напрыклад, па Азэрбайджане.

Але па Беларусі, на зьдзіўленьне, яны ўсё такія ж жорсткія. І я лічу, што гэта таксама можа быць нашай палітыкай — каб ня даць правесьці нармалёвага назіраньня”.

У.Рыжкоў: “Расейскі Цэнтравыбаркам даўно ў фарватэры Крамля”

Сярод тых, каго беларускі Цэнтравыбаркам адмовіўся летась акрэдытаваць як міжнародных назіральнікаў на выбарах, быў і дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзімер Рыжкоў.

Палітык кажа, што ідэю абмежаваць доступ экспэртаў заклаў яшчэ папярэдні старшыня Цэнтравыбаркаму Расеі Аляксандар Вешнякоў. Менавіта ён, паводле Рыжкова, зрабіў падначаленую структуру дадаткам Крамля:

“Я лічу, што гэта адна з самых нэгатыўных эпохаў у гісторыі расейскага выбарчага права і ў гісторыі расейскіх выбараў. І ўвесь нэгатыў гэтых гадоў наўпрост зьвязаны з асобай Вешнякова”.

Карэспандэнт: “І пасьля яго сыходу з пасады на зьмены вы не разьлічваеце?”

“Я перакананы, што Цэнтравыбаркам Расеі даўно перастаў быць самастойным органам і знаходзіцца цалкам у фарватэры Крамля. Так што, чакаць якіхсьці сур’ёзных зьменаў не даводзіцца”.

Год таму Аляксандар Лукашэнка ў часе прэс-канфэрэнцыі з украінскімі журналістамі заявіў, што быў вымушаны сфальсыфікаваць вынікі выбараў. То бок, абвясьціць больш нізкую колькасьць галасоў, чым рэальна атрымаў.

Паводле яго, 19 сакавіка 2006-га яго падтрымалі 93,5% выбарцаў. Але, каб пазьбегнуць крытыкі за не зусім “эўрапейскі паказьнік”, Лукашэнка нібыта загадаў Цэнтравыбаркаму зьнізіць электаральную падтрымку на 10%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG