Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Габрэяў у беларускіх вёсках даўно няма. Адкуль тады занядбанасьць і ўбоства?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У гэтыя апошнія дні кастрычніка, калі многія ў Беларусі рыхтуюцца адзначаць Дзень памінаньня продкаў, Дзяды, у нашай пошце нямала лістоў-успамінаў і лістоў-развагаў пра драматычныя падзеі савецкай гісторыі — сталінскія рэпрэсіі ды іншыя бальшавіцкія злачынствы супраць уласнага народу.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Нам піша Павал Важнавец зь Менску:

“Ніколі ня чуў, каб наш прэзыдэнт выказваўся пра сталінскія рэпрэсіі. Цікава, ці ён іх ухваляе, ці асуджае? Калі асуджае, дык чаму ў Курапатах дагэтуль няма годнага мэмарыялу? Няблага было б задаць яму такое пытаньне на якой-небудзь прэсавай канфэрэнцыі.

Вось ня ведалі ў сьвеце пра сапраўднае стаўленьне нашага прэзыдэнта да габрэйскага пытаньня. А выказаўся Аляксандар Рыгоравіч — і адразу ўсё стала зразумела. Сьвет ажно здрыгануўся, бо даўно такога ня чуў. Вось, аказваецца, адкуль бруд і заняпад у нашых гарадах і вёсках.

Аднаго толькі не зразумею: габрэяў у беларускіх вёсках даўно, яшчэ з вайны, няма. Адкуль жа тады занядбанасьць і ўбоства: шэрыя пахілыя хаткі й платы, непралазная багна на вуліцах, беднасьць і нават галеча?

Маю на ўвазе ня некалькі дзясяткаў цэнтральных сядзібаў, так званых аграгарадкоў, а тысячы і тысячы звычайных беларускіх вёсак, куды ніколі не ступала і ня ступіць нага прэзыдэнта. Няўжо ён пра гэта ня ведае?”

Сапраўды, спадар Важнавец, пэўных і запамінальных ацэнак сталінскага пэрыяду беларускай гісторыі з вуснаў лідэра Беларусі дагэтуль не гучала.

Хоць пра сапраўднае стаўленьне цяперашняй улады да сталінскай спадчыны зь некаторых красамоўных дэталяў можна меркаваць даволі пэўна.

Зьяўленьне пад Менскам узьведзенага за дзяржаўны кошт мэмарыялу “Лінія Сталіна”, сталінскія барэльефы на некаторых будынках, партрэты генэралісымуса на афіцыйных мітынгах — усе гэтыя факты выстройваюцца ў адзін лягічны ланцужок.

І даюць даволі дакладны адказ на пытаньне пра тое, чаму ў Курапатах няма годнага помніка, а ніводзін са сталінскіх злачынцаў, якія асуджалі на сьмерць невінаватых людзей, не паўстаў перад судом.

Наступны ліст ад Мікалая Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Слухач таксама разважае пра адказнасьць за злачынствы камунізму. Ён піша:

“З Радыё Свабода даведаўся, што 3 лістапада патрыятычная моладзь на чале з Паўлам Севярынцам рыхтуе акцыю пад назвай “90 гадоў зьдзеку з народу”, каб па-свойму адзначыць гадавіну бальшавіцкага перавароту кастрычніка 1917 году.

Лічу, што гэта вельмі важная справа. Мы не павінны забываць пра тое, што прынесьлі нам бальшавікі, якія пакуты давялося цярпець беларусам. Я сам памятаю 1937 год, як у двор прыехаў “варанок” і ў яго саджалі старшыню нашага ЖЭКу Жука і ягонага намесьніка Міклашэўскага.

Потым мы даведаліся, што іх расстралялі. Прыходзілі й да нас у кватэру. Забралі кватаранта, які потым зьнік бясьсьледна. Думаю, што і мой голас пэнсіянэра будзе ня лішнім, каб людзі памяталі праўду”.

Так, спадар Куксо, нядаўна мне давялося доўга тлумачыць сваёй 12-гадовай дачцы, чаму ў Беларусі як дзяржаўнае сьвята адзначаецца дзень 7 лістапада, калі расейскія бальшавікі гвалтам захапілі ўладу, зрынуўшы законны ўрад.

Дачка ў мяне спытала: “Дык калі прэзыдэнта Лукашэнку нехта сілай адхіліць ад улады, гэты дзень таксама абвесьцяць дзяржаўным сьвятам?” Няблага было б задаць гэта пытаньне тым дэпутатам, якія дванаццаць год таму галасавалі за вяртаньне дня расейскай бальшавіцкай рэвалюцыі ў каляндар галоўных дзяржаўных сьвятаў Беларусі.

Наш слухач Бярнард Пакульніцкі з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну цікавіцца падзеямі 1939 году, калі ў выніку пакту Молатава — Рыбэнтропа і савецкай акупацыі Ўсходняй Польшчы Заходняя Беларусь была далучаная да БССР.

Слухач разважае пра тое, як падзеі верасьня 1939 асьвятлялі беларускія пісьменьнікі, і ў прыватнасьці — клясыкі Янка Купала і Якуб Колас:

“Я натрапіў на цікавыя ўспаміны сучасьнікаў Янкі Купалы, якія разам зь ім у складзе прапагандысцкай групы ехалі зь Менску на толькі што далучаныя да БССР тэрыторыі.

Прывяду такую цытату: “Ужо цямнела, калі мы мінулі былую дзяржаўную мяжу з Польшчай у Негарэлым. Нашаю мэтаю былі найперш Стоўпцы. Пачалі паказвацца вёскі. Купала штурхнуў мяне ў бок, быццам гаворачы: “Бачыш, братку?” Я, ведама, бачыў.

Вёскі былі прыгожыя, чыстыя. Хаты добра крытыя, з выразанымі, маляванымі аканіцамі, добра зашклёнымі вокнамі, зь вясёлымі гародчыкамі, поўнымі пышных вяргіняў і мальваў. Усё гэта было так не падобна да бедных, шэрых калгасных вёсак савецкае зямлі, што не заўважыць розьніцу было немагчыма”.

А вось што пісаў Якуб Колас у той час (зноў цытата): “Из окна вагона видел я те места, по которым уже давно тысячи раз ходили мои ноги. Чувство горечи сжимало моё сердце, когда я глядел на узенькие полоски, на убогие хаты, на прибитые горем невеселые лица своих братьев”. Каму верыць, дзе шукаць праўду?

І вось я думаю: ці можна перадаваць гістарычную памяць, абапіраючыся на літаратурную спадчыну Якуба Коласа? Я разумею, што па сіле майстэрства паэтычнага жывапісу няма ў беларускай літаратуры роўнага яму. Але мае погляды не супадаюць з палітычнымі поглядамі клясыка беларускай літаратуры”.

Ня думаю, спадар Пакульніцкі, што па такіх газэтных нататках, напісаных у той пэрыяд, можна дакладна меркаваць пра рэальныя палітычныя перакананьні тых або іншых значных асобаў беларускай культуры.

І Якуб Колас, і Янка Купала, і ўсе іншыя беларускія пісьменьнікі, якім удалося ацалець пасьля 1937 году, вымушаныя былі пісаць хваласьпевы ў гонар Сталіна, бальшавіцкай партыі, калектывізацыі, агрэсіўнай вонкавай палітыкі СССР.

У вершах, паэмах і раманах апяваўся любы крок бальшавіцкага рэжыму — які б ён ні быў. У таго, хто адважыўся б тады напісаць праўду, была адна дарога — у Курапаты ці на Калыму.

На заканчэньне — фрагмэнты некалькіх лістоў, якія пакіну без камэнтароў.

Нам піша Юрай Шпак-Рыжкаў зь Менску:

“Еду на працу ў аўтобусе. Дачакаўся, калі ўрэшце вызваліцца месца, і сеў. Вакол сядзяць адны маладзёны — некуды едуць па навуку. Сяджу, унурыўшыся, сам у сваіх думках. Ажно на наступным прыпынку падыходзіць да мяне жанчына й кажа, што яна інвалід другой групы і хоча сесьці.

Хацеў я ёй запярэчыць, што ёсьць маладзейшыя, што месцы для інвалідаў у пярэдняй частцы аўтобуса, ці наагул сказаць што-небудзь едкае. Але ня змог сказаць ні слова, калі ўбачыў яе вочы псыхічна хворага чалавека. Праз два прыпынкі яна выйшла.

А я падумаў: што чакае гэтых людзей з пачатку наступнага году, калі ў іх адбяруць апошнія льготы? І як здолеюць глядзець у гэтыя вочы — вочы інвалідаў, старых ды нямоглых — тыя чыноўнікі, якія прымалі рашэньне аб пазбаўленьні льготаў?”

Наступны фрагмэнт — зь ліста нашай слухачкі Ніны Шаставіцкай з Горадні:

“Чалавек, які свабодны ў душы, заўсёды хадзіў і ходзіць па свабоднай зямлі, незалежна ад эпохі й дзяржаўнага ладу”.

А вось вытрымка зь ліста Васіля Герасімчыка са Слоніму:

“Каб падтрымаць існаваньне сапраўднага беларуса, патрэбнае сьвежае паветра, якім для мяне сталі ідэі, выкладзеныя ў кнігах аўтара “Свабоды” Ўладзімера Арлова. Бо тэлебачаньне ўжо вельмі атруціла мяне. Яно дэфармуе погляды людзей на рэчаіснасьць”.

Дзякуй, спадар Герасімчык, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG