Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага:“19 работніц менскай кандытарскай фабрыкі “Комунарка” заняты выключна работай па выпуску святочнага асартымента для дзетвары”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 22 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

“Сялянская ніва” ў 1927 годзе апавядае пра выбары ў самаўрады: “Натугамі беларускага грамадзянства ў Вільні, у культурным цэнтры Беларусі, на 48 радных да меставое рады прашло толькі двух Беларусаў. І гэтаму мы радуемся, бо і гэта сьведчыць, праўда, аб невялікай, але-ж, ўсё-ж такі нацыянальнай перамозе. У іншых меншых местах Беларусі таксама прыходзілася спатыкаць аднаго-два такіх радных, якія залічылі сябе Беларусамі. Найгорш з усіх паказала сябе Горадня, бо там, на 32 радныя не аказалася аніводнага Беларуса”.

“З 7 кастрычніка 19 работніц менскай кандытарскай фабрыкі “Комунарка” заняты выключна работай па выпуску святочнага асартымента для дзетвары, — паведамляе ў 1937 годзе “Віцебскі пролетарый”. — Усяго будзе выпушчана 250 тысяч падарункаў на 350 тысяч рублёў. Распакаваўшы падарунак, дзеці там знойдуць напісаны на чырвонай, залацістай і срэбрыстай паперы святочны лозунг на беларускай і рускай мовах: “Няхай жыве ХХ-годдзе Вялікай соцыялістычнай рэвалюцыі”, “Дзякуй таварышу Сталіну за шчаслівае дзяцінства”, “Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя”, “Чырвоная Армія непераможна”.

“Знамя юности” ў 1967 годзе цытуе словы старшыні Савету міністраў БССР Ц.Кісялёва на сходзе з нагоды ўручэньня Гарадзенскай вобласьці ордэну Леніна: “Савецкі народ з надзвычайным спачуваньнем сачыў за мужнай барацьбой рабочых і сялян заходніх абласьцей Беларусі. І ён ня кінуў у бядзе сваіх братоў, працягнуў ім руку дапамогі. У 1939 годзе ўсе беларускія землі былі злучаныя ў адной Беларускай Савецкай дзяржаве. Радзіма-маці ласкава прыняла сваіх сыноў і дачок”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG