Фёдараў: “Калі пра гэта абвяшчаецца ўжо другі раз, і на самым высокім узроўні -- я мяркую, што вельмі вялікая верагоднасьць таго, што прадстаўніцтва будзе адчыненае на самой справе. Кіраўнік офісу TACIS у Менску нядаўна паведаміў, што засталіся толькі некалькі крокаў – на жаль, ніхто не пазначыў, якія дакладна гэтыя крокі. Так што верагоднасьць адкрыцьця вельмі вялікая, але ў нашым выпадку казаць пра 100 працэнтаў ніколі нельга. Што да затрымкі. У нашых адносінах з Захадам шмат што вызначаецца адносінамі з Масквой. У красавіку была спроба паказаць, што мы ня проста палохаем, што мы сапраўды можам рухацца на Захад. Але спрыяльнага адказу Масквы на гэта Менск так і не атрымаў. Кошт газу будзе ня менш за 125 даляраў, гэта ня тыя 10-15 працэнтаў падвышэньня, пра якія казалі беларускія прадстаўнікі. Беларусь убачыла, што ніякіх паслабленьняў ад Расеі чакаць не выпадае, і таму вырашыла рухацца ў бок Эўразьвязу”.
Цыганкоў: “Вось гэтыя рэвэрансы ў бок Захаду, да якіх аналітыкі аднесьлі неразгон “Эўрапейскага маршу”, і зараз вельмі верагоднае адкрыцьцё прадстаўніцтва – наколькі далёка яны могуць зайсьці? Ці гэта толькі тактычныя крокі ў барацьбе за кошт расейскага газу, ці Беларусь сапраўды хацела б агульнага пацяпленьня ў адносінах з Эўразьвязам?”
Фёдараў: “Беларусь безумоўна хацела б агульнага пацяпленьня, але на сваіх умовах, адмаўляючы тыя 12 умоваў, што вылучыў Эўразьвяз. Увогуле, ступень набліжэньня да Эўропы для Менску вельмі значна вызначаецца ступеньню пахаладаньня ў адносінах з Масквой. Набліжэньне будзе залежыць ад таго, наколькі далёка мы будзем разыходзіцца з Масквой.
Афіцыйнаму Менску патрэбна падтрымка, гэтая падтрымка можа быць толькі з Захаду. Кітай і Вэнэсуэла – гэта добра, але, на мой погляд, гэта не прынцыповы падыход. Мы ведаем, што намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валер Варанецкі браў удзел у канфэрэнцыі ў Вільні, дзе шукаліся шляхі транзыту энэрганосьбітаў у абыход Расеі. Так што як будуць складацца адносіны з Масквой, адпаведна – толькі ў адваротным кірунку – яны будуць складацца з Эўразьвязам”.