Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Праяваў антысэмітызму я не заўважаў”


Вячаслаў Кулік, Менск Ці даводзілася вам сутыкацца з праявамі антысэмітызму ў Беларусі? Калі так, то зь якімі? Адказы на гэтыя пытаньні наш карэспандэнт запісаў у Менску на Кастрычніцкай плошчы.

Юнак: “Асабіста я — не. У мяне нават сваякі ёсьць некаторыя. Усё нармальна. Ніякіх праблемаў”.

Спадарыня: “Я, напрыклад, нідзе ня бачыла праяваў антысэмітызму — ні ў школе, ні ў інстытуце, ні на працы. Ніякага антысэмітызму, а таксама зьнявагі грузінаў ці армянаў”.

Спадар: “Я ня буду на гэтае пытаньне адказваць. Бо сам іх не люблю”.

Юначка: “Я сама сябравала зь дзяўчынкай габрэйкай, якая пасьля выехала ў Ізраіль. Я таксама была ў сем’ях габрэяў, але ніколі не заўважала, што да іх дрэнна ставяцца ці абгаворваюць”.

Юнак: “Я не заўважаў такой зьявы. Але бачыў іншыя непрыемныя рэчы. Габрэйскія абшчыны спэкулююць на тым, што яны пацярпелі ў Вялікую Айчынную вайну. Атрымліваецца, што нібыта ад фашыстаў пацярпелі адны габрэі. А чым лепш, напрыклад, было цыганам?”

Карэспандэнт: “Ці даводзілася вам сустракацца з праявамі антысэмітызму ў Беларусі? Калі так, то зь якімі?”

Спадарыня: “Вядома, даводзілася. Вельмі часта такое сустракаецца. Існуе сталая зьнявага, розныя выказваньні. Нейкіх фізычных дзеяньняў, на шчасьце, ня бачыла. Словы толькі. Але я заўжды зь імі спрачаюся, хаця ніякага дачыненьня да гэтага ня маю паводле нацыянальнай прыкметы”.

Спадар: “Не, ведаеце, я з гэтым асабліва не сутыкаўся. Людзі як людзі. Жывуць самі і іншым не перашкаджаюць. Галоўнае — не нацыянальнасьць. Важна, каб людзі знаходзілі паразуменьне”.

Спадар: “Я ня бачыў праяваў антысэмітызму. Зразумела, што калі быў у падлеткавым веку, то існавалі нейкія злыя жарты, але ня больш за тое”.

Студэнт: “Я жыву ў інтэрнаце. Сярод студэнтаў гэта не назіраецца. Там наадварот — гэта не ўхваляецца. І ў моладзевай музыцы гэта не падтрымліваецца. Увогуле, перадавыя прадстаўнікі грамадзтва не падтрымліваюць антысэмітызму”.

Спадарыня: “Так, я сустракала. Але, ведаеце, гэта бывае нібыта зьняважлівае стаўленьне — і разам з тым прызнаньне, што гэтыя людзі даволі разумныя. Але гэта, бадай, ня форма павагі, а хутчэй засьцярога і страх перад гэтым розумам”.

• Пасол Ізраілю – пра выказваньні А.Лукашэнкі, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG