Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Ці можна за два ўрокі на тыдзень выхаваць патрыёта?


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Віцебская сярэдняя школа №40 ёсьць самай звычайнай школай з расейскай мовай навучаньня. Беларуская гучыць тут хіба на адпаведных уроках, хаця як вучні, так і настаўнікі не адмаўляюць таго, што валодаць родным словам мусіць кожны зь іх.

Беларускую мову ў сярэдняй школе №40 вывучаюць на адным узроўні з замежнай: на яе адводзіцца прыкладна дзьве гадзіны на тыдзень. І па сканчэньні школы вучні часьцяком шчыра прызнаюцца, што роднай мовы так і ня ведаюць. Пра гэта адкрыта і гаворыць настаўніца Натальля Ласкунова.

"Так, ня ведаюць! Нам толькі цьвердзяць:"Дзеці мусяць ведаць родную мову!". А тым самым часам зьніжаюць колькасьць гадзінаў на яе вывучэньне. У сёмай, восьмай, дзевятай клясах адводзіцца дзьве гадзіны, а ў старэйшых – па адной. За гадзіну на тыдзень навучыць нельга – немагчыма!"

Настаўніца францускай мовы Галіна Шарсьнёва мусіць выкладаць свой прадмет прыкладна за такую самую колькасьць гадзін. Аднак яна мяркуе, што вызначальны фактар тут іншы – гэта стымул і пэрспэктыва.

"Беларускую мову дзеці таксама ўжо пачынаюць уважаць за замежную – так здарылася, што мы больш размаўляем па-расейску. Канешне, нам хочацца, каб дзеці былі гарманічна разьвітыя: і рускай мовай валодалі, і матчыну ведалі. Аднак калі ў дзіцяці няма мэты, то ён ня будзе ведаць ні расейскай, ні беларускай мовы, ні замежнай – ніводзін настаўнік ня здолее навучыць".

Для звычайнага школьніка найпершая мэта – добра падрыхтавацца да ўступных іспытаў у ВНУ. Як распавялі настаўнікі, самыя лепшыя вынікі ў вучняў менавіта па расейскай мове – бывае, вучні здаюць тэсты на 90 і болей балаў. Настаўніца Кацярына Нікіфараўна Вінаградава мяркуе: на гэта моцна ўплывае выхаваньне ў расейскамоўным асяродку.

"Гэта мова, якой навучаюць зь дзяцінства бацькі. Да беларускай я таксама стаўлюся трапятліва: мова нашай краіны. Было б добра, каб валодалі імі на аднолькавым узроўні. Але, калі на беларускай мове не гавораць у сям’і, то і валодаць вольна ёй ня будуць – культпаходы ў тэатар і рэдкія ўрокі беларускай мовы вольнага валоданьня не дадуць. А хацелася б, бо беларуская мова прыгожая, і вартая таго, каб ёй валодаць на такі самым узроўні, як і расейскай".

Аднак насуперак усяму дзеці неабыякавыя да роднай мовы.

Дзяўчына: "Я карыстаюся толькі расейскай мовай, і дома, і паўсюль. А беларуская адыходзіць на другі плян – толькі на ўроках. Але я мяркую, што можна і ёй карыстацца, хацелася б ведаць яе болей".

Хлопец:"Ну, расейская мова патрэбная – іспыты на ёй здаваць. Але мне хацелася б, каб і беларускую больш вывучалі ў нашай рэспубліцы".

"Дзяўчына: “Карыстаюся толькі расейскай мовай. Але думаю, што варта ведаць і адну замежную мову".

Дзяўчына: "А я лічу, што беларускай – цалкам дастаткова. Трэба ведаць матчыну мову! Каб душы лягчэй было".

Хлопец: "Мы ж у Беларусі жывем – трэба і беларускую ведаць. Адным словам, усе мовы трэба!"

Віцебскі паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч выдатна валодае прынамсі трыма мовамі: расейскай, беларускай і нямецкай. Ягонае меркаваньне:

"Ад расейскай мовы ніяк мы не адмовімся. Нават па эканамічных пытаньнях, калі думаем з Расеяй супрацоўнічаць – нам трэба зносіцца. Мы разумеем, як разьвіваецца сьвет, і таму абавязкова патрэбна ведаць ангельскую мову. А родную – гэта ўжо само сабой зразумела! Кожны нармальны чалавек ведае сваю родную мову. Нават калі ў нас дзьвюхмоўе, хай бы не ўпіраліся чыноўнікі. А яны ж так і ціснуцца да Расеі! І галоўны супраціў – ад чынавенства".

Уладзімер Папковіч, выкладчык вышэйшай школы зь вялікім стажам, з уласнага досьведу ведае, як чыноўнікі, у тым ліку ад адукацыі, складаюць навучальныя праграмы. Па іх вучыліся і бацькі сёньняшніх школьнікаў, якія ня маюць дома адпаведнага моўнага асяродку, і цяперашнія вучні, якім цяжка ўбачыць пэрспэктыву роднай мовы ў русыфікаваным грамадзтве. Але і ў расейскамоўнай школе дзеці ўсё-ткі спрабуюць пачувацца патрыётамі, хаця на гэта ім адведзена толькі два ўрокі на тыдзень.

Камэнтар грамадзкага рэдактара Т.Севярынец:

“Я за вывучэньне ня толькі расейскай мовы – абавязкова яшчэ якой-небудзь. Толькі не на такім узроўні, як у агульнаадукацыйнай школе, дзе яе вывучаюць два разы на тыдзень.

Мова – гэта сыстэма, якая патрабуе ўжываньня штодня. Швэды, напрыклад, ведаюць ангельскую амаль як родную. Таму яны вольна адчуваюць сябе ў любым моўным асяродзьдзі.

Місія беларусаў – несьці хрысьціянскія ідэі ў іншыя краіны. І гэта даказана гісторыяй, пачынаючы з Францішка Скарыны і Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага… У нашыя дні – Алесь Адамовіч і Валерыя Навадворская, якая вучыць расейцаў дэмакратыі.

Працытую: “Быць сэрцам Эўропы і ўспышкай сьвятла для Расеі, пакутаваць і ахвяравацца за іншых – вось місія, сьцьверджаная 1000-годзьдзем беларускай гісторыі”. Павал Севярынец, “Нацыянальная ідэя”.

Куды ты пайшоў – тую мову і вывучай…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG