Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія зьмены адбываюцца ў грамадзкай сьвядомасьці?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў і доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш.

Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў чарговае апытаньне грамадзкай думкі ў Беларусі.

Як бачаць беларускія грамадзяне эканамічныя пэрспэктывы краіны? Ці зьмяняецца стаўленьне насельніцтва да ўлады? Чаму расьце колькасьць “ізаляцыяністаў”?

Як бачаць беларускія грамадзяне эканамічныя пэрспэктывы краіны?

Валер Карбалевіч: “Галоўнай рысай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі зьяўляецца стабільнасьць. Гэты тэзіс дзяржаўнай прапаганды доўгі час пацьвярджаецца шмат якімі паказчыкамі эканамічнага разьвіцьця, сацыяльнага самаадчуваньня, стаўленьня да палітычных суб’ектаў.

Нават на вулічныя акцыі апазыцыі колькі гадоў прыходзіць стабільная колькасьць людзей.

Але новае апытаньне зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў дае падставу меркаваць пра пэўныя зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці.

Найперш яны зьвязаныя з новай эканамічнай сытуацыяй пасьля таго, як Расея пачала пераход на рынкавыя дачыненьні зь Беларусьсю і павысіла кошты на энэргарэсурсы. Як бачаць беларускія грамадзяне эканамічныя пэрспэктывы краіны? Якія новыя тэндэнцыі тут назіраюцца?”

Аляксандар Сасноў: “У сувязі з ускладненьнем дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй зрухі ў грамадзкай думцы зьявіліся яшчэ ў канцы мінулага году. А ў пачатку гэтага году сацыёлягі зафіксавалі адчуваньне трывогі наконт эканамічных пэрспэктываў краіны. Паколькі канфліктныя дачыненьні з Расеяй разьвіваюцца, то і гэтая тэндэнцыя мае працяг.

Раней на пытаньне пра тое, як зьмянілася матэрыяльны стан рэспандэнтаў за апошнія тры месяцы, колькасьць тых, у каго сытуацыя палепшылася, было ў тры разы больш, чым тых, у каго яна пагоршылася, то цяпер гэтыя лічбы прыкладна аднолькавыя”.

Вячаслаў Оргіш: “Доўгі час беларуская ўлада коштам расейскіх субсыдыяў магла штучна падтрымліваць дабрабыт у краіне на ўзроўні, які задавальняў значную частку насельніцтва. У выніку і яе рэйтынг быў высокі.

Але пасьля нафтагазавага крызісу такія спрыяльныя ўмовы зьнікаюць. Беларускі эканамічны цуд пачаў сыпацца. І краіна стаць перад выбарам: ці працягваць ранейшую эканамічную палітыку, ці пачаць рынкавыя рэформы”.

Сасноў: “Маленькае ўдакладненьне. Сапраўднага пагаршэньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі насельніцтва яшчэ не адчула. Але нарастае адчуваньне, што такое пагаршэньне вось-вось адбудзецца”.

Оргіш: “Цэны растуць, ільготы з новага году зьнікаюць. І гэта трывожыць людзей, адбіваецца на іх стаўленьні да цяперашняга палітычнага курсу”.

Як зьмяняецца стаўленьне насельніцтва да ўлады?

Карбалевіч: “У зьвязку з прадчуваньнем эканамічных цяжкасьцяў як зьмяняецца стаўленьне насельніцтва да ўлады? Ці заўважныя тут нейкія працэсы?”

Сасноў: “Так, падтрымка ўладаў стала меншай. Меншае колькасьць тых, хто лічыць сытуацыю ў краіне дэмакратычнай.

Людзей прасілі ацаніць працу дзяржаўных інстытуцыяў паводле пяцібальнай шкалы. Дык вось, ацэнка дзейнасьці прэзыдэнта — 3,4 бала, ураду — 3,1, парлямэнт — 3, мясцовай улады — 2,8 бала. Дарэчы, апазыцыя атрымала 2,5 бала. І больш стала тых, хто давярае незалежным мэдыям”.

Оргіш: “Я б зьдзівіўся, каб было наадварот. Улада прапаноўвала грамадзтву патэрналісцкую ідэалёгію. Яна казала, што мы за ўсё адказваем, мы найлепшыя ў сьвеце кіраўнікі.

Існаваў своеасаблівы сацыяльны кантракт. Улада забясьпечвала насельніцтву пэўны ўзровень жыцьця, а насельніцтва адказвала палітычнай ляяльнасьцю. Але расейскія датацыі заканчваюцца, пачалі нарастаць сацыяльныя праблемы, расчараваньне насельніцтва”.

Рэйтынг Лукашэнкі — які ён?

Карбалевіч: “Як зьмяняецца рэйтынг Лукашэнкі?”

Сасноў: “Адкрыты рэйтынг Лукашэнкі мае тэндэнцыю да зьніжэньня. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ён быў большы за 60%. Цяпер ён каля 45%.

Можна сказаць, што гэта ня так і мала. Для некаторых краінаў такі паказчык кіраўніка дзяржавы лічыцца высокім. Але не для Беларусі”.

Карбалевіч: “Рэйтынг Лукашэнкі паміж 40 і 50% устойліва трымаўся зь сярэдзіны 1990-х гадоў да пачатку гэтага стагодзьдзя. Падчас электаральных кампаніяў 2004—2006 гадоў ён вырас, а цяпер вярнуўся да ранейшага ўзроўню”.

Оргіш: “Зьніжэньне рэйтынгу Лукашэнкі заканамернае. Насельніцтва адчувае, што пэрспэктывы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ня вельмі аптымістычныя. Насуперак свайму жаданьню Лукашэнка вымушаны адмяняць ільготы, рабіць іншыя непапулярныя крокі. Таму і такі вынік”

Стаўленьне да апэрацыі “Пераемнік”

Карбалевіч: “Як ставяцца грамадзяне да пытаньня, якое цяпер шырока абмяркоўваецца ў палітычнай супольнасьці? Маю на ўвазе пытаньне пра магчымасьць перадачы ўлады сыну Лукашэнкі Віктару”.

Сасноў: “68% насельніцтва не падтрымліваюць такой ідэі. За яе выказалася 15,6%, ня вызначыліся 16,5% грамадзянаў”.

Оргіш: “Я ня надта веру ў рэальнасьць апэрацыі “Пераемнік”. Сацыялягічнае апытаньне паказвае, што насельніцтва гэтай ідэі не ўспрымае. Таму што Віктара ніхто ня ведае. Ён не публічны палітык, не праявіў сябе як добры адміністратар, які пакіраваў бы, напрыклад, вобласьцю. Толькі на той падставе, што ён сын Аляксандра Лукашэнкі, падтрымліваць яго ня будуць”.

Чаму расьце колькасьць “ізаляцыяністаў”?

Карбалевіч: “Апошнімі днямі адбыліся падзеі, якія зьвязаныя з геапалітычнай арыентацыяй Беларусі. Лукашэнка даў вялікую прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх журналістаў, дзе пацьвердзіў курс на інтэграцыю з Расеяй.

А апазыцыя правяла ў нядзелю “Эўрапейскі марш”, які таксама выразна прадэманстраваў процілеглую геапалітычную арыентацыю. А што думае на гэты конт беларускае грамадзтва?”

Сасноў: “Большая частка грамадзтва ня хоча інтэграцыі не з Расеяй, не з Эўразьвязам. За збліжэньне з Эўразьвязам выступае амаль 30% насельніцтва, а за інтэграцыю з Расеяй выступае 34% грамадзянаў.

Прычым, зьніжэньне прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй большае, чым колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі з Эўразьвязам.

Менш як 10% хочуць аб’яднацца з Расеяй у адзіную дзяржаву. Супраць інтэграцыі ўвогуле — каля 46%. То бок, большасьць беларусаў выбірае ў пэўным сэнсе ізаляцыю і аўтаркію”.

Оргіш: “Прычыны зьніжэньня колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй зразумелыя, бо стасункі пагаршаюцца.

Што тычыцца зьмяншэньня колькасьці ахвочых уступленьня ў ЭЗ, то людзі асьцерагаюцца. Яны мяркуюць, што пераход да эўрапейскай мадэлі разьвіцьця азначае рынкавыя рэформы. А гэта пэўная ломка, зьмена ладу жыцьця”.

Карбалевіч: “Такім чынам, дасьледчыкі НІСЭПД выявілі прыхаваныя тэндэнцыі ў грамадзкай думцы, якія пакуль не выходзяць на паверхню і не набылі палітычнага характару. Пытаньне ў тым, якія палітычныя сілы імі найлепш скарыстаюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG