Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі мы такія разумныя, чаму мы не багатыя?”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 18 кастрычніка.

“Народная воля” правяла расьсьледаваньне, якімі дасягненьнямі ўзбагацілі навуку высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі. Самы тытулаваны – намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта па ідэалёгіі Анатоль Рубінаў: прафэсар, доктар фізычна-матэматычных навук, ляўрэат дзяржаўных прэміяў СССР і БССР. Намесьніца кіраўніка Адміністрацыі Натальля Пяткевіч – кандыдат юрыдычных навук, прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі – доктар тэхнічных навук, віцэ-прэм’ер Аляксандар Касінец – доктар мэдычных навук. Бальшыня міністраў – таксама дактары навук... Матэрыял Сьвятланы Калінкінай называецца “Калі мы такія разумныя, чаму мы не багатыя?”.

“Вельмі складана было знайсьці тэмы дысэртацыяў бальшыні чыноўнікаў. Нам спатрэбілася зьвярнуцца ў расейскія бібліятэкі, каб знайсьці, да прыкладу, дысэртацыю Натальлі Пяткевіч. Асабліва мяне вельмі зацікавіла тэма дысэртацыі прэм’ера Сідорскага. Думаю, мы яшчэ паспрабуем разабрацца, як спадар Сідорскі, будучы прэм’ерам, змог зрабіць работу з такой вялікай колькасьцю экспэрымэнтаў”, – піша Сьвятлана Калінкіна.

Сьветлагорскі “Ранак плюс”. Са старога рэчышча Бярэзіны падымаюць бранякатэр Пінскай вайсковай флятыліі, які затануў у гады апошняй вайны. Летась быў падняты манітор “Віньніца”. Экспанаты з патанулых караблёў папоўнілі экспазыцыю мясцовага краязнаўчага музэю.

Яшчэ адзін матэрыял сьветлагорскай газэты – “Раяль Пушчыных лячыў душы і ратаваў жыцьці”. У Парычах на пачатку XIX стагодзьдзя ў родавым маёнтку жылі знакамітыя Пушчыны. Падчас Вялікай Айчыннай вайны канцэрт, на якім былі нямецкія афіцэры, выратаваў жыцьці жыхароў Парычаў...

“Вечерний Брест”. Цягам найбліжэйшых трох гадоў Берасьце атрымае 500 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Будзе пабудавана 12 буйных гандлёвых аб’ектаў, 6 зь іх – гіпэрмаркеты, пяць гатэльных комплексаў, Палац водных відаў спорту. Найбольшыя інвэстыцыі прынясе аўстрыйская фірма “Кумпус”, якая выкупіла вялікі кавалак вуліцы Інтэрнацыянальнай.

“Наша ніва” публікуе інтэрвію мастака, уладальніка ўнікальнага прыватнага музэю-галерэі Фэлікса Янушкевіча “Кожны можа стварыць уласную цывілізацыю”.

“Беларускі пэнсіянэр у тры разы бяднейшы за польскага”. Урад паабяцаў, што яшчэ да канца году беларускія пэнсіянэры атрымаюць прыбаўку. Цяпер сярэдняя пэнсія па ўзросьце – 316 тысяч беларускіх рублёў. Пры гэтым аплата за стандартную двухпакаёўку ў ацяпляльны сэзон – 120 тысяч. Як беларус можа назапасіць прыбаўку да сваёй пэнсіі і забясьпечыць старасьць – у сьвежым нумары газэты “Комсомольская правда” в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG