Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеяй кіруе “калектыўны Пуцін”


Юры Дракахруст, Прага Хто кіруе Расеяй? Адказ на гэтае пытаньне важны і для разуменьня сёньняшняй расейскай палітыкі і таго, якой будзе расейская ўлада пасьля парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. На думкі многіх экспэртаў, Расеяй цяпер кіруе закрытая карпарацыя, якая складаецца пераважна з выхадцаў са спэцслужбаў.

“Крэмль Incorporated” – такую дасьціпную характарыстыку цяперашняй уладзе ў Расеі дае амэрыканскі палітоляг Нікалас Гвозьдзеў. На думку яго і шэрагу іншых аналітыкаў, усе рашэньні прэзыдэнта Пуціна, уключна зь нядаўнім прызначэньнем прэм''ерам Віктара Зубкова і згодай узначаліць выбарчы сьпіс “Единой Росии”, узгадняюцца ў вузкай групе чыноўнікаў, большасьць зь якіх –ураджэнцы Санкт-Пецярбургу і вэтэраны савецкага КГБ.

Паводле кіраўнічкі цэнтру дасьледаваньня эліты Вольгі Крыштаноўскай, “калектыўны Пуцін” ўключае ў сябе наступных асобаў:

“Я лічу, што гэта 5 чалавек – Пуцін, Сяргей і Віктар Івановы, Сечын і Патрушаў. Гэта людзі, якія былі з Пуціным з самага пачатку, і яны прыдумлялі гэтую мадэль дзяржавы, якая зробленая і якая дзейнічае цяпер”.

Гэтыя чыноўнікі займаюць ключавыя пасады ў расейскім дзяржаўным апараце. Сяргей Іваноў – першы віцэ-прэм''ер, Віктар Іваноў – памочнік прэзыдэнта, Сечын – намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, Патрушаў – старшыня ФСБ. Варта адзначыць, што яны, акрамя прамых службовых абавязкаў, зьяўляюцца прадстаўнікамі дзяржавы ў ключавых бізнэс-кампаніях. Сечын – старшыня Роснафты, Сяргей Іваноў узначальвае авіяцыйную манаполію, Віктар Іваноў старшынюе ў радзе дырэктараў кампаніі па вытворчасьці ракет. Сын Патрушава – сябра рады дырэктараў Роснафты, кіраванай Сечыным. Гэта не зусім савецкая канструкцыя ўлады. Вольга Крыштаноўская працягвае:

“Яны хочуць аўтарытарнай мадэрнізацыі, яны хочуць мець моцную аўтарытарную дзяржаву савецкага тыпу мінус ідыёцкая савецкая эканоміка і мінус ідыёцкая савецкая ідэалёгія. А ўсё астатняе яны хочуць захаваць, гэта значыць дзяржаўную сыстэму, у якой няма падзелу ўладаў”.

Праўда, менавіта гэтае спалучэньне палітычных і бізнэсовых інтарэсаў нярэдка спараджае канфлікты ва ўладнай карпарацыі. Расейскія мэдыі шмат паведамлялі пра сутычкі Сечына і першага віцэ-прэм''ера Мядзьведзева, які курыруе “Газпром”, пра бізнэс-канфлікты паміж шэфам ведамства па барацьбе з распаўсюдам наркотыкаў Віктарам Чаркесавым, таксама піцерскім чэкістам, і Сечыным і Патрушавым. Гаворыць расейскі палітоляг Уладзімер Прыбылоўскі:

“У іх ёсьць праблемы паміж сабой. Яны баяцца адзін аднаго. Яны шукаюць чалавека, якому можна даверыць трон. Пуціну яны ўсе давяраюць, пры Пуціну ім усім добра. Але яны ня ведаюць, што будзе пры пераемніку”.

Паводле экспэртаў, менавіта гэтымі норавамі ўнутры “калектыўнага Пуціна” тлумачыцца рашэньне Ўладзімера Пуціна ўзначаліць выбарчы сьпіс “Единой России”. Справа ў тым, што кожны зь сябраў уладнай карпарацыі баіцца, што пры сыходзе Пуціна больш згубіць, чым набудзе. Ён здолеў збудаваць канструкцыю, якая будзе кепска працаваць безь яго.

Экспэрты адзначаюць сантымэнт усіх удзельнікаў крамлёўскай карпарацыі да шэфа КГБ савецкіх часоў Юрыя Андропава. Менавіта пры ім пачалася іх служба ў камітэце. Адным зь першых рашэньняў прэзыдэнта Пуціна ў 2000 годзе было аднаўленьне мэмарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў Андропаў. Для іх былы шэф КДБ – герой і кумір. Гаворыць Вольга Крыштаноўская.

“Для людзей спэцслужбаў Кітай – ідэальная мадэль. Гэта, на іх погляд, правільны шлях. А Ельцын паводле іх пайшоў няправільным шляхам. І Гарбачоў таксама”.

На думку экспэртаў, незалежна ад таго, ці стане Пуцін праз перамогу «Единой России» самаўладным прэм''ерам пры слабым прэзыдэнце, ці будзе скарыстаная іншая фармальная канструкцыя ўлады, зьмястоўных зьменаў у яе прыродзе бліжэйшымі гадамі чакаць ня варта – яна застанецца ў руках “калектыўнага Пуціна”.

Гаворыць расейскі палітоляг Андрэй Рабаў:

“Паколькі ён – безумоўны лідэр гэтай каманды і паколькі няма сур''ёзных самастойных кандыдатаў, якія маглі б прэтэндаваць на ролю, супастаўляльную з роляй Пуціна, то безумоўна ён зьяўляецца галоўным рэжысэрам гэтай кампазыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG