Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалёва: “Я люблю справядлівасьць, а астатняе мне да лямпачкі”


Зьміцер Бартосік, Міхалёва, Бабруйскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Імя Міколы Корбута шырокай грамадзе невядомае. Пра яго не паведамлялі незалежныя мэдыі. Хоць ягоная дзейнасьць у распаўсюдзе праўдзівай інфармацыі заслугоўвае павагі. Ім не цікавіліся праваабарончыя арганізацыі, хоць ён пацярпеў за свае погляды.

Мікалай Пятровіч Корбут, невысокі, хударлявы, з тонкімі рысамі твару мужчына — пэнсіянэр зь вёскі Міхалёва, што пад Бабруйскам. Спадар Мікалай усё жыцьцё будаваў дамы для сялянаў. Яны і сёньня на тле аграгарадковых будынкаў выглядаюць больш утульнымі і грунтоўнымі.

Ён, можна сказаць, цалкам незалежны чалавек. Сам пабудаваў свой дом. Сам вырошчвае ежу. Ён нават сам пячэ сабе хлеб і гатуе цудоўныя настойкі.



Мікола: “Мне прапанавалі звольніцца на ўласнае жаданьне”.

Карэспандэнт: “А зь якой прычыны?”

Мікола: “Прычына — мая бурная дзейнасьць супраць існага ладу жыцьця, супраць існай улады. Чытаў газэты, якія ў нас быццам забаранілі — “Народная воля”, іншыя газэты. Людзі хацелі ведаць праўду. Але ж ёсьць і “шасьцёркі”, якія даклалі старшыні калгасу. І старшыня выклікаў “на кавёр” і прапанаваў па ціхім сцэнары. Падай заяву на ўласнае жаданьне, нам такія людзі не патрэбныя”.

Карэспандэнт: “А што вы рабілі? Проста чыталі газэты? Ці вы іх распаўсюджвалі?”

Мікола: “Я даваў некаторым, якія хацелі чытаць. Ды ня ўсе хацелі. Некаторыя, як убачаць загаловак “Народная воля”, рукі хавалі нават. А іншыя людзі хацелі праўду даведацца. Часьцяком некаторым людзям даваў запісы перадачаў “Свабоды”. Слухалі людзі, дзякавалі. Яшчэ прасілі.

Я яшчэ запісваў новыя перадачы. Ну, а потым сапсаваўся магнітафон, і крыніца ведаў зьнікла. Прыйшлося газэты, выразкі рабіць. На гэтым я і пагарэў. Зрабіў стэнд у калідоры, у гаражы. На мэханічным двары, дзе зьбіраліся кожны дзень усе трактарысты, больш за пяцьдзясят чалавек, шофэры. Усе чыталі, усе былі задаволеныя. Але ж усялякія ёсьць людзі”.

Карэспандэнт: “Але вы не шкадуеце пра свой учынак?”

Мікола: “Я, канечне ж, не шкадую. Чаго тут шкадаваць? Старшыні прыходзяць і сыходзяць. А народ застаецца. Народ паважае, калі нармальны чалавек”.

Вёска Міхалёва — гэта тры вёскі. Яны так і называюцца — Міхалёва-1, Міхалёва-2 ды Міхалёва-3. І адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць у такім вялікім паселішчы царквы. Хоць месца, дзе яна была, угадваецца зь першага позірку — на пагорку, каля сажалкі. Кабета, якая жыве каля пагорку, не адмовілася ад размовы.



Кабета: “Дом гэты незвычайны. Тут калісьці жыў поп. І паводле картатэкі гэтаму дому ўжо сто гадоў. Сьпіцца тут вельмі добра. Я тут адсыпаюся”.

Карэспандэнт: “А Пятровіча тут паважаюць ці ўспрымаюць як дзівака?”

Кабета: “У некаторым родзе, так. Асабліва перад выбарамі, як ён палітыку сваю прапагандаваў. Яго тут лаялі”.

Карэспандэнт: “Лаяла начальства?”

Кабета: “Не. Радавыя”.

Карэспандэнт: “А за што?”

Кабета: “Што ім жывецца ня так ужо і кепска”.

Каб пагутарыць зь людзьмі, якім жывецца някепска, я пайшоў па Міхалёве. Былы парторг былога калгасу імя Дзяржынскага Барыс Пятровіч, каржакаваты, з калючым позіркам — мужчына ва ўсіх сэнсах станоўчы і палітычна падкаваны.



Барыс: “Вёска як вёска. Ужо няма каму жыць у вёсцы”.

Карэспандэнт: “А чаму такая вёска вялікая, а царквы няма?”

Барыс: “А нашто яна, царква тая? Што яна дасьць? Ну, што яна дасьць? Раней цэркваў столькі не было. І пры цару. Гэта цяпер ужо сталі будаваць. Усе ўжо будуць маліцца, усе грахі адмоляць. Хто хоча — моліцца, а хто хоча — гарэлку п’е. Кожнаму сваё”.

На карэспандэнта амэрыканскай радыёстанцыі былы парторг глядзеў, не хаваючы свайго ледзь не варожага стаўленьня як да вашага пакорнага слугі, так і да маіх заакіянскіх гаспадароў.

Барыс: “Захацелі дэмакратыю. Буша слухаюць. Нам не дазваляе расстрэл рабіць, а сам страляе. Ірак разбамбіў. Югаславію разьбіў, і ён дэмакрат. Аўганістану дыктуюць, Іраку дыктуюць, Іран хочуць задушыць, Карэю хочуць задушыць. Хочуць забраць нафту, каб у іх была танная і больш ні х...”

Карэспандэнт: “Але Лукашэнка ўсё робіць правільна?”

Барыс: “А хто зь іх робіць правільна? У Расеі робяць правільна? Ніхто нідзе ня робіць правільна. Нідзе ня робіцца правільна. А тут што? Тады малако каштавала, мне плацілі за літар малака 25 капеек, хлеб быў 14 капеек, а бэнзін быў 7 капеек. А цяпер прымаюць за 300 рублёў. А бэнзін колькі? А хлеб колькі?”

Вось тут, шчыра кажучы, я быў крыху ўражаны. Прэзыдэнт робіць нешта няправільна? Пачуць нават намёк на такое, ды яшчэ з вуснаў былога партработніка... Не, дзейнасьць спадара Корбута ня марная.

Але тое, што я пачуў ад наступнага свайго суразмоўцы на адрас улады, кепска ўпісваецца ў любы радыйны фармат.

60-гадовы Іван, які прыехаў у Міхалёва дапамагчы цешчы, усё сваё жыцьцё прарабіў на шкоднай вытворчасьці Бабруйскага шыннага камбінату. За гэтыя доўгія працоўныя гады ў спадара Івана накапілася шмат цёплых словаў на адрас вышэйшага кіраўніцтва.



Іван: “Разумееш, перш чым пэнсію даць, ён — ф’юць, пэнсіі яго няма. Навошта тады ўвогуле даваць? Вы цэны пакіньце тыя, якія ёсьць. Ня трэба падвышаць. Гэта маё слова. Ня тое што маё. Увогуле. Не пасьпелі атрымаць пэнсію — ужо 25 працэнтаў. Вы давайце пэнсію і не падвышайце цэнаў”.

Словаў накапілася так шмат, што я, прызнаюся, стаміўся выразаць найбольш шчырыя.

Іван: “Я ненавіджу гэтыя справы. Я супраць гэтага ўвогуле. Я нікога не баюся. У турму мяне ніхто не пасадзіць. Міліцыя, ё.. т.. м.., атрымлівае ў тры разы больш, калі на тое пайшло. Дзе справядлівасьць? Парлямэнт у яго. Што ж вы робіце? З новага году ўсе льготы — п...ц. Хто ў Чарнобылі быў — усё.

А я х..рыў трыццаць гадоў на шынным. Таксама ільготаў няма ні х..я. А я ж дыхаў гэтай сажаю. І асьлеп ад гэтага. За свае грошы ідзі вочы стаў, хрусталікі. Ну, хіба гэта жыцьцё? Ды ладна. Яму добра. Я люблю справядлівасьць, а астатняе мне да лямпачкі. Х..нёй займацца ня трэба. Тое, што ён дае, адразу ж забірае”.

Гэтая палымяная прамова не была сольным нумарам. У сваіх думках спадар Іван далёка не адзінокі. І гэта толькі верасьнёўскае нязначнае падвышэньне цэнаў спараджае такія эмоцыі...

Міхалёўскі СПК — тыповая гаспадарка з тыповымі на сёньняшні дзень праблемамі. П’янства, малы бюджэт, адсутнасьць абаротных сродкаў. Яшчэ дваццаць гадоў таму сьвіны статак налічваў 15 тысяч галоваў. Сёньня крыху больш за тысячу.

Пра былую веліч былога калгасу яскрава сьведчаць пабудаваныя Міколам Корбутам катэджы, якія і сёньня не згубілі свайго шарму. І як паўсюль, больш за ўсё баліць за родную гаспадарку былому аграному.

Чым болей я слухаю былых спэцыялістаў, тым цікавей становіцца. У кожнага свой боль, і ў кожнага сваё бачаньне выхаду з крызісу.

Карэспандэнт: “Прыватнік — ён можа выцягнуць сельскую гаспадарку ці не?”

Васіль: “Для гэтага трэба зацікаўліваць, а не на задворках пакідаць гэтага фэрмэра”.

Карэспандэнт: “Стымуляваць”.

Васіль: “Трэба, каб на ўзроўні, як калгасы забясьпечваюцца. Калі б аднолькавае хаця б стаўленьне было”.

Васіль: “Мой дзед ці мой бацька ў свой час, каб стварыць гэты калгас, завёў каня, плуг, калёсы, карову. Як бы там ні было, гэты калгас разьвіваўся. Да 1990 году. Пік, будзем так гаварыць. Пасьля бацька памёр, яго ўласнасьць засталася ў гэтым калгасе. Куды яна сышла? Навошта яна сышла? Яна павінна перадацца, як спадчына, ад бацькі да сына. Стваралі гэтыя каштоўнасьці, а яны ў нікуды сыходзяць”.

Карэспандэнт: “Ці магчыма вырасьціць гэтага гаспадара новага, калі ўжо столькі пакаленьняў...”

Васіль: “Нельга цяпер зямлю аддаць селяніну. Ні ў якім разе. Трэба яго падрыхтаваць, вывучыць і гэтак далей. Але ў кожнага чалавека павінна быць часьціна яго працы зафіксаваная ў гэтым калгасе. Каб ён ведаў, што, напрыклад, “у мяне там на сто мільёнаў — маё”. Сродкаў, маёмасьці. І калі я скажу: “Хлопцы, я не хачу з вамі, я хачу адзін”, я павінен гэтую маёмасьць узяць і пайсьці самастойна працаваць. А так што? Ён, як быў бяспраўны, гэты калгасьнік, такім ён і застаўся”.

У спадара Міколы нядаўна зламаўся магнітафон, на які ён запісваў нашы перадачы. Таму слухачоў “Свабоды” ў Міхалёве рэзка паменела. Але магнітафон не праблема.

Корбут не сумняецца ў тым, што рана ці позна Беларусь вернецца да самой сябе. І, дарэчы, знаходзіць добры знак на будучыню ў гісторыі вёскі.

Мікола: “Кажуць сталыя людзі, раней тут жылі два браты. Быў млын вадзяны. У гэтых двух братоў, Міхаіла і Лявонція, быў свой хутар, свае рабочыя людзі. А потым, як ужо раскулачылі, усё гэты зьнікла, прыйшла савецкая ўлада. А памяць засталася.

Паглядзелі людзі, што лепш ня стала жыць. Яны ўспомнілі тых братоў, Міхаіла і Лявонція. Міха і Лёва — Міхалёва атрымалася. Іх спрабавалі ў савецкі час пераймяноўваць. Спрабавалі “Бальшавік” назваць. Не прыжылася назва...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG