Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я ўбачыў жменьку штатных актывістаў, якія млява сунуліся па тратуары”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У мінулую нядзелю ў Менску адбыўся Эўрапейскі марш. Упершыню за апошнія гады падчас масавай апазыцыйнай акцыі міліцыя нікога не затрымлівала й не зьбівала. Хоць у апошнія дні перад маршам і ў Менску, і ў рэгіёнах адбываліся масавыя арышты тых актывістаў, якія рыхтаваліся да ўдзелу ў гэтай акцыі.

На тэму Эўрапейскага маршу — і значная частка пошты “Свабоды”.

Наш слухач Алег Голуб у сваім электронным лісьце піша:

“Перадайце арганізатарам: я такім маршам расчараваны. Ад іх чакалі сотні тысяч людзей, масавую маніфэстацыю, якая б запоўніла ўвесь праспэкт. А што ўбачылі? Жменьку штатных актывістаў, якія млява сунуліся па тратуары. І гэта — абяцаны Эўрапейскі марш? Вось вам і вынік: усе ўбачылі, што ніхто гэтую апазыцыю не падтрымлівае і ніхто ў гэтую Эўропу ня хоча.

Палітыкі павінны рабіць тое, чаго прагне большасьць насельніцтва. Тады іх падтрымаюць. А Эўропа ад нас далёка — народу гэтыя праблемы абыякавыя. Лукашэнка паступіў мудра, калі не разганяў гэты марш: адразу стала відавочна, колькі людзей насамрэч падтрымлівае апазыцыю”.

Эўропа ад Беларусі недалёка, спадар Голуб. Ужо амаль палова ўсяго пэрымэтру беларускай дзяржаўнай мяжы — мяжа з краінамі Эўразьвязу. І тыя сотні тысяч грамадзянаў Беларусі, якія стаяць у чэргах па візы ў амбасадах заходніх дзяржаваў, зусім неабыякава ставяцца і да факту гэтых чэргаў, і да новага кошту — 60 эўра за шэнгенскую візу, які ўводзіцца з новага году.

Іншая рэч — чаму на Эўрапейскі марш выйшла менавіта такая колькасьць людзей? Відавочна, варта ўлічваць і кампанію запалохваньня, і прэвэнтыўныя затрыманьні, і мінулы досьвед такіх акцыяў, якія рэдка заканчваліся мірна…

Ну а тых, хто не спалохаўся, каму сапраўды дарагія ідэалы эўрапейскай інтэграцыі і хто гатовы дзеля гэтых ідэалаў чымсьці ахвяраваць — столькі, колькі ёсьць.

Наш сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў, разважаючы пра вынікі Эўрапейскага маршу, зьвяртаецца да беларускіх міліцыянтаў, якія напярэдадні затрымалі многіх апазыцыйных актывістаў і абвінавацілі іх у лаянцы ці ў іншых непрыстойных паводзінах:

“Міліцыянцікі мае даражэнькія, рабэсп’еры неўтаймоўныя! Паслухайце мяне, немаладога ўжо чалавека. Я старэйшы за ўсіх вас (вы ж атрымліваеце пэнсію ў сорак пяць гадоў, а я маю куды больш), таму магу даваць вам парады.

Перш чым затрымліваць людзей, якія едуць у Менск на Эўрапейскі марш, разгарніце Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь ды пачытайце вось гэта:

“Артыкул 30. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца i выбiраць месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i бесьперашкодна вяртацца назад”.

Ці ўцяміце вы гэта калі небудзь, га? Мы маем права свабодна перамяшчацца й ехаць куды хочам, хоць да цешчы на бліны, хоць на Эўрапейскі марш!

Перш чым паклёпнічаць на людзей, быццам яны лаюцца матам, разгарніце Крымінальны кодэкс і пачытайце артыкул 188, які так і называецца: “Паклёп”. Дый у Адміністрацыйным кодэксе такі артыкул ёсьць.

Якое маральнае права вы маеце патрабаваць ад нас выкананьня законаў, калі самі парушаеце ўсё, што толькі можна парушыць?

І ці думаеце вы, што ўсе гэтыя людзі, якіх вы пакрыўдзілі ні за што, калі-небудзь зьбяруцца, ды й пададуць на вас у суд? Мяркуеце, што ў нашай краіне ніколі нічога ня зьменіцца?

Шаноўныя, я не дарма назваў вас рабэсп’ерамі. Пачытайце пра гэтага чалавека. Ён вельмі любіў класьці пад гільятыну сваіх палітычных апанэнтаў. І ці думаў ён, адцяпваючы галаву Людовіку XVI, што празь якіх-небудзь паўтара году й яму таксама адцяпаюць галаву на гільятыне? Пэўна, што не”.

Ня думаю, спадар Сырэль, што беларускіх міліцыянтаў надта турбуе лёс Рабэсп’ера. З таго часу мінула дзьвесьце гадоў, а гісторыю будучым беларускім міліцыянтам выкладаюць безь непажаданых палітычных паралеляў зь сёньняшнімі падзеямі ў Беларусі.

Іншая рэч —лёсы сьледчых НКВД-МГБ, якія фальшавалі справы, правакавалі даносы, выбівалі з арыштаваных сьведчаньні ў шпіянажы і шкодніцтве, катавалі ні ў чым не вінаватых людзей…

Яны спакойна дажываюць свой век, жывучы ў камфортных умовах, ганарацца сваімі шматлікімі ордэнамі, атрыманымі за выкрыцьцё “ворагаў народу”. Калі б хоць аднаго з гэтых людзей пазбавілі пэрсанальнай пэнсіі ды аддалі пад суд — думаю, і паводзіны міліцыянтаў і судзьдзяў у сёньняшняй Беларусі былі б зусім іншыя.

Даўні сябар “Свабоды” Ільля Копыл зь Менску разважае пра некаторыя асаблівасьці расейскай замежнай палітыкі. Ён піша:

“Вядомы польскі рэжысэр Вайда зьняў кінастужку “Катыньская трагедыя”. І адразу ж з Масквы пачуўся вокрык: “Як гэта ён пасьмеў без дазволу Крамля!” Там не жадаюць разумець, што на двары ўжо іншы час.

Але чаго можна чакаць, калі сам Пуцін, калі быў у Польшчы, сказаў, што злачынствы Гітлера і злачынствы Сталіна на адну дошку ставіць нельга. Можа, палякі павінны дзякаваць Крамлю, што іх суайчыньнікаў расстралялі ня немцы, а савецкі НКВД? Цынізм Пуціна ня мае межаў.

На мой погляд, кінастужка Вайды магла б стаць для Расеі вельмі зручным момантам, каб выказаць палякам спачуваньне, папрасіць прабачэньня, асудзіць масавы камуністычны тэрор, пакаяцца на дзяржаўным узроўні. Але якое пакаяньне, калі тэрор працягваецца?

Згадайце нядаўні скандал у Грузіі, вакол заяваў Акруашвілі пра тое, што прэзыдэнт Саакашвілі нібыта падбухторваў яго да забойства няўгоднага чыноўніка. Дэпутаты расейскай Думы тут жа адрэагавалі, накінуліся на грузінскага прэзыдэнта.

Але я ня памятаю, каб Дума адрэагавала на факт зьнікненьня беларускіх палітыкаў Ганчара і Захаранкі, на лёс кінутага ў турму Казуліна, Клімава ды іншых. Што гэта — падвойныя стандарты?”

Разьвітаньне з імпэрскім мінулым, з імпэрскай сьвядомасьцю бывае часам доўгім і пакутлівым, спадар Копыл. Каб прызнаць свае памылкі й прасіць дараваньня ў таго, хто меншы і слабейшы, патрэбны і час, і сьмеласьць, і пэўны ўзровень палітычнай мудрасьці.

Расея дагэтуль не перастала быць імпэрыяй. Ня толькі таму, што яна па-ранейшаму ўключае ў сябе дзясяткі нацыянальных ускраінаў, якія ў 1991 годзе ня сталі незалежнымі дзяржавамі толькі таму, што мелі статус аўтаномных, а не саюзных рэспублік у складзе СССР.

Як усясьветную дзяржаву, што мае права дыктаваць умовы малым суседзям, дагэтуль успрымае сваю краіну значная частка расейскага грамадзтва. А палітыкі, імкнучыся захаваць уладу, агучваюць гэтыя настроі і памкненьні ды імкнуцца падладжвацца пад іх.

На заканчэньне кароткі ліст-пытаньне ад Уладзімера Башкірава з Магілёва. Слухача цікавіць асоба выканаўчага сакратара беларуска-расейскага саюзу Паўла Барадзіна. Спадар Башкіраў піша:

“Чамусьці вельмі мала зьвестак пра гэтага чалавека, які займае ключавое месца ў саюзнай дзяржаве. Многія памятаюць, што ў свой час Паўла Барадзіна трымалі ў швайцарскай турме. У сувязі з гэтым цікава, хто заплаціў за яго тры мільёны выкупу? А калі ён не вінаваты, то ці вярнулі гэтыя грошы? Калі ж вінаваты, то чаму дагэтуль на свабодзе, ды яшчэ і пры такой саліднай пасадзе?”

Павал Барадзін, былы кіраўнік справаў расейскага прызыдэнта Ельцына, трапіў у швайцарскую турму як падазраваны ў карупцыі. Пры ім падпісваліся шматмільённыя кантракты на рэстаўрацыю маскоўскага Крамля з кампаніямі “Мабэтэкс” і “Мэрката”.

Сам Барадзін называе абвінавачаньні глупствам. Калі справа “Мабэтэксу” толькі распачыналася, тагачасны генпрокурор Расеі Юры Скуратаў даў санкцыю на ператрус у кватэры дачкі Барадзіна Кацярыны Сілецкай. Падчас ператрусу знайшлі рахункі на імя Сілецкай на два мільёны даляраў.

Паводле міжурадавага пагадненьня паміж Швайцарыяй і Расеяй, выклікаць на допыт у Люгана Барадзіна могуць толькі са згоды расейскай Генпракуратуры. Але пасьля адстаўкі Скуратава такую санкцыю, як лічаць многія назіральнікі ў Расеі, даваць няма каму.

Што да значнасьці пасады, якую займае Павал Барадзін у кіраўніцтве саюзнай дзяржавы, то тут, спадар Башкіраў, варта найперш улічваць адну істотную абставіну. Дзяржава гэтая створаная толькі на паперы і перажывае цяпер глыбокі крызіс, падобны на марудны распад.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG