Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: інвэстыцыі ў эканомікі краінаў СНД, за выняткам Беларусі, растуць


Ігар Карней, Менск Новая справаздача Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў сьведчыць: інвэстыцыі ў пераходныя эканомікі краінаў Паўднёва-Ўсходняй Эўропы і СНД у 2006 годзе дасягнулі самага высокага ўзроўню. Паводле экспэртаў ААН, замежныя інвэстары ўклалі ў рэгіён 70 мільярдаў даляраў, ільвіную долю якіх атрымала Расея – 29 мільярдаў. Беларусь на гэтым фоне выглядае больш чым сьціпла – крыху болей за 300 мільёнаў даляраў.

Аналітыкі ААН адзначаюць: пяць краінаў – Расея, Румынія, Казахстан, Украіна і Баўгарыя – у 2006 годзе мелі 82 % міжнародных інвэстыцыяў.

Лідэрам тут Расея, якая атрымала 29 мільярдаў. На долю яшчэ адной постсавецкай краіны – Казахстану – прыйшлося 6 мільярдаў даляраў, што больш за палову ўсіх інвэстыцыяў у сярэднеазіяцкія дзяржавы (замежныя інвэстары кантралююць 48 % казаскай нафты і газу).

Павялічваюцца інвэстыцыі ва Ўкраіну: у 2006-м яны склалі 5 мільярдаў даляраў. Істотна вырас давер да эканомікі Азэрбайджану. Прычынаю – паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату ў гэтай краіне і новыя праекты.

А вось Беларусь прамых інвэстыцыяў летась атрымала толькі 344 мільёны даляраў. Адзін з аўтараў справаздачы ААН Калман Калатай зьвяртае ўвагу, што Чэхія – краіна, параўнальная з гледзішча тэрыторыі і колькасьці насельніцтва зь Беларусьсю – атрымала інвэстыцыяў у 20 разоў болей.

Ніхто зь беларускіх дзяржаўных асобаў ня ўзяўся камэнтаваць лічбы, пакуль яны афіцыйна не надрукаваныя. А вось былы міністар эканомікі Беларусі Георгій Бадзей кажа, што сумнявацца ў іх праўдзівасьці не выпадае:

“Я незнаёмы з гэтымі лічбамі, але мяркую, што яны цалкам аб’ектыўныя. Напярэдадні нават па Беларускім тэлебачаньні перадавалі: Расея атрымала летась проста вялізныя інвэстыцыі, Украіна атрымлівае значныя інвэстыцыі. Так што гэта цалкам праўдападобна. Дарэчы, што да Беларусі, то тэлеаналітыкі сказалі: краіне, маўляў, ніякія інвэстыцыі не патрэбныя. Мы самі з вусамі... Пра што тады казаць?”

Карэспандэнт: “Дык што першапрычынай пасіўнасьці? Падатковая сытуацыя ці эканамічная непрадказальнасьць увогуле?”

“Відавочна, тут усё ў сукупнасьці. І папярэдне трэба ўсялякія рызыкі пралічваць. Дый трэба ўсьведамляць – здатная Беларусь гэтыя ўкладаньні выкарыстоўваць ці не?”

Карэспандэнт: “На ваш погляд, нядаўні продаж дзяржаўнай долі апэратара мабільнай сувязі “Velcom” ці можна лічыць за інвэстыцыі?”

“Гэта так званыя партфэльныя інвэстыцыі – замежнікі ўсё ж набылі акцыі. Гэта не наўпроставыя інвэстыцыі, не беспасярэдне ўкладаньні ў разьвіцьцё вытворчасьці, але гэта партфэльныя інвэстыцыі”.

Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, асноўнымі прамымі інвэстарамі беларускай эканомікі ёсьць Швайцарыя, Расея, Польшча, Аўстрыя, Нідэрлянды, Латвія. Паводле намесьніка міністра эканомікі Алега Мельнікава, які днямі выступаў на міжнародным кангрэсе ацэншчыкаў СНД, у першым паўгодзьдзі прыток замежных інвэстыцыяў у Беларусь склаў 2 мільярды даляраў. Па выніках 2006-га гэты паказьнік быў на ўзроўні 4 мільярдаў даляраў.

У чым прычына такіх розначытаньняў з аналітыкамі ААН? Меркаваньне эканаміста Cяргея Балыкіна:

“Магчыма, у Беларусі ёсьць нейкія іншыя крытэры для таго, каб ацэньваць гэтыя інвэстыцыі. Мабыць, нехта лічыць за інвэстыцыі адлічэньні ў статутныя фонды. Магчыма, наша статыстычнае ведамства дадае таксама да гэтага і доўгатэрміновыя крэдыты...”

Карэспандэнт: “Але ў параўнаньні з астатнімі краінамі сытуацыя насамрэч аб’ектыўна іншая?”

“Ну, а хто ж у нашу краіну будзе ўкладаць грошы? Няма ніякіх, па-першае, гарантыяў стабільнасьці заканадаўства. Па-другое, ніхто не гарантуе, што наша ўлада ўласнасьці гэтай не канфіскуе”.

Карэспандэнт: “То бок прытокі ва Ўкраіну ды Казахстан вы лічыце большымі?”

“Натуральна. Там і ўмовы лепшыя, і падаткі іншыя, і ўлада там іншая...”

• Чаму МВФ так супярэчліва ацэньвае беларускую эканоміку?, 06.09.2007 • "Экспэртыза "Свабоды": ці заўважныя зьмены ў палітыцы прыватызацыі?, 23.08.2007 • Разрыў паміж палітыкай і эканомікай – пагроза краінам зь пераходнай эканомікай, 11.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG