Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скасаваньне візавых санкцыяў: “за” і “супраць”


Ігар Карней, Менск Скасаваньне санкцыяў на ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША высокім чыноўнікам Узбэкістану выклікала неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Палітыкі й праваабаронцы кажуць, што рэжым Іслама Карымава нашмат больш жорсткі за цяперашні беларускі. Між тым, кіраўнікі Беларусі па-ранейшаму пэрсоны нон-грата ў Эўропе і за акіянам. У чым сакрэт “азіяцкага фактару”?

Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі кажа, што ў сытуацыях Беларусі і Ўзбэкістану трэба ўлічваць розныя фактары, якія ўплываюць на іх замежную палітыку:

“Што да Ўзбэкістану, то памятаю, быў да яго інтарэс. У тым ліку і ваенны ў зьвязку з Аўганістанам. Але я цяпер не магу ацаніць сытуацыю ва Ўзбэкістане і тыя зьмены, якія прывялі да прыняцьця такога рашэньня.

А што да Беларусі, то мне падаецца, пакуль вельмі прынцыповая пазыцыя застаецца і ў Злучаных Штатаў, і ў Эўрапейскага Зьвязу. Гэта зьвязана з тым, што ёсьць прапановы супрацоўніцтва і ёсьць умовы для гэтага супрацоўніцтва. І гэта, мяркую, наўрад ці будзе адменена.

І думаю, што для беларускіх людзей вельмі важна, каб яны даведаліся: ёсьць 12 прапановаў Эўразьвязу, і пры выкананьні вельмі простых прапановаў, якія амаль што нічога не каштуюць для Беларусі, Беларусь можа вельмі многае атрымаць ад супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Спадзяюся, што такая пазыцыя і застанецца”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька зьдзіўленая з рашэньня зноў пускаць у ЗША і Эўразьвяз высокіх узбэцкіх чыноўнікаў. Яе апошнія кантакты з узбэцкімі праваабаронцамі сьведчаць на тое, што ніякіх істотных зьменаў з правамі чалавека ў гэтай краіне не адбылося:

“Наконт Узбэкістану лепей і не запытвайце... Бо наконт Узбэкістану гэта фактычна ніяк нельга патлумачыць. Там ніякага паляпшэньня, нічога няма. Але гэта краіна стратэгічнага значэньня, побач Аўганістан, і таму маем тое, што маем.

Калі я ня так даўно была ў Злучаных Штатах, сустракалася там зь лідэрамі апазыцыйных партый, якія імігравалі з Узбэкістану. І тое, што там творыцца, паводле іх словаў, — гэта жудасна. Там праваабаронцам быць яшчэ горш, чым у нас. Не заўважыш, як цябе і ня будзе.

І тое, што творыцца цяпер ва Ўзбэкістане — дык нашы парушэньні ні ў якое параўнаньне нават не ідуць. Беларускае кіраўніцтва заўсёды гаворыць, што маўляў, існуюць падвойныя стандарты. І ў якасьці падвойных стандартаў якраз прыводзяць прыклад Узбэкістану. Гэта вялікая палітыка. Але і ў нас з розных меркаваньняў здымуць абмежаваньні на ўезд чыноўнікаў, не хвалюйцеся”.

Кіраўніца “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова ў сувязі з захадамі на скасаваньне санкцыяў супраць кіраўнікоў Узбэкістану бачыць цэлы шэраг перадумоваў, якія прынцыпова розьняцца ад беларускай сытуацыі:

“Самі як такія санкцыі неэфэктыўныя. Але ж калі яны ўжываюцца ў зьвязку зь іншымі мерамі ўзьдзеяньня на палітычны рэжым, тады, канечне, пра гэта можна разважаць і рабіць нейкія высновы.

Што тычыцца параўнаньня нашай сытуацыі з Узбэкістанам... Там, натуральна, асаблівая сытуацыя, гэта Азія. Там зусім іншыя стандарты. І, напэўна, зьняцьцё гэтых санкцыяў з вышэйшых узбэцкіх чыноўнікаў мае нейкі сэнс.

У нас усё ж эўрапейская краіна, і патрэбна, каб тут выконваліся перадусім эўрапейскія стандарты. Таму наш рэжым патроху падцягваюць і больш высокую планку ставяць, каб пераскочыў вядомы наш дзеяч.

Я мяркую, што ў нас таксама будуць зьмены, абавязкова. Можа, крышку трэба пачакаць, каб таксама мець вынік, як цяпер маюць ва Ўзбэкістане”.

• "Пародыя" – рэакцыя праваабаронцаў на прыпыненьне санкцыяў ЭЗ супраць Узбэкістану, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG