Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Менскай рады прадпрымальнікаў А.Макаеў: “Будзе сацыяльны выбух!”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня прадпрымальнікі Беларусі знаёмяцца з новымі ўказамі Аляксандра Лукашэнкі, якія датычаць іхнай дзейнасьці. Экспэрты адзначаюць, што ўлада імкнецца падштурхнуць індывідуальных прадпрымальнікаў да стварэньня прыватных унітарных прадпрыемстваў.

Старшыня Менскай рады прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў сёньня заявіў Радыё Свабода:

“Адзін указ стварае лепшыя ўмовы для прыватных унітарных прадпрыемстваў. Пры іх рэгістрацыі амаль што няма буйных выдаткаў, бо спрасьцілі парадак спагнаньня матэрыяльнага мыта і перадачы маёмасьці. Другі ўказ рэглямэнтуе, што ўжо не 10% ад агульнага таваразвароту трэба плаціць дзяржаве, а 20% — ад прыбытку. І да гэтага ёсьць шмат пытаньняў.

Ва ўказах не вырашаецца пытаньне закупаў. Дзяржава не стварыла ўмоваў для легалізацыі тавару за расейскай мяжой. Так што гэтымі ўмовамі тысяч дзесяць прадпрымальнікаў з усіх дзьвюхсот тысяч здолеюць скарыстацца. А астатнія зноў застануцца ля разьбітага карыта. Будзе прадпрымальніцкі выбух!”

Першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту прадпрымальніцкай дзейнасьці Міністэрства эканомікі Аляксандар Тапілін лічыць, што новыя ўказы спросьцяць сыстэму перарэгістрацыі:

“Я не магу камэнтаваць іх. Я ня ведаю, адкуль яны лічбы бяруць? Тыя ж 10%? Значыць, астатнія прынялі рашэньне працаваць самастойна. Я ж ня ведаю... Але ўмовы для ўтварэньня юрыдычнай асобы ў спрошчаным выглядзе створаныя. І дапаўненьне — гэтыя ўказы”.

А вось што мяркуе эканаміст Леанід Заіка:

“У прынцыпе, нейкі невялікі адкат ёсьць. Але гэта прынцыпова праблемы не вырашае. Для такіх прадпрымальнікаў, якія, скажам, маюць аб’ём продажу менш за 10 тысяч даляраў у месяц, трэба выдаваць патэнт. Заплаціў тысячу даляраў — і ўсё. І не патрэбен бугальтарскі ўлік ды іншае. Аднак у Беларусі — сацыялізм. Тут савецкія чыноўнікі, намэнклятура. Яны імкнуцца ўсё рэгуляваць. Вось і ўся сутнасьць праблемы”.

Учора Аляксандар Лукашэнка падпісаў указы, якія спрашчаюць утварэньне індывідуальнымі прадпрымальнікамі прыватных унітарных прадпрыемстваў.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, індывідуальны прадпрымальнік зможа пры фармаваньні статутнага фонду прадпрыемства ўносіць у якасьці неграшовага ўкладу тавары, што былі ўвезеныя да даты дзяржаўнай рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства, без іх мытнага афармленьня і ўплаты мытных плацяжоў.

За ствараным прадпрыемствам замацоўваецца на праве гаспадарчага вядзеньня маёмасьць, якая ня будзе зьяўляцца бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогай. У прыватнасьці, тыя тавары (прадукцыя, абсталяваньне), што застануцца ў наяўнасьці ў індывідуальнага прадпрымальніка да моманту стварэньня ўнітарнага прадпрыемства.

Індывідуальнаму прадпрымальніку даецца магчымасьць дзяржаўнай рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства пры наяўнасьці ў яго растэрмінаванай запазычанасьці па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Ён таксама вызваляецца ад сплаты дзяржаўнага мыта за натарыяльныя дзеяньні, зьвязаныя са стварэньнем прадпрыемства.

• Чаму гомельскія прадпрымальнікі не сьпяшаюцца ствараць прыватныя прадпрыемствы?, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG