Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму гомельскія прадпрымальнікі не сьпяшаюцца ствараць прыватныя прадпрыемствы?


Радыё Свабода, Гомель Сёньня ў беларускіх дзяржаўных мэдыях надрукавалі новыя ўказы прэзыдэнта — наконт перарэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, а таксама пра абмежаваньне ўвозу аўтамабіляў для няўласьнікаў.

Прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия” абвясьціла, што ўказы “спрашчаюць умовы прадпрымальніцкай дзейнасьці” і робяць прасьцейшым працэс перарэгістрацыі.

Тым часам чыноўнікі на месцах асьцярожныя ў ацэнках.

У Гомельскім аблвыканкаме, напрыклад, на пытаньне “Як адбываецца працэс перарэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у рэгіёне?” адказваюць стрымана.

Чыноўнік: “Ну, ідзе пакрыху... Тэндэнцыі агульныя паўсюль”.

Карэспандэнт: “На ваш погляд, указы прэзыдэнта, якія сёньня зьявіліся ў друку, могуць паскорыць гэтую справу?”

Чыноўнік: “Ну, пакуль цяжка сказаць. Мусіць жа пэўны час прайсьці”.

Суразмоўца — супрацоўнік аддзелу прадпрымальніцтва Гомельскага аблвыканкамy. Але назваць сваё прозьвішча ён адмаўляецца.

Чаму ж не сьпяшаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі ствараць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы?

Гаворыць спадар Уладзімер, прадпрымальнік з Цэнтральнага рынку Гомелю:

“Нашыя ўлады лічаць усіх за дурняў. Цяпер яны мякка сьцелюць, але потым будзе мулка спаць. Усе гэтыя размовы — падман. Празь месяц яны зноў зьменяць законы, і застанемся мы і без кватэраў, і без усяго. І без штаноў таксама. У мяне вось тут ёсьць адны парваныя нагавіцы, дык я і іх згублю. Забяруць у гэтыя крамы, дзе яны распрадаюць усё без сэртыфікатаў, без усяго”.

Калега спадара Ўладзімера зьвяртае ўвагу на фінансавы бок перарэгістрацыі:

“Кажуць, як лёгка перарэгістравацца, але ніхто ня кажа, як адразу павялічацца падаткі й нашыя выдаткі. На дзевяноста сантымэтраў гандлёвага прылаўка на рынку мне офіс не патрэбны. Мне дастаткова таго, што я маю. Якое гэта будзе прадпрыемства на дзевяноста сантымэтраў? Іншыя пункты я проста зачыню”.

Прадстаўнікі аўтабізнэсу ў новых абмежаваньнях на ўвоз аўтамашынаў таксама станоўчага бачаць мала.

“Памрэ аўтабізнэс. Людзі, якія займаюцца гэтай справай, ня змогуць зарабляць грошы. Людзі плацілі мыта на ўвоз, а цяпер дзяржава будзе губляць вялікія грошы”, — лічыць аўтабізнэсовец, які назваўся Віктарам.

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што новыя дэкрэты ня выправяць сытуацыі ў сфэры прадпрымальніцтва:

“Новыя дэкрэты ня выправяць крытычнай сытуацыі ў сфэры прадпрымальніцтва. Адзін зь іх увогуле нічога не спрашчае. Ён проста закрывае прарэхі ў іншых нарматыўных дакумэнтах.

Ёсьць і проста непрыемныя рэчы. Вось гэтыя ўказы дазволілі папярэджваць пра звальненьне за два тыдні. Гэта нядобра для наёмных працаўнікоў. Яны наўрад ці дзе так хутка адшукаюць працу”.

Учора Аляксандар Лукашэнка падпісаў указы, якія спрашчаюць утварэньне індывідуальнымі прадпрымальнікамі прыватных унітарных прадпрыемстваў.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, індывідуальны прадпрымальнік зможа пры фармаваньні статутнага фонду прадпрыемства ўносіць у якасьці неграшовага ўкладу тавары, што былі ўвезеныя да даты дзяржаўнай рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства, без іх мытнага афармленьня і ўплаты мытных плацяжоў.

За ствараным прадпрыемствам замацоўваецца на праве гаспадарчага вядзеньня маёмасьць, якая ня будзе зьяўляцца бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогай. У прыватнасьці, тыя тавары (прадукцыя, абсталяваньне), што застануцца ў наяўнасьці ў індывідуальнага прадпрымальніка да моманту стварэньня ўнітарнага прадпрыемства.

Індывідуальнаму прадпрымальніку даецца магчымасьць дзяржаўнай рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства пры наяўнасьці ў яго растэрмінаванай запазычанасьці па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Ён таксама вызваляецца ад сплаты дзяржаўнага мыта за натарыяльныя дзеяньні, зьвязаныя са стварэньнем прадпрыемства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG