Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская фірма падманула дзяржаву на 1,4 мільярда рублёў


Тацяна Поклад, Прага У Менску распачаты судовы працэс супраць чатырох прадпрымальнікаў, якія абвіначваюцца ў парушэньнях пры ўвозе ў Беларусь зь Літвы 160 новых аўтамабіляў “Fiat”, “Alfa Romeo” і “Lancia” ў 2002-2003 гг. Паводле прыдуманага адным з уласьнікаў менскай фірмы “Автодинамо” Аляксандрам Малышавым спосабу гандляры “ашчадзілі” на мытных падатках каля 1,4 мільярда рублёў.

Да сьнежня 2005 году аўтамабілі, якія ўвозіліся ў Беларусь для асабістага карыстаньня, абкладаліся амаль удвая меншым падаткам, чым аўтамабілі, якія увозіліся для камэрцыйных мэтаў.

Набытыя ў Італіі новыя аўтамабілі дастаўляліся трэйлерамі літоўскай кампаніі “Autoverslas” у Літву, дзе нібыта прадаваліся прыватным асобам. Насамрэч гэта былі падстаўныя асобы, якія за свой подпіс у фальшывых дакумэнтах атрымлівалі ўзнагароды памерам у 50-100 даляраў.

Падстаўнымі асобамі былі прыбіральшчыкі, мэханікі – людзі, якія звычайна не набываюць для асабістага карыстаньня новыя італьняскія аўтамабілі кшталту “Alfa Romeo” альбо “Lancia”. Гэта і выдала прадпрымальнікаў-махляроў, распавяла літоўскім выданьням журналістка “Белгазэты” Алена Анкуда, якая сачыла за расьсьледваньнем у Беларусі і Літве.

Дамова з Італіяй парушалася

Схему падрабязна апісвае літоўская газэта “Klaipėda”. Аляксандр Малышаў стварыў у Літве ў 2001 годзе закрытае акцыянэрнае таварыства “Automainai”. Паводле дамовы з італьянскімі вытворцамі, аўтамабілі павінны былі накіроўвацца адразу ў Беларусь. Аднак спачатку яны траплялі ў Літву, дзе перарэгістроўваліся ў “Automainai”. 100% акцыяў гэтага закрытага акцыянэрнага таварыства належала грамадзяніну Беларусі Аляксандру Малышаву.

Афіцыйна “Automainai” займалася арэндай, продажам і тэхнічным аглядам аўтамабіляў. “Фірма акуратна выплачвала падаткі ў Літве і мы ня мелі ніякіх прэтэнзіяў”, – паведаміла прадстаўніца дзяржінспэкцыі Віленскай акругі Караліна Кажукаўскайтэ.

Літоўскую фірму пасьпелі прадаць

Тым часам беларускія праваахоўчыя органы пачалі ўвесну 2005 году высьвятляць сыстэму продажу італьянскіх аўтамабіляў, а ў 2006 годзе А.Малышаў прадаў акцыянэрнае таварыства “Automainai” літоўскім прадпрымальнікам. Цяпер фірма з такой самай назвай ад красавіка 2006 году гандлюе харчовымі дадаткамі. У фірме працуюць стала 3 чалавекі, і яе дырэктар Мілда Сьметанайтэ цьвердзіць, што не знаёмая з ранейшым уласьнікам А.Малышавым.

“Я сама прыйшла ў гэтую кампанію нядаўна. Ня ведаю, чым раней тут займаліся. Нават ня ўпэўненая, што гэта –тая самая фірма. Калі прыйшла сюды, зразумела, што ранейшая дзейнасьць была даўно спыненая. Пры набыцьці фірмы былы гаспадар цьвердзіў, што нейкі час у ёй ня было актыўнай дзейнасьці”.

У Літве пакінулі даўгі

Тым часам іншая літоўская кампанія цьвердзіць, што Аляксандр Малышаў прадаў “Automainai”, пакінуўшы даўгі. Дырэктар кампаніі “Baltrisk” Юстынас Алекна кажа, што таварыства “Automainai” пры кіраваньні А.Малышава не разьлічылася з адным з пастаўшчыкоў.

Тым часам Аляксандр Малышаў, якому пагражае да 10 гадоў зьняволеньня, хаваецца за мяжой, а перад судом стануць трое супрацоўнікаў “Автодинамо”. Літоўская “Kauno diena” са спасылкай на А.Анкуду піша, што А.Малышаў хутчэй за ўсё хаваецца ва Ўкраіне ці ў Італіі. Беларускія праваахоўчыя ворганы не адхіляюць магчымасьці, што А.Малышаў можа быць і ў Літве, бо ён мае дазвол на жыхарства ў гэтай краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG