Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Беларусі адменяць сьмяротнае пакараньне?


Іна Студзінская, Менск 10 кастрычніка — Эўрапейскі дзень барацьбы зь сьмяротным пакараньнем. Гэты дзень ініцыяваў Камітэт міністраў Рады Эўропы. 129 краінаў сьвету скасавалі сьмяротнае пакараньне ў заканадаўстве альбо на практыцы: 89 цалкам адмовіліся ад сьмяротных прысудаў; 10 захавалі пакараньне сьмерцю за ваенныя злачынствы; 30 увялі мараторый на выкананьне прысудаў. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць асабліва цяжкія злачынствы, за якія прадугледжаная кара сьмерцю. Ці адменяць у Беларусі сьмяротнае пакараньне?

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Архіпаў выказаў такое меркаваньне:

“Калі б грамадзтва дасьпела, і на рэфэрэндуме бальшыня выступіла б за адмену сьмяротнага пакараньня, пытаньняў ніякіх не было б. Грамадзтва выступіла зь іншай пазыцыяй. Магчыма, па часе будзе абвешчаны мараторый. Абмяркоўваецца і гэтая магчымасьць”.

У Беларусі за апошнія дзесяць гадоў на сьмерць асуджаны 161 чалавек, толькі аднаго зь іх памілаваў прэзыдэнт.

Алег Алкаеў з 1996-га да 2001 году быў начальнікам сьледчага ізалятару на Валадарцы. Менавіта ягоныя падначаленыя выконвалі сьмяротныя прысуды, і ён знаёміўся з усімі “расстрэльнымі” справамі.

Тады ў Беларусі, сьцьвярджае спадар Алкаеў, штогод выконвалі да сарака сьмяротных прысудаў. Ён кажа, што заўсёды застаецца сумнеў ці адчуваньне несправядлівасьці:

“У маёй практыцы быў такі выпадак: калі забілі міліцыянта, у забойстве ўдзельнічалі чатыры чалавекі. Аднаго прысудзілі да сьмяротнага пакараньня, траім далі розныя тэрміны зьняволеньня.

Дык маці таго, каго прысудзілі да пакараньня сьмерцю, дамагалася не таго, каб сына памілавалі, а каб тых трох таксама прысудзілі да расстрэлу. Калі цяпер узважыць усё, я за адмену сьмяротнага пакараньня”.

Славамір Антановіч: “Я не падтрымліваю тых хістаньняў, якія робяць многія дзяржавы, каб толькі ўступіць у Раду Эўропы.”
Пісьменьнік і журналіст Славамір Антановіч шмат гадоў працаваў у Вярхоўным Судзе, пракуратуры рэспублікі, ён аўтар некалькі дакумэнтальных кніг. Адна з апошніх — “Жыцьцё па-за законам”, пра крымінальныя справы, паводле якіх вынесьлі сьмяротныя прысуды:

“Я не падтрымліваю тых хістаньняў, якія робяць многія дзяржавы, каб толькі ўступіць у Раду Эўропы. Сёньня людзям, якія зьдзяйсьняюць такія жудасныя забойствы, згвалтаваньні, нельга пакідаць жыцьцё, каб яны карміліся коштам дзяржавы і жылі.

Каб вы паглядзелі на гэтых людзей — а я семдзесят сьмяротнікаў бачыў, якіх прывозілі ў Вярхоўны Суд — нельга ім дараваць, што яны зьдзекаваліся зь людзей, адбіралі самае дарагое — жыцьцё, і не адно. Я супраць адмены сьмяротнага пакараньня”.

Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе сьмяротная кара не адмененая і на яе не накладзены мараторый, як у Расеі.

Аляксандар Архіпаў перакананы, што неабходны паэтапны пераход да замены сьмяротнага пакараньня:

“Прынялі новае заканадаўства, альтэрнатыву сьмяротнаму пакараньню — пажыцьцёвае зьняволеньне. Гэты від пакараньня як такі будзе проста зьнікаць. Чатыры-пяць чалавек у год сёньня прысуджаюцца да сьмяротнага пакараньня. У тры-чатыры разы больш за тыя злачынствы, за якія раней было сьмяротнае пакараньне, прыгаворваюцца да пажыцьцёвага зьняволеньня. Ідзем паціху, паэтапна”.

Алег Алкаеў: “Калі ў кодэксе ня будзе гэтага “расстрэльнага артыкулу”, тады можна лічыць, што гэта пытаньне вырашанае.”
Былы начальнік сьледчага ізалятару Алег Алкаеў перакананы, што трэба ісьці ня шляхам мараторыяў на сьмяротнае пакараньне, замены на пажыцьцёвае зьняволеньне, а кардынальна мяняць крымінальнае заканадаўства:

“Вось калі ў кодэксе ня будзе гэтага “расстрэльнага артыкулу”, тады можна лічыць, што гэта пытаньне вырашанае. А пакуль у Крымінальным кодэксе ёсьць, то, не зважаючы на ўсялякія мараторыі, гэта дамоклавым мячом будзе вісець над усімі”.

• В. Amnesty International: "Беларусь – адзіны кат", 10.10.2007 • В. Лічба дня: 161 чалавек, 10.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG