Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі: пасьля аднадзённага — страйк бестэрміновы?


Алесь Дашчынскі, Менск Індывідуальныя прадпрымальнікі плянуюць пачаць бестэрміновы агульнарэспубліканскі страйк ад 1 студзеня 2008 году. Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэту ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў. Сёньня ж удзельнікі аднадзённага страйку сустрэліся з прадстаўнікамі мясцовых уладаў.

Удзельнікі страйку сустрэліся ў Менску з начальнікам упраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандрам Каліноўскім. Сустрэча праходзіла ў гарадзкім Цэнтры нерухомасьці.

Паводле сябра аргкамітэту ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Мікалая Рамашына, сустрэчу арганізавалі, каб зьняць напружаньне сярод бізнэсоўцаў:

“Ніхто нічога адтуль істотнага ня вынес. Зноў жа — ён сказаў: вы давайце нам прапановы, а мы будзем разглядаць. Гэтых прапановаў было напісана ўжо тысячы. Пераход у гэтыя “чупы” (прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. — А.Д.) проста не прадуманы. Проста чыноўнікам вельмі хочацца загнаць нас усіх у “чупы”. І зноў жа ўся гэтая сыстэма празрыстасьці эканоміцы не прыносіць. Шмат прапановаў ужо падавалася. У мяне ўжо ў машыну ня ўлазяць усе гэтыя прапановы”.

Сёньня ў Слоніме частка індывідуальных прадпрымальнікаў ня выйшла на працу і працягвае страйкаваць.

Адзін зь бізнэсоўцаў, які не пажадаў назваць свайго імя, сказаў:

“Яны не выходзяць ад 1 кастрычніка. Страйк можа быць бестэрміновы — пакуль яны ня вырашаць сваіх праблемаў. Пакуль яны сказалі так: мы ня выйдзем да таго часу, пакуль ня вырашым гэтай праблемы, хаця б адмяніць штрафныя санкцыі й канфіскацыі. Спыніць праверку кнігаў, зрабіць мараторый”.

Да страйкоўцаў у Слонім прыехалі чыноўнікі з вобласьці.

Старшыня аргкамітэту ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў пра ўчорашні агульнарэспубліканскі страйк заявіў:

“Я думаю, што вынік ёсьць, калі па рынках ходзяць чыноўнікі, пачынаюць сёньня пранюхваць, чаму страйкавалі. Недзе некага ў адміністрацыю выклікаюць. Гэта агульная сытуацыя ў гарадах. Калі сёньня ў Менску селі за стол перамоваў, нават імітуюць іх, гэта сьведчыць пра тое, што ўлада напужаная. Яны не чакалі, што столькі народу спыніцца пры такім малым інфармаваньні”.

Паводле зьвестак аргкамітэту ў стварэньні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, разам страйкавалі каля 30 тысяч чалавек. Гэта бізнэсоўцы Менску, Бабруйску, Віцебску, Рэчыцы, Баранавічаў, Сьветлагорску, Слуцку, Барысава, Пінску і іншых гарадоў.

У дэпартамэнце прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі заявілі, што страйкавалі толькі ў Менску. Астатнія зьвесткі, маўляў, пакуль толькі зьбіраюць.

Віктар Гарбачоў заявіў:

“У гарадах правялі анкетаваньне на тых рынках, дзе праходзіў страйк. І ўчора на рынках прымалася рашэньне, што калі 760-ты і 302-гі ўказы прэзыдэнта не адменяць і рэпрэсіі ня спыняцца супраць прадпрымальнікаў, то з новага году аб’явяць бестэрміновы, без аплаты падатку страйк — ад 1 студзеня. Нехта прапаноўваў ад 1 лістапада, але бальшыня выказалася за 1 студзеня. За спыненьне ўсіх рынкаў Беларусі”.

• На страйк прадпрымальнікаў у Менску прыехалі гарадзкія чыноўнікі, 2.10.2007 • Фотарэпартаж са страйку прадпрымальнікаў, 2.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG