Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І праз 30 гадоў “Калігула” ў Беларусі забаронены


Ігар Карней, Менск Дэпартамэнт кінэматаграфіі Міністэрства культуры Беларусі абнавіў сьпіс фільмаў, забароненых і абмежаваных да паказу на тэрыторыі краіны. На сайце ведамства зьмешчаныя 84 назвы кінастужак замежных вытворцаў.

Ці перашкаджае культура беларусаў прагляду парнаграфіі?

Старшыня Рэспубліканскай камісіі ў справе папярэджаньня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці Ніна Фральцова пераконвае: усе забароненыя да паказу стужкі не нясуць практычна ніякай сэнсавай нагрузкі, а прапагандуюць парнаграфію, гвалт і жорсткасьць.

Спадарыня Фральцова сьцьвярджае: адсутнасьць у пракаце забракаваных фільмаў наўрад ці хвалюе беларускае грамадзтва, якое перасыцілася парнафільмамі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х і цяпер мае патрэбу ў зусім іншым рэпэртуары:

“Народ наш не такі ўжо непісьменны. Часам гэтаму я шчыра радуюся: так, я аптымістка па натуры і радуюся за наша насельніцтва. То бок, у замочную шчыліну неяк людзям няма сэнсу і зазіраць. Відавочна, што ў іх нейкія іншыя прыярытэты ёсьць, жывуць, як кажуць, не адзіным “гэтым”. Нават зьвярніце ўвагу на стужкі, якія, да прыкладу ідуць ня вялікім экране і таксама трапляюць і ў поле вашага зроку. А гэта пракатная сетка, якая ў нас даволі на відавоку. І што? Няма патрасеньняў, як раней. Відэахоўм-рынак гэтаксама стабілізаваўся.

У нас на гэтым рынку ўсё нармалёва, цывілізавана. Усё ж зрух у бок Эўропы, хоча хтосьці таго альбо не, але ён ёсьць. І плюс да гэтага ёсьць аснова для такога набліжэньня – гэта высокі ўзровень культуры насельніцтва, як я лічу. Менавіта ў гэтым пытаньні. Астатняе я не бяру, бо астатняга хапае ўсялякага”.

“Вудстак” прыраўнаны да “Жывой мярцьвячыны”

Як лічаць кінакрытыкі, бальшыня забароненых да паказу на тэрыторыі Беларусі фільмаў маюць нізкую мастацкую вартасьць і наўрад ці гледачы нешта страцяць, не паглядзеўшы “Пекла канібалаў” ці “Дом 1000 нябожчыкаў”. Аднак пад забарону патрапілі два фільмы італьянскага рэжысэра Тынта Браса, якія лічацца клясыкай усясьветнага кінэматографа – “Калігула” (1977 год) і “Мужчына, які сочыць” (1994 год). Абодва забароненыя ў 1999-м.

Дэпартамэнт кінэматаграфіі Міністэрства культуры Беларусі забараніў нават жартаўлівыя стужкі. У прыватнасьці, “Бура ў шклянцы” – пародыя на знакамітыя “Зорныя войны”. Не дазволены да пракату канцэртны запіс фэсту “Вудстак-99”, прысьвечаны 30-годзьдзю аднаго з самых вядомых у сьвеце рок-фэстаў.

Апроч васьмі дзесяткаў забароненых да паказу на тэрыторыі Беларусі стужак, існуе ў разы большы пералік фільмаў, якім нададзеныя ўзроставыя ды іншыя абмежаваньні. У прыватнасьці, Э18 – “эротыка”, забароненая да 18 гадоў.

Сёлета найбольш даліся ў знакі канадыйскія кінавытворцы: забароненыя да паказу канадыйская стужка “Сьпі са мной”, а таксама сумесныя канадыйска-амэрыканскія “Цыгарэтныя апёкі” і “Падвязіце”. Таксама абмежаваньні накладзеныя на распаўсюд амэрыканскіх фільмаў “Сайман гаворыць”, “Тэхаская разьня бэнзапілой” і “Шорт бас”.

Беларускі рэжысэр Юрый Хашчавацкі перакананы: беларускія экспэрты не туды прыкладаюць свой імпэт:

“Наша Міністэрства культуры ўжо даўным-даўно пераўтварылася ў афіцыянта, у абслугу для ўладаў. Вось, уласна кажучы, і ўсё яго роля. Бо сапраўдную парнаграфію яны павінны былі б шукаць зараз на Беларускім тэлебачаньні, дзе кожны дзень эфір забіты гэтай парнаграфіяй – у навінах, у іх палітычных камэнтарах, у аналітыцы. Вось там трэба было б іх чысьціць, і вельмі сур’ёзна”.

Фармальна дазволеныя, фактычна забароненыя

У сьпісе забароненых да паказу кінастужак няма беларускіх. Але ў жанры мастацкага кіно адным зь першых пацярпеў Андрэй Кудзіненка, які зьняў трылёгію “Акупацыя. Містэрыі”. Паводле дзяржаўных чыноўнікаў, падзеі вайны Кудзіненка падаў ня так, як гэта раіць афіцыйная гістарыяграфія. Больш за 10 гадоў на замежжа працуюць Юры Хашчавацкі, Віктар Дашук, Леанід Міндлін.

Сярод апошніх прыкладаў – паўгадзінная стужка Ірыны Пісьменнай і Мікалая Дзінава “Дарога дадому”, прысьвечаная Васілю Быкаву. Спадарыня Пісьменная прызнае, што не пазначаная ў міністэрскіх сьпісах забарона на пракат фільма мела для іх адчувальны нэгатыўны эфэкт:

“Маральныя выдаткі, матэрыяльныя выдаткі мы панесьлі, канешне. Бо зьнялі стужку на ўласныя грошы. Таму з гледзішча маральнага і фінансавага мы пацярпелі, і прычым моцна”.

Карэспандэнт: “У прынцыпе, удаецца стужку паказваць дзесьці за межамі Беларусі?”

“За межамі краіны? Так. Мы паказалі фільм у Францыі, у Нямеччыне паказалі. Але што з гэтага, па вялікаму рахунку? Дзе яшчэ мы можам яго паказаць? Калі гэта ад пачатку зроблена для беларускага гледача, то трэба каб менавіта беларусы яго і глядзелі, а так... Да таго ж, каб паехаць, дапусьцім, у Сыбір, аднаго жаданьня мала. Трэба перадусім самому туды ехаць. А дзеля гэтага патрэбныя немалыя грошы на дарогу; папярэдне дамовіцца пра выдаткі, з заляй, з пракатам. І гэта ўсё, вы ведаеце, немалыя сродкі”.

Эратычная прадукцыя пераведзеная ў катэгорыю татальнага дэфіцыту, 28.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG