Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Аляксей Каўка, Алесь Камоцкі, Анатоль Сідарэвіч


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”

АЎТАР І ТВОР

АЛЯКСЕЙ КАЎКА: “ДА ПОМНІКА ЯНКУ КУПАЛУ ІДУЦЬ МАСКВІЧЫ”

Аляксей Каўка паводле месцажыхарства – масквіч, паводле пашпарту – грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Ён усё жыцьцё займаецца беларусікай, мае навуковыя ступені доктара філялягічных і кандыдата гістарычных навук, працяглы час рэдагаваў часопіс “Советское славяноведение”. 20 верасьня слынны навуковец адначыў сваё 70-годзьдзе, з чым яго па тэлефоне й павіншаваў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Аляксей, дай вам Божа й надалей жыць гэтак прыкметна, як вы пражылі семдзесят гадоў!”

Аляксей Каўка: “Дзякуй, прыемна пачуць віншаваньне з Радзімы”.

Скобла: “Можна назваць зь дзясятак выхадцаў з Беларусі, якія, жывучы ў Маскве, пра свае беларускія карані ўспамінаюць толькі тады, калі гэта палітычна мэтазгодна. Вы паводле месца жыхарства – масквіч, паводле пашпарту – грамадзянін Расеі, жывяце прыкметна як беларускі літаратар, як беларускі гісторык. Як вам удаецца захоўваць сваё беларускае “я” ў штодзённым сутыкненьні з расейскім соцыюмам?”

Каўка: “Мушу запярэчыць адносна вашага папроку на адрас беларусаў у Маскве, ці ўвогуле ў Расеі – у сэнсе недэманстраваньня імі сваёй беларускасьці. Зьнешне з гэтым можна пагадзіцца, але з асабістых назіраньняў ведаю, што беларусы тут, у Маскве, і палітыкі, і генэралы, людзі розных прафэсій, усё ж глыбока ў душы маюць нацыянальнае беларускае нераўнадушша”.

Скобла: “А каго канкрэтна з маскоўскіх беларусаў вы маглі б назваць?”

Каўка: “Ну хоць бы Ўладзімера Кавалёнка, постаць, што ні кажыце, легендарную. Неадназначная асоба, калі падыходзіць з палітычнага гледзішча. Ён трохі “неабачліва” паўдзельнічаў у беларускім адраджэньні, у 1991 годзе заносіў бела-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет. Прыстасавальніцтва характэрнае ня толькі для маскоўскіх беларусаў, гэта ўвогуле наша нацыянальная рыса. Я б сказаў, што гэта – тактыка, а не стратэгія. Так што давайце гэта браць пад увагу.

Што датычыць мяне, то мая прафэсія, мая грамадзянская пазыцыя вымагалі ад мяне калі не дэманстрацыі, то пэўнай праявы беларускасьці. А калі ты яе выяўляеш ці то ў друкаваным слове, ці то ў публічным выступе, то не заўсёды гэта сустракаецца з адэкватным разуменьнем. Даводзілася й палемізаваць, і бараніцца, і часам злавацца. Жыцьцё ёсьць жыцьцё”.

Скобла: “За сорак гадоў жыцьця ў Маскве ці даводзілася вам сутыкацца з праявамі расейскага шавінізму?”

Каўка: “У адносінах асабіста да мяне – не. Я пераканаўся, што ўрэшце ўсё залежыць ад цябе, ад таго, як ты маніфэстуеш, як ты выяўляеш сваю беларускасьць. Якія аргумэнты ты прыводзіш, праз якую сыстэму паводзінаў ты яе зьдзяйсьняеш. Калі чалавек адукаваны, калі ён ведае сваю расейскую культуру, усё ж такі яго можна пераканаць. Горш бывае, калі сядзіш за адным сталом ці, крый Божа, у адной палаце ляжыш тыдні два. І твой суразмоўца пачынае захапляцца: “Вось бы нам “бацьку” такога, які б навёў парадак у нашым расейскім бэдламе”... От тады сьцісьнеш зубы й маўчыш… Бо адчуваеш – усе твае тлумачэньні ня дойдуць”.

Скобла: “Часта гаворыцца, што беларусы й расейцы – народы-браты. Але братэрства таксама рознае бывае, здараецца й Каінава... Што перашкаджае расейскай культурнай эліце ставіцца да беларусаў як да дзяржаўнага народу?”

Каўка: “Расейская літаратура адэкватна так і не адазвалася на “беларускае пытаньне”. І тут мне хочацца згадаць адзін выпадак. Памятаеце, гадоў дзесяць таму ўжо такая інтэграцыя пачалася: адзіны народ, адзіная дзяржава, адзіны рубель... Здавалася, вось-вось, і Беларусь з Расеяй аб’яднаюцца. І мы задумалі правесьці ў Маскве форум дзеячаў культуры зь лёзунгам ледзь ня “Рукі прэч ад незалежнай Беларусі!”. І я патэлефанаваў Васілю Быкаву – ці не згадзіўся б ён узяць удзел у форуме. І Васіль Уладзімеравіч астудзіў мой донкіхоцкі імпэт. Ён сказаў літаральна наступнае: “Што вы мне гаворыце? Колькі я ні кантактую з расейскімі калегамі, і ніколі, за невялікім выняткам пісьменьнікаў-габрэяў, я не адчуў спагады й разуменьня зь іх боку”.

А перашкаджае адносіцца да нас адпаведна найперш беларуская палітыка, паводзіны цяперашніх беларускіх структураў. Бачыце, з Украінай Расея такіх паводзінаў, як зь Беларусьсю, сабе не дазваляе. Вось калі мы дачакаемся свайго сувэрэннага беларускага гаспадара, нацыянальна-сьвядомых дыпляматычных структураў, якія будуць праводзіць нацыянальна арыентаваную палітыку, тады зь Беларусьсю ўсе будуць лічыцца. Нам трэба пазбаўляцца нашага беларускага халопства. Наколькі мы зможам яго пазбавіцца, настолькі нас будуць паважаць і разумець у Расеі”.

Скобла: “Яшчэ два гады таму ў Маскве павінны былі адкрыць помнік Янку Купалу, які ўжо ўсталяваны на Кутузаўскім праспэкце. Але так і стаіць Купала, урачыста “не адкрыты”. Як вы лічыце – чаму?”

Каўка: “Гэта самае набалелае для мяне пытаньне. Мы ж тут варушыліся, як маглі, спрыялі ажыцьцяўленьню даўняй мары нашай суполкі – займець помнік Купалу ў Маскве. Але цудоўны помнік ужо два гады таму ўсталяваны, Купала пазірае на людзей, масквічы ідуць да помніка… Вось вам адвечнае супрацьстаяньне – “паэт і “чэрнь”. Што ж, калі гэтая палітычная “чэрнь” пачынае вырашаць лёсы культуры, гэта яе праблема. І ад гэтага ні культура, ні Купала, ні помнік яму – не цямнеюць. Можа быць, прадстаўнікі гэтай палітычнай “чэрні” зь беларускага й расейскага бакоў не дамовяцца й праз год, і праз два, і праз пяць... Гэта іх справы. А Янка Купала – вячысты Купала! – у Маскве стаіць, як сымбаль цудоўнай і нескаронай Беларусі”.

Скобла: “Вы па ўласнай ахвоце выдаяце ў Маскве гісторыка-літаратурны альманах “Скарыніч”. Калі чакаць новага нумару?”

Каўка: “Выйшла ўжо сем нумароў, неўзабаве дачакаемся й восьмага. У маім веку, як кажуць, ворыва ня надта глыбокае, але баразну трэба весьці далей”.

АЛЯКСЕЙ КАЎКА. З НОВЫХ ПЕРАКЛАДАЎ

З ЯЎГЕНА МАЛАНЮКА (УКРАІНА)

ФОРМУЛА

Баліць? Пячэ? Нічога, горш бывала. Згадай: Мазэпа і Куліш, нягож. Хай полымем шугае верш трывалы, І рыфмы раняць – як сьвяшчэнны нож. А ты трымціш. Баліць, што не зраслося... О, той паранены, нясьцерпны крок! А навакол – цьвярозай чэзьне восень, А дзесьці шэпчуць: пасланец, прарок. Гарчаць на вуснах нам радкі, як лекі – Глыне іх раб савецкі неўпадман, І – крылы вырастаюць у калекі, Лжэўладару ўцякае сон з павекаў І вось – густы – разьвеяўся туман. Не-не. Трывай. Спадзе хай смутак долу – Крылаты дух ляціць за небакрай. Крыві дай кроплю кожнаму глаголу. Маліся. Дзейнічай. Цярпі. Трывай.

ЗЬ ФЁДАРА ЦЮТЧАВА (РАСЕЯ)

SILENTIUM!

Ні перад кім не варушы Пласты таёмныя душы, Пакутаў боль, сьвятло надзей Трымай найдалей ад людзей. Вунь зоркі сьвецяцца ўначы – На іх дзівіся і маўчы.

Як сэрцу выжаліць сябе, Каб іншы зразумеў цябе? Табе баліць – чыя віна? А слова зычнае – мана. Струмень ціхутка звык цячы, Ім наталяйся і маўчы.

Бо толькі у табе, браток. Жыцьця спрадвечнага выток Імкне з глыбіняў сьветлых дум – Дык не аддай яго на глум І пастарайся ўберагчы, Пільнуйся праўды і маўчы.

* * * Не мітусіся, не скачы, Асудзіш ты – цябе асудзяць, І, раны гоячы ўначы, Рыхтуйся да таго, што будзе.

Прыстойна маеш перажыць Маркоту, радасьць і трывогу. Чаго жадаць, аб чым тужыць? Агоран дзень і – дзякуй Богу.

ЛІТПРАЦЭС

АЛЕСЬ КАМОЦКІ: “ДЛЯ ЧАЛАВЕКА ТВОРЧАГА САМЫЯ ГАЛОЎНЫЯ СЛОВЫ – “МНЕ ТАК ЗАХАЦЕЛАСЯ”

Днямі адразу дзьве паэтычныя кніжкі вядомага барда Алеся Камоцкага пабачылі сьвет. Незалежнае выдавецтва “Радыёла-плюс” выпусьціла зборнік “48”, у які увайшлі яго новыя вершы і пераклады, дапоўненыя фотаздымкамі Вадзіма Грудзько. А выдадзеную дзяржаўным выдавецтвам “Мастацкая літаратура” кнігу “Глыбіня дажджу” склалі выбраныя творы з ранейшых трох паэтычных зборнікаў паэта. Зь ім сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Глыбіня дажджу” выдадзеная ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” – даволі рэдкі па сёньняшнім часе факт, калі аўтара, незаангажаванага ў афіцыйную сыстэму каардынат, выдаюць у дзяржаўным выдавецтве. Спадар Алесь, як вам гэта ўдалося?”

Алесь Камоцкі: “Яны самі прапанавалі й даволі хутка зрабілі гэтую кніжку, што для мяне таксама было нечакана. Дарэчы, гэтая прапанова ў маім жыцьці першая, калі нехта захацеў выдаць мае творы, да гэтага і дыскі, і кніжкі я выдаваў без усялякае дапамогі, толькі сваім коштам. Мне вельмі прыемна, што нехта зьвярнуў увагу на тое, што я раблю”.

Аксак: “Гэтую кнігу склалі вашы ранейшыя і новыя вершы, у якіх чытач ня знойдзе твораў, што называецца, на злобу дня. Скажыце, вы адмыслова так яе склалі – з увагі на дзяржаўнага выдаўца, каб, так бы мовіць, не дражніць яго?”

Камоцкі: “Якая розьніца – дзяржаўнае ці недзяржаўнае? Няможна ўвогуле мысьліць такімі катэгорыямі. Мне гэта не падабаецца. Калі нехта разумее маю творчасьць – мне гэта прыемна. Мне прыемна, што нехта зьвярнуў увагу на мае вершы і сказаў: “Давай я табе выдам кнігу”.

Аксак: “Алесь, вы філёзаф паводле адукацыі. І цяпер аўтар ужо пяці паэтычных кніг і сямі музычных альбомаў. Самі сябе кім вы лічыце: паэтам, бардам, філёзафам?”

Камоцкі: “Філёзафам, які працуе па спэцыяльнасьці. Я працую, дзе прыйдзецца. Філёзаф – гэта чалавек, які ня мае спэцыяльнасьці і працуе там, дзе давядзецца”.

Аксак: “А як будзе называцца ваш новы музычны альбом?”

Камоцкі: “Пакуль што плянуецца назва “З бацькоўскай кружэлкі”. Але даўгавата. У мяне папярэднія называліся коратка – “Дым”, “Дом”, “Дах”. У гэты альбом увойдуць песьні 1930-1960-х гадоў мінулага стагодзьдзя, якія перакладзеныя з расейскай мовы”.

Аксак: “Гэта старыя савецкія шлягеры? Адкуль у вас такая настальгія па гэтых рэчах?”

Камоцкі: “Гэта не настальгія, а гэта тое, што ў мяне, хацеў я таго ці не, уклалі. Радыё круціла гэтыя песьні па некалькі разоў на дзень, і я не магу ня ведаць іх. Песьні пра партыю, пра Леніна таксама ўбітыя былі ў галаву, але я зь іх неяк саскочыў, а гэтыя дык успрымаю нармальна. Мне страшэнна падабаецца расейская народная песьня “Чорны воран”. Я яе па-свойму пераклаў, трохі наўмысна зьбіўшыся з вобраза. Гэта не зусім пераклады, таму што я адаптую зьмест. Калі, скажам, я перакладаю знакавую японскую песьню “Сакура”, то раблю гэта з двух падрадкоўнікаў, бо ня ведаю японскай мовы. Але я стараюся ўжыцца ў вобразы, пачынаю рыс есьці (сьмяецца). Але я ніколі не перакладу назву як “Сакура”, я перакладу як “Вішня”, пакідаючы ў зьмесьце дух і пах сакуры. Калі я перакладаю песьню “Летят перелётные птицы”, то я не магу напісаць “Когда обошёл я полмира, шагая с винтовкой в руке”. Я пішу: “У роднай сваёй Беларусі, дзе кожны куток дарагі”.

Аксак: “Вы пісалі песьні на ўласныя вершы, вы пісалі песьні на вершы Рыгора Барадуліна і Ўладзімера Караткевіча, іншых беларускіх паэтаў. Цяпер вы зьвяртаецеся да савецкіх шлягераў мінулага стагодзьдзя. Ці азначае гэта, што вы ўжо не знаходзіце нічога блізкага сваёй душы ў беларускай паэзіі?”

Камоцкі: “Тут увогуле прычына не вызначаецца. Проста цяпер я раблю гэта. Калі б я сказаў, што будзе наступнае – вы вельмі зьдзівіліся б… Але я не скажу. Больш я ня буду перапяваць чужыя песьні. Адзін раз паспрабаваў – не скажу, што гэта мне не спадабалася. Але ўсё ж дараблю да канца. Паралельна з гэтым я раблю і сваё нешта. Я лічу, што для творчага чалавека словы “мне так захацелася” – галоўныя словы. Але калі ён іх скажа і ня зможа зрабіць задуманае – гэта трагедыя для творцы. Мне так захацелася і я зрабіў”.

КРЫТЫКА.

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ. ПРА НАШУ БЯДУ

Дзеяслоў. 2007. № 4 (29)

Сёньня я не пра кнігу – пра чарговы нумар часопісу «Дзеяслоў», на пачатку верасьня атрыманы падпішчыкамі. І не пра бэлетрыстыку ў гэтым нумары, а якраз пра яго другую частку, дзе зьмяшчаюцца літаратуразнаўчыя, гістарычныя й публіцыстычныя матэрыялы. Ці гэта ўзрост такі, што мяне да суворай прозы хіліць, ці то мода такая пайшла, але з пэўнага часу пачынаю чытаньне часопісаў менавіта з другое іх палавіны, зь непрыдуманае прозы, зь літаратуры фактаў.

Немалы кавалак свайго жыцьця я правёў у Смалявічах, але нейк не давялося мне пазнаёміцца з тамтэйшай жыхаркай Леанілай Бортнік, якая ў свой час скончыла Віленскую беларускую гімназію, настаўнічала ў час вайны, а потым трапіла ў лягер... Пра ўсё гэта Леаніла Бортнік апавядае ў сваіх успамінах. У нас з аўтаркай быў агульны знаёмец – літаратуразнаўца прафэсар Мікола Грынчык. Зь ім Леаніла Бортнік настаўнічала ў час вайны. І яшчэ адна нітачка вядзе да супольнага з аўтаркай, бо яна – дачка cьвятара Аляксандра Барадзіна, які ў 1920-х гадах служыў на радзіме археоляга Міхася Чарняўскага – на Мядзельшчыне, а пазьней – у мястэчку Турэц. У Турэцкай царкве сьпяваў знакаміты Пётра Конюх (аўтарка называе яго Пецем). Калі Конюх чытаў «Апостала», дык ад ягонага голасу аж вісюлькі на панікадзіле пазвоньвалі. Так пісаў былы парафіянін Турэцкай царквы й вучань Турэцкай школы Янка Брыль. Пісаў ён і пра дыякана Аляксандра Барадзіна...

Вось так ад успамінаў Леанілы Бортнік, якая памятае юнага Янку Брыля, які пасьля заканчэньня сямігодкі прыходзіў у Турэц да свае настаўніцы, пані Марыі Пранеўскай, па кнігі, я пераходжу да тэксту Анатоля Кудраўца «І сонечнае цяпло, і радасьць» з падзагалоўкам «Успамін пра Янку Брыля». Менавіта гэтак: успамін, а не ўспаміны. Пра тое, як з апавяданьня «Надпіс на зрубе», надрукаванага ў «Полымі» й прачытанага ў знакамітым унівэрсытэцкім інтэрнаце на вуліцы Сьвярдлова, пачалося сапраўднае Кудраўцова зацікаўленьне Янкам Брылём, пачаўся Брылёў уплыў на студэнта-філёляга, які праз кароткі час і сам стане пісьменьнікам, як гэта кажуць, брылёўскае школы.

Памятаю, як, бывала, ідучы па вуліцы Фрунзэ ў Менску (у Дом літаратара, або з гэтага Дому), Янка Брыль неадменна стукаў у адну шыбку, і ў акне зьяўляўся ўсьмешліва-барадаты твар Навума Кісьліка, паэта й перакладчыка, якога цаніў другі Навум – Каржавін. А ўспаміны пра Навума Кісьліка (нават не ўспаміны, а згадкі) напісаў трэці Навум – Цыпіс.

Да мэмуарнага жанру можна аднесьці й пэўныя эсэ Ніла Гілевіча, што публікуюцца ў разгляданым нумары «Дзеяслова». Зрэшты, публікацыю цэлага цыклю эсэ «Пры крыніцах гаючае вады» Ніл Гілевіч распачаў у папярэднім, трэцім, нумары «Дзеяслова» за гэты год. Паэт выяўляе сваю (не пабаюся гэтага слова) закаханасьць у Вацлава Ластоўскага й Паўлюка Труса, разважае пра творчасьць паэта цяжкога лёсу Аркадзя Моркаўкі й зьнішчанага бальшавікамі крытыка Адама Бабарэкі, згадвае пра Сьцяпана Александровіча й дзеліцца думкамі пра творчасьць сваіх сучасьнікаў – Сьцяпана Гаўрусёва, Анатоля Вярцінскага й Васіля Быкава.

Наагул, Васілю Быкаву «Дзеяслоў» надае выключную ўвагу. Вось і ў гэтым нумары часопісу друкуецца працяг фрагмэнтаў вялікае працы Сяргея Шапрана «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах». Апублікаваны ў чацьвертым нумары сюжэт мае загаловак «Апэрацыя «Круглянскі мост». Чытачы могуць даведацца пра шмат якія дэталі афіцыйнай кампаніі шальмаваньня, распачатай пасьля публікацыі пісьменьнікам знакамітай аповесьці. Гэта быў ужо другі наезд на Васіля Быкава. Першы пачаўся пасьля таго, як у «Новом мире» зьявіўся пераклад аповесьці «Мёртвым не баліць». У кватэры Васіля Быкава, які жыў тады ў Горадні, білі шыбы...

Зрэшты, не на аднаго Васіля Быкава нацкоўвалі гарадзенскія начальнікі сваіх людзей. У знакі ім даўся таксама Аляксей Карпюк. Пра гэта й пра іншае з жыцьця Аляксея Нічыпаравіча апавядаецца ў публікацыі “Больш за ўсё я люблю свабоду...” Тэкст мае падзагаловак “Гісторыя Аляксея Карпюка”. Згадзіцеся, такога жанру, як гісторыя пісьменьніка, у нас яшчэ не было. І зьявіўся ён, мусіць, таму, што за справу ўзяўся гісторык Андрэй Вашкевіч, чалавек малады, які Аляксея Карпюка асабіста ня ведаў. Мажліва, Андрэй трохі пасьпяшаўся з вызначэньнем жанру, бо апублікаваны ім матэрыял, на маю думку, яшчэ толькі накід гісторыі Аляксея Карпюка. І накід добры. Будзем спадзявацца, што Андрэй прадоўжыць сваю працу.

Паэт Уладзімер Някляеў узяўся за працу, якую, на добры лад, таксама павінны рабіць гісторыкі, гісторыкі літаратуры. Ён піша папулярныя біяграфічныя нарысы. Менавіта гэтак ён вызначыў жанр сваіх публікацыяў “Шлях” і “Празь лес, празь лёс”, надрукаваных у трэцяй і чацьвертай кнігах “Дзеяслова”. Паэт напісаў (скажам гэтак) фрагмэнты жыцьцяпісаў Янкі Купалы й Якуба Коласа. Можа, таму, што тэксты пісаў паэт, яны ўсё ж выглядаюць не як нарысы, а як эсэ. Мастацкі элемэнт у іх даволі моцны. Можа, таму, што тэкст пісаў паэт, а не гісторык, у ім сустракаюцца і фактычныя недакладнасьці.

Гэта добра, што паэт новае пары піша добрыя тэксты пра сваіх папярэднікаў, але міжволі думаеш пра ўбоства нашай гісторыка-літаратурнай навукі, якая й праз сямнаццаць гадоў пасьля адкрыцьця архіваў і зьняцьця забаронаў на імёны й творы ня здолела падрыхтаваць прыстойных папулярных жыцьцяпісаў Купалы й Коласа. З пратаколамі допытаў, з сакрэтнымі пісьмамі партыйных бонзаў і ГПУ–НКВД. І пытаюся: што стаіць на перашкодзе – недахоп талентаў, ці недахоп грамадзянскае й навуковае мужнасьці?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG