Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Булгакаў: “Улады ўспрымаюць беларускую мову як культурна неабавязковы факт”


Радыё Свабода Старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Рыгор Васілевіч заступіўся за беларускую мову. "Адказнасьць за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не адмяняў",– заявіў ён 18 верасьня, рэагуючы на выпадак з Сяргеям Сямёнавым, які на мяжы папрасіў дэклярацыю на беларускай мове, а ў адказ быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці і аштрафаваны. Ужо на наступны дзень старшыня Дзяржаўнага мытнага кантролю Анатоль Шпілеўскі заяўляе, што адсутнасьць блянкаў мытных дэклярацыяў на беларускай мове – гэта ягоная асабістая памылка, і паабяцаў, што ў хуткім часе гэтыя блянкі будуць надрукаваныя. Пра што гаворыць такая рэакцыя чыноўнікаў? Ці не зьмянілася дзяржаўная моўная палітыка? Пра гэта наш аглядальнік Віталь Цыганкоў гутарыць з рэдактарам часопісу “АРХЭ” Валерам Булгакавым.

Цыганкоў: “Што адбываецца? Тая ж дзяржаўная машына, якая амаль цалкам вынішчыла беларускую мову з тэлебачаньня, у дзясяткі разоў скараціла колькасьць беларускамоўных школаў, загнала ў падпольле беларускамоўныя выданьні, зараз раптам пачала непакоіцца за выкананьне канстытуцыйных нормаў?”

Булгакаў: “Зразумела, што гэта кампанія ні ў якім разе не ськіраваная на падтрымку беларускай мовы. Яна цалкам кладзецца ў рэчышча лукашэнкаўскіх дырэктываў, накіраваных на падтрыманьне так званай “раўнапраўнасьці” беларускай і расейскай моваў. Гэтая стратэгія не зьяўляецца ані новай, ані спадзяванай. Улады дазваляюць існаваць пэўным анклявам беларушчыны ці беларускай мовы ў публічнай прасторы, але ўспрымаюць яе як культурна неабавязковы факт”.

Цыганкоў: “Незалежнае грамадзтва, людзі, для якіх беларуская мова ёсьць вялікай каштоўнасьцю,– павінны выкарыстоўваць гэтыя хаця б мінімальныя магчымасьці, што дае ўлада, для пашырэньня ўжытку беларускай мовы?

Булгакаў: “Беларускае незалежнае грамадзтва рукамі актывіста Сяргея Сямёнава ўласна кажучы і выбіла гэтую палёгку, “прывілей” – мець мытныя блянкі на беларускай мове. Часамі такія дзеяньні прыносяць неспадзяваны палітычны эфэкт, і заклікаюць людзей, неабыякавых да беларускай мовы, працягваць бараніць свае правы”.

Цыганкоў: “Часам гучаць думкі, што, маўляў, беларуская мова цалкам апазыцыйная да гэтай дзяржавы, яна існуе толькі ў незалежным грамадзтве. Можа, і ня трэба зусім адхіляць магчымасьці, што прадстаўляе дзяржава, а змагацца за іх?”

Булгакаў: “Дзяржава выдае шмат рытарычных фігураў, і вельмі мала рэальных магчымасьцяў. Тое, што яшчэ нейкія паперкі будуць аддрукаваныя пэўным накладам на беларускай мове – ні ў якай ступені не азначае, што курс дзяржавы ў моўным пытаньні радыкальна зьменіцца.

Лукашэнкаўская дзяржава не адмаўляе за беларускай мовай пэўных правоў і ўласьцівасьцяў. Яна падтрымлівае ў пэўнай ступені кнігавыданьне, захоўвае беларускае школьніцтва прыкладна ў такіх прапорцыях, як за позьнім савецкім часам. Аднак стратэгічны курс на стыгматызаваньне беларускай мовы, на ўспрыманьне яе як нечага публічна неабавязковага – ён застаецца ў сіле. Дзяржава толькі рэагуе на нейкі публічны выклік, спрычынены незалежным грамадзтвам. Ня трэба думаць, што яна сама разгорне нейкую кампанію ў падтрымку беларускай мовы – прынамсі, няма ніякіх знакаў, якія пацьвердзілі б гэта. Але фактам застаецца тое, што дзяржава вымушаная трываць некантраляваную актыўнасьць грамадзтва, зьвязаную з прамоцыяй беларускай мовы. А часам і рэагаваць на абуральныя выпадкі моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі”.

• Канстытуцыйны суд заступіўся за беларускую мову, 18.09.2007 • Хочаш дэкляраваць па-беларуску – у суд , 10.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG