Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: каля рэзыдэнцыі караля пабудуюць княскі церам?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гарадзенскія ўлады вырашылі рэстаўраваць Стары каралеўскі замак. Заказчыкам выступае упраўленьне капітальнага будаўніцтва аблвыканкаму. Асноўная частка пабудовы, што захавалася, набудзе выгляд рэзыдэнцыі караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя канца ХVІ стагодзьдзя. У куту дзядзінца прапануецца пабудаваць княскі церам і царкву ХІІ стагодзьдзя. Такі эклектычны праект выклікае спрэчкі. Праект рэканструкцыі Старога замку плянуецца разгледзець 26 верасьня на Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай радзе ў Менску.

Частка дакумэнтацыі на рэканструкцыю Старога замку перададзена інстытуту “Горадняграмадзянпраект”. Туды бяруць на працу навуковага кіраўніка аб’екту Уладзіміра Бачкова зь Менску. Мы зьвязаліся зь ім па тэлефоне. Спадару Бачкову вядома, што існуюць праціўнікі пабудовы княскага церама і царквы. Ніхто ня ведае, як яны выглядалі, гавораць праціўнікі. Прычым спалучэньне такіх пабудоваў з рэнэсансным палацам Стэфана Баторыя — гэта эклектыка, у Эўропе не прынята рабіць такія рэчы, зазначаюць некаторыя навукоўцы. Ва Ўладзіміра Бачкова свае аргумэнты:

“У Эўропе не прынята. Але ўсё залежыць ад канкрэтных мэтаў кожнай краіны, кожнага рэгіёну. У гэтым як бы нацыянальныя інтарэсы выяўляюцца”.

Як жа падчас рэстаўрацыі Старога замку могуць выявіцца “нацыянальныя інтарэсы”?

Бачкоў: “Для чаго ўласна патрэбна рэстаўрацыя помнікаў? У мінулым шукаюць нешта, неабходнае сёньня. Сёньня неабходна зразумець, адчуць структуру старажытнарускага гораду. Таму што гэтае зьвяно выпала з матэрыяльнай культуры нацыі”.

Архітэктурны праект Старога замку будзе вынесены на Рэспубліканскую навукова-мэтадычную раду, днямі ён папярэдне абмяркоўваўся ў Горадні. Гаворыць сябра Рады Ігар Чарняўскі:

“Я, напрыклад, лічу, што аднаўляць церам, царкву, пабудовы, пра якія мы амаль нічога ня ведаем,– іхняга архітэктурнага вобразу, аб’ёму,–гэта ў ніякім разе нельга. Па той простай прычыне, што нідзе ў сьвеце не заахвочваецца гістарычнае муляжаваньне, калі няма дастатковых дадзеных на аднаўленьне нейкага помніка”.

Паколькі на дзядзінцы знойдзены падмуркі ХІІ стагодзьдзя, іх трэба дэманстраваць, як музэйныя экспанаты, зрабіўшы павільён, мяркуе Ігар Чарняўскі.

“Там усё вырашаецца, калі дзейнічаць згодна з мэтодыкай, згодна зь міжнароднымі правіламі. А Горадня якраз ляжыць у рэчышчы гэтых правілаў, бо мы заявілі Калоскую царкву ў сьпіс сусьветнай спадчыны, таму мы павінны кіравацца і ўлічваць канвэнцыю аб ахове сусьветнай спадчыны. І калі гэта ўсё рабіць у межах нашага заканадаўства і міжнародных нормаў, там страху вялікага няма. Толькі ня трэба займацца нейкімі гіпатэтычнымі праектамі, гэта, зразумела, недапушчальна”.

Горадня, 17.09.2007. Гэтак выглядае сёньня Стары замак. Гэтак выглядае сёньня Стары замак, да якога вядзе арачны мост, што быў нядаўна адрэстаўраваны.

Горадня, 17.09.2007. Брама Старога замку. Брама Старога замку ў Горадні.

Горадня, 17.09.2007. Гэтак выглядае сёньня Стары замак. З гэтага боку замку знаходзілася каралеўская бібліятэка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG