Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маладому фронту” — 10 гадоў


Любоў Лунёва, Менск Сябры “Маладога фронту” адзначаюць дзесяцігодзьдзе сваёй арганізацыі, якая дагэтуль не зарэгістраваная. Паводле ўнутранага архіву, за дзесяць гадоў у “Маладым фронце” пабывалі каля 19 тысяч юнакоў і дзяўчат. Толькі пасьля леташняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі завялі каля сарака крымінальных справаў супраць сяброў “Маладога фронту”. Дзясяткі адбылі адміністрацыйныя арышты за ўдзел у вулічных акцыях.

Лідэрам маладафронтаўцаў ад пачатку быў Павал Севярынец. Ён прыгадаў, што арганізацыя перажыла крызіс, ёй двойчы пагражаў раскол.

Частка сяброў арганізацыі ў часе крызісу ўтварыла новую арганізацыю “Зубр”. Пасьля ўвядзеньня ў Крымінальны кодэкс 193-га артыкулу сябры “Зубру” заявілі пра самароспуск арганізацыі.

“Малады фронт” працягваў дзейнічаць і праявіў сябе падчас вулічных акцыяў апазыцыі.

Дзевяць актывістаў “Маладога фронту” КДБ і пракуратура прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Зьміцер Дашкевіч дагэтуль адбывае паўтара году зьняволеньня ў шклоўскай турме.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Касьцяк “Маладога фронту” склаўся з тых людзей, якія пасьля маніфэстацыяў ішлі на Варвашэні, 8. Таўкліся, размаўлялі адзін з адным... Напачатку апазыцыйныя дзеячы разглядалі “Малады фронт” папросту як хлопчыкаў на пабягушках, якія павінны расклейваць, адседжваць, але самастойнай ролі не праглядалася.

Але “Малады фронт” пачаў дзейнічаць самастойна і да 2000 году выпрацаваў сваю ўласную праграму, заснаваную на хрысьціянска-дэмакратычных каштоўнасьцях. Вера ў Бога і любоў да Беларусі даюць пераможную камбінацыю”.

Алена Макарэвіч прыгадала, што летась у часе выбарчай кампаніі супраць актывістаў “Маладога фронту” КДБ распачаў каля сарака крымінальных справаў — нібыта за тэрарыстычную дзейнасьць.

На допыты выклікалі некалькі дзясяткаў чалавек. У актывістаў арганізацыі рабілі ператрусы, забіралі кампутары, якія дагэтуль застаюцца ў пракуратуры.

“Пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі супраць маладафронтаўцаў было заведзена каля сарака крымінальных справаў. Амаль кожны сябар нашай арганізацыі ўжо пабываў у турме на Акрэсьціна за ўдзел у масавых акцыях. Пра тое, што ўлада нас баіцца, сьведчыць і той факт, што каля Ўправы БНФ, дзе нам дазволілі адсьвяткаваць сваё 10-годзьдзе, ужо ад раніцы стаяць міліцыянты”, — кажа Алена Макарэвіч.

Актывіста “Маладога фронту”Артура Фінькевіча пакаралі “хіміяй” на два гады за графіці палітычнага зьместу. Гаворыць Артур Фінькевіч:

“Паводле нашай унутранай дакумэнтацыі, за гэтыя дзесяць гадоў праз “Малады фронт” прайшлі каля 19 тысяч чалавек. Цяпер гэтыя людзі — хто дзе. Хто ўзначальвае нейкую арганізацыю, хто працуе журналістам, хто ў недзяржаўнай арганізацыі”.

Лідэра пазбаўленай рэгістрацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалая Статкевіча судзілі разам з Паўлам Севярынцам за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году.

“Малады фронт” — гэта самадастатковая арганізацыя. Магчыма, адна з самых уплывовых, таму што менавіта супраць яе кіроўны рэжым ужывае самыя моцныя рэпрэсіі. Маладафронтаўцы — нашы партнэры па “Эўрапейскай кааліцыі”. Мы супрацоўнічаем зь імі, як з роўнымі партнэрамі. За арганізацыяй ідэалістаў-рамантыкаў будучыня Беларусі”, — мяркуе Статкевіч.

Сёньня ўвечары маладафронтаўцы праводзяць урачыстае паседжаньне. Іх віншуюць палітыкі й грамадзкія дзеячы.

• Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі Малады Фронт, 24.01.2001 • Сёньня прызначаць судзьдзю ў справе “Маладога фронту”, 13.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG