Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму МВФ так супярэчліва ацэньвае беларускую эканоміку?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Аляксандар Чубрык.

Міжнародны валютны фонд даў чарговую ацэнку і прагноз разьвіцьця беларускай эканомікі. Чым патлумачыць, што прагнозы МВФ адносна Беларусі часта ня спраўджваюцца?

Ці можна ацэньваць нярынкавую эканоміку з дапамогаю рынкавых крытэраў? Ці будзе працягвацца рост валавых паказчыкаў?

Што галоўнае ў эканоміцы: вынікі ці сродкі?

Валер Карбалевіч: “Як звычайна, МВФ ацэньвае стан беларускай эканомікі супярэчліва. З аднаго боку, адзначаецца, што апошнімі гадамі Беларусь дасягнула значных посьпехаў, “уражвальных макраэканамічных паказчыкаў”.

А зь іншага боку, гэтыя посьпехі дасягнутыя, умоўна кажучы, “няправільнымі мэтадамі”, то бок, коштам танных энэргарэсурсаў, льготных крэдытаў, павышэньні заробкаў на загад уладаў.

Але ці не падаецца вам, што сама пастаноўка пытаньня даволі дзіўная?

Як кажуць футбольныя адмыслоўцы, галоўнае і самае прыгожае ў футболе — гэта лік на таблё. Дык, можа, такі падыход можна ўжыць і да эканомікі — галоўнае вынікі, а ня сродкі іх дасягненьня?”

Леанід Злотнікаў: “Цяжка даць аб’ектыўную ацэнку стану эканомікі Беларусі, пакуль Расея ў вялікіх маштабах датавала яе. Тут трэба даваць не эканамічную ацэнку, а нейкую іншую.

Досьледы паказваюць, што калі жабу кінуць у кіпень, то яна можна выскачыць і застанецца жыць. А калі яна знаходзіцца ў вадзе, якая награецца павольна, то яна загіне. Вось і беларуская эканоміка цяпер, калі цэны на энэргарэсурсы павышаюцца паступова, можа загінуць”.

Аляксандар Чубрык: “Я б не сказаў, што ацэнкі МВФ супярэчлівыя. Міжнародны валютны фонд ацаніў сытуацыю даволі аб’ектыўна. У дакумэнце адзначана, што Беларусь скарысталася нізкімі коштамі на расейскія энэргарэсурсы. Таксама станоўча ацэненая палітыка беларускіх уладаў для захаваньня фінансавай стабільнасьці.

Адначасова адзначана, што калі і далей улады будуць прыцягваць замежныя фінансавыя рэсурсы, каб кампэнсаваць дэфіцыт замежнага гандлю, то гэта нэгатыўна адаб’ецца на эканоміцы.

Беларускія ўлады, якім удалося прыцягнуць значныя замежныя крэдыты, дасюль не ўсьвядомілі тых праблемаў, якія зьвіліся ў эканоміцы. Замест рэформаў яны працягваюць ранейшую палітыку, толькі яшчэ больш цэнтралізавалі фінансавыя плыні”.

Ці зьяўляецца беларуская эканоміка загадкай для МВФ?

Карбалевіч: “МВФ увесь час крытыкуе эканамічную палітыку беларускіх уладаў, лічыць, што яна няправільная, але дасягнутыя вынікі называюцца “ўражвальнымі”.

Ці не падаецца вам, што беларуская эканоміка — нейкая таямніца для МВФ і іншых міжнародных фінансавых арганізацыяў? Іхныя прагнозы ў большасьці выпадкаў ня спраўджваюцца, рэальныя эканамічныя вынікі, як правіла, аказваюцца лепшымі. Чым гэта патлумачыць?”

Злотнікаў: “У высновах МВФ адзначаецца, што значны рост валавых паказчыкаў несумненны, але чыньнікі, якія забясьпечваюць гэты рост, — няўстойлівыя. Зь іншага боку, МВФ займаецца толькі макраэканамічным аналізам. Напрыклад, сёлета значна вырас прафіцыт дзяржбюджэту. Але гэты прафіцыт узьнік коштам таго, што дзяржава бярэ большае мыта з вытворцаў нафтапрадуктаў. То бок, гэты прафіцыт зроблены штучна. Але МВФ гэтага не адзначае.

Таксама МВФ не заўважае, што падлікі індэксу спажывецкіх цэнаў не адлюстроўваюць росту ўсіх розьнічных цэнаў. Таму ня ўсе макрапаказчыкі адлюстроўваюць рэальны стан.

І яшчэ адзін прыклад. Вось Беларускае радыё перадало, што камітэт энэргазьберажэньня адрапартаваў пра выкананьне плянаў энэргазьберажэньня за 2006 год на 103%. А паводле падлікаў акадэмічных навукоўцаў, гэты плян выкананы на 67%. То бок, існуюць прыпіскі, таму што аўтарытарная ўлада патрабуе выкананьня валавых паказчыкаў”.

Карбалевіч: “Сапраўды, факт прыпісак прызнаюць і ўлады. Не выпадкова ўнесеныя зьмены ў заканадаўства, паводле якіх чыноўнікаў, адказных за прыпіскі, будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці”.

Чубрык: “Беларуская эканоміка была пэўнай загадкай для міжнародных фінансавых арганізацыяў да 2004 году. У тым годзе такога эканамічнага росту (11%) ніхто не чакаў. І тады прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў доўга вывучалі паказчыкі, мэтодыку разьлікаў.

І МВФ, і Ўсясьветны банк зрабілі выснову, што ёсьць праблемы з мэтадалёгіяй разьліку росту прамысловай вытворчасьці. Але яны прыйшлі да высновы, што ў цэлым афіцыйныя паказчыкі адлюстроўваюць рэальны стан.

У 2005 годзе МВФ і Ўсясьветны банк у сваіх справаздачах патлумачылі, чаму іх прагнозы ня спраўджваюцца. Найперш таму, што хутка вырасьлі цэны на нафту. Як вынік, Беларусь коштам імпарту таннай расейскай нафты і продажу нафтапрадуктаў за мяжу атрымлівала звышпрыбытак, які разьмяркоўваецца па ўсёй эканоміцы.

Цяпер гэтая акалічнасьць улічваецца МВФ і Ўсясьветным банкам у сваіх прагнозах, таму яны больш блізкія да рэчаіснасьці.

Але адначасова замежныя экспэрты чакаюць правядзеньня ў Беларусі рынкавых рэформаў. Аднак беларускія ўлады іх праводзіць не зьбіраюцца, і часткова таму ў кароткатэрміновым пэрыядзе атрымоўваюць лепшыя паказчыкі, чым прагназуе МВФ”.

Ці можна ацэньваць нярынкавую эканоміку з дапамогаю рынкавых крытэраў?

Карбалевіч: “Магчыма, праблема ў тым, што беларуская эканамічная мадэль не паддаецца аналізу з дапамогай таго інструмэнтарыю, які выкарыстоўвае МВФ.

Бо беларускія эканамічныя суб’екты рэагуюць не паводле рынкавай каньюнктуры і рынкавых сыгналаў, а паводле загадаў дзяржаўных чыноўнікаў. То бок, цяжка ацэньваць нярынкавую эканоміку з дапамогаю рынкавых крытэраў”.

Злотнікаў: “Гэта так. Напрыклад, лічыць валавы ўнутраны прадукт можна толькі ў рынкавай эканоміцы, дзе цэны свабодныя. У Беларусі гэтага няма.

Другі прыклад. На пачатак 2006 году запасы гадзіньнікаў на гадзіньнікавым заводзе Менску былі на 13 месяцаў вытворчасьці (цяпер гэтая лічба складае 19 месяцаў). У рынкавай эканоміцы такое прадпрыемства ўжо не існавала б. Але ў нас такія заводы існуюць, і іх прадукцыя ўлічваецца пры падліку ВУП”.

Чубрык: “Калі мы кажам пра кароткатэрміновы пэрыяд аналізу эканамічных парамэтраў, то тут дзеяньні ўладаў даюць вялікія скажэньні. Калі ж мы ацэньваем доўгатэрміновы пэрыяд, то тут іншая сытуацыя.

Беларусь не знаходзіцца ў космасе. Яна існуе, разьвівае эканамічныя дачыненьні з краінамі, дзе больш-менш рынкавая эканоміка. Нават Расея і Ўкраіна больш рынкавыя. І мы вымушаныя працаваць паводле рынкавых законаў. Таму ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ацэнкі МВФ і іншых міжнародных арганізацыяў будуць даволі адэкватнымі”.

Злотнікаў: “Але асаблівасьці нашай эканомікі адбіваюцца на паказчыках і ў доўгатэрміновым пэрыядзе. Напрыклад, паводле Міністэрства статыстыкі за 1996—2006 гады рэальныя заробкі грамадзянаў вырасьлі ў чатыры разы. Але калі гэтыя заробкі падлічваць на аснове іхнай пакупніцкай здольнасьці, то атрымліваецца рост толькі ўдвая”.

Які прагноз разьвіцьця беларускай эканомікі?

Карбалевіч: “Як ацаніць той прагноз разьвіцьця беларускай эканомікі да 2012 году, які даў МВФ? Ці будзе працягвацца рост валавых паказчыкаў?”

Чубрык: “Мы таксама рабілі прагноз разьвіцьця беларускай эканомікі. Магчымыя некалькі сцэнароў. МВФ зрабіў прагноз на аснове сярэдняга сцэнара. Ён прадказвае запавольваньне тэмпаў росту.

Існуе нэгатыўны сцэнар, калі гандлёвыя дачыненьні з Расеяй будуць разьвівацца дрэнна, мы згубім гэты рынак. Тады можна чакаць спаду ВУП, пагаршэньня стану хатніх гаспадарак.

Але можна чакаць і пазытыўнага сцэнара, калі пачнуцца рэформы, будуць зробленыя значныя інвэстыцыі ў энэргетыку, якія могуць даць вялікую аддачу”.

Злотнікаў: “МВФ даў прагноз, што з-за павышэньня цэнаў на энэрганосьбіты страты Беларусі да 2012 году складуць 10—15% (5 мільярдаў даляраў). Гэта не зьніжэньне тэмпаў росту на гэтую велічыню, а дадатковыя страты ў параўнаньні з 2006 годам.

Сёлета Беларусь страчвае каля 2 мільярдаў даляраў. Калі б не было вонкавых запазыкаў, то тэмпы росту скараціліся б на 5%. А замежныя крэдыты падтрымалі нашу эканоміку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG