Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>"Ідэя злучэньня царквы і дзяржавы – гэта вяртаньне ў сярэднявечча”<B/>


Віталь Цыганкоў, Менск Бліц-аналіз, прысьвечаны адкрыцьцю ў Бабруйску першай у Беларусі праваслаўнай гімназіі. Ці павінна рэлігія прысутнічаць у сыстэме адукацыі? Чаму апошнім часам адчуваецца пэўнае ахалоджаньне ў адносінах паміж кіраўніцтвам краіны і Беларускай праваслаўнай царквой? Гэтыя пытаньні наш аглядальнік Віталь Цыганкоў абмяркоўвае зь філёзафам Валянцінам Акудовічам.

Цыганкоў: “Як вы ўвогуле ставіцеся да спалучэньня рэлігіі і адукацыі? У якой форме рэлігія, на вашую думку, мае права прысутнічаць у школе?”

Акудовіч: “Я лічу, што царква не павінна прыходзіць у школу, сыстэму адукацыі. І тым больш, калі ўлада дазваляе нейкай адной канфэсіі працаваць зь дзеткамі, а іншых не пускае. Ёсьць жа добры досьвед нядзельных царкоўных школак, па-за рамкамі сьвецкай адукацыі – хай ён працягваецца.

Эўрапейская цывілізацыя шмат стагодзьдзяў змагалася за тое, каб разьвесьці паасобку рэлігію і дзяржаву. І калі гэта атрымалася, мы займелі магутны цывілізацыйны выбух. Вяртаньне да ідэі злучэньня царквы і дзяржавы – гэта вяртаньне ў сярэднявечча”.

Цыганкоў: “У такім разе ў вас ёсьць вельмі магутны паплечнік. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Рубінаў у пачатку году у сваім артыкуле ў газэце “Советская Белоруссия” пісаў: “Узмацненьне ўплыву рэлігіі азначае адначасова паслабленьне ўплыву дзяржавы, дзяржаўнай ідэалёгіі”. Вас не бянтэжыць наяўнасьць такога паплечніка”?

Акудовіч: «Зусім не. Паколькі любы захад улады незалежным дыскурсам успрымаецца як мінімум крытычна, а ўвогуле адмоўна, -- то ніхто не захацеў прачытаць тыя слушныя пасылы, якія былі ў Рубінава. Разьвядзеньне дзяржавы і царквы – гэта пазыцыя не Рубінава, гэта пазыцыя эўрапейскай цывілізацыі”.

Цыганкоў: “Увогуле апошнім часам назіраецца пэўнае ахалоджаньне у дачыненьнях паміж Праваслаўнай царквой і кіраўніцтвам беларускай дзяржавы. Чым, на вашую думку, яно выкліканае?”.

Акудовіч: “Сапраўды, гэта ёсьць, і я гэтую сытуацыю называю станам маўклівай халоднай вайны паміж дзяржавай і царквой. Рэч у тым, што для прэзыдэнта і ўлады Царква ёсьць інстытуцыяй досыць небясьпечнай. У палітычным пляне за ёй стаіць Расейская праваслаўная царква і ўся Расейская імпэрыя. Гэта значыць, што ў любы момант беларуская ўлада можа атрымаць досыць сур’ёзнага праціўніка.

Але паколькі ў гэтых стасунках рэй усё ж вядзе дзяржава, то як толькі царква забываецца, хто тут начальнік, ёй нагадваюць: “не высоўвайся”. І апошняе ахалоджваньне ёсьць знакам таго, што недзе царква перайшла межы гэтага дзіўнага кансэнсусу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG