Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне зьмяншаецца колькасьць беларускіх школ


Радыё Свабода, Віцебск На Віцебшчыне працуюць 694 агульнаадукацыйныя школы, у тым ліку 4 ліцэі і 15 гімназій. Але толькі каля 20% школьнікаў вобласьці маюць магчымасьць навучацца па-беларуску. У асноўным гэта вучні вясковых школаў, дзе беларуская мова навучаньня застаецца асноўнай.

З усіх райцэнтраў Віцебскай вобласьці толькі ў Глыбокім да гэтага году працавала школа зь беларускай мовай навучаньня. Але сёлета і ў сярэдняй школе №3 будуць створаныя дзьве клясы з навучаньнем па-расейску: адна першая і адна другая.

Дырэктарка школы Лілія Маўчун гаворыць, што расейскія клясы школа мусіла адчыніць на жаданьне бацькоў, якія запатрабавалі гэтага ў лісьце на адрас Міністэрства адукацыі:

“На працягу апошніх гадоў, як толькі школа стала беларускамоўнай, паўставалі такія пытаньні. Але нам неяк удавалася пераканаць бацькоў. А вось сёлета пераканаць не ўдалося – ні школе, ні раённым уладам. Бацькі дайшлі да аблана, да міністэрства, і пытаньне вырашылася на іхную карысьць. Бо, згодна з новым законам аб адукацыі, мова навучаньня – на выбар бацькоў. Канешне, мы, беларусы, мусім і любіць нашу мову, і навучацца на ёй, але бацькоў у гэтым пераканаць вельмі цяжка. Бо пасьля школы выкладаньне ў навучальных установах ідзе па-расейску, няма пераемнасьці. Таму – бацькоў пераканаць нам не ўдалося, а яны – маюць права”.

Як распавядаюць бацькі вучняў школы №3, ініцыявалі пераход на расейскую мову навучаньня ня толькі таты і мамы, а нават і дзядулі будучых першаклясьнікаў: адзін дзядуля – чыноўнік Гандлёвай палаты, другі – дэпутат у абласным савеце.

На думку колішняга дырэктара школы № 3, сябра Рэспубліканскай рады ТБМ Віталя Гарановіча, прымусовы пераход на расейскую мову непазьбежна адаб’ецца на якасьці навучаньня – нездарма ж настаўнікі супраць гэткага пераходу:

“Лічыцца, што тут лепшая школа, лепшыя кадры настаўніцкія. Але ж яны гавораць: “У нас ужо напрацавана ўсё, ёсьць беларускія праграмы, ёсьць досьвед. Мы прызвычаіліся ўжо, бо на беларускую з рускай мовы было так цяжка пераходзіць. Але ж перайшлі, і ўжо 6 год як школа беларускамоўная”.

Віталь Гарановіч выказвае меркаваньне, што сьледам за школай №3 пад русыфікацыю трапіць Глыбоцкая гімназія. Туды паступаюць у 5-ю клясу, і яна таксама лічыцца прэстыжнай. І таму ня выключана, што тыя, хто запатрабаваў навучаньня па-расейску для першаклясьнікаў і другаклясьнікаў сёлета, праз тры-чатыры гады паспрабуюць зрусыфікаваць і яшчэ адну навучальную ўстанову ў Глыбокім.

Падобная сытуацыя склалася і ў Віцебскай гімназіі, якая афіцыйна называецца “Нацыянальная гімназія №1”. Там пачатковыя клясы вучацца па-беларуску, а потым на беларускай мове выкладаюць хіба гісторыю і геаграфію Беларусі.

Старшыня Абласной рады ТБМ Іосіф Навумчык гаворыць, што сёньня школа ўвогуле здольная сфармаваць хутчэй нэгатыўнае стаўленьне да беларускай мовы, чымсьці станоўчае:

“Гэта заганная практыка! Вось мне цягам апошняга месяца давялося сустрэцца зь дзясяткам вучняў з розных школ Віцебску. Я размаўляў зь імі па-беларуску, але ніхто зь іх ня мог па-беларуску мне адказваць. Адна дзяўчынка мне так сказала: “Я ненавіджу беларускую мову, і ніколі ня буду на ёй размаўляць!” Так што калі нашыя кіраўнікі кажуць у сваіх выступах, што ў нас усё выдатна і сфэра ўжываньня беларускай мовы ў нас пашыраецца, то дазволю сабе з гэтым не пагадзіцца!”

Іосіф Навумчык згадаў выпадкі, калі ў школах Віцебску не дазвалялі сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі, і яшчэ колькі фактаў уціску беларускамоўнага выхаваньня і адукацыі. Бадай, адзіны ўсьцешны факт – гэта тое, што на сёлетняй рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове каманда Віцебшчыны заняла першае месца. Але гэта хутчэй плён працы асобных настаўнікаў і асобных вучняў, а не паказьнік моўнай палітыкі на Віцебшчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG