Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: як людзі ставяцца да плянаванага страйку прадпрымальнікаў?


Вячаслаў Кулік, Менск Прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху заклікаюць пачаць з 1-га верасьня страйк прадпрымальнікаў супраць канфіскацыяў з боку кантрольных органаў. У Менску ля Камароўскага рынку наш карэспандэнт запытваў у мінакоў, як яны ставяцца да гэтай ініцыятывы.

Спадар: “Вядома, станоўча. Кожны мае права абараняць свае правы”.

Спадар: “Прадпрымальнікі робяць добрую справу. Гэта – перадусім. Па-другое, калі яны аб’ядналіся, то маюць агульныя інтарэсы. Значыць, гэта заслугоўвае ўвагі. Я вітаю гэта і жадаю ім удачы”.

Спадар: “Я – генэральны дырэктар фірмы. Вялікай фірмы. Нармальна працую і спраўна плачу падаткі. І нічога, усё ў мяне ў парадку. А размовы і выхады на вуліцу робяць тыя, хто ня хоча працаваць”.

Карэспандэнт: “Якія вашы адносіны да намеру прадпрымальнікаў пачаць з 1-га верасьня страйк супраць адвольных канфіскацыяў з боку кантрольных органаў?”

Юнак: “Трэба змагацца, канешне. На маю думку, ужо занадта. Зь людзей выціскаюць апошняе”.

Дзяўчына: “Як мне падаецца, прадпрымальнікам трэба выказваць сваю грамадзкую пазыцыю, калі яны жадаюць нешта давесьці да ўладаў. Гэта добра, я лічу”.

Спадарыня: “Натуральна, што мусяць змагацца. Для іх усталяваныя вялікія падаткі.Таму трэба пратэставаць. Гэта нялёгкая праца”.

Спадарыня: “Сапраўды, у іх вельмі высокія падаткі. А цяпер рынкавае прадпрымальніцтва – структура вялікая і канкурэнцыя вялікая. Атрымліваецца, што прыбыткі шмат зьменшыліся ў параўнаньні з папярэднімі гадамі”.

Карэспандэнт: “Якія вашы адносіны да плянуемага страйку прадпрымальнікаў?”

Дзяўчына: “Мала шанцаў на посьпех, але ўсё-такі трэба імкнуцца дамагацца свайго”.

Юнак: “Я прадпрымальнікаў падтрымліваю, трэба змагацца за свае правы. Каб нас не душылі падаткамі. Каб забясьпечвалі нармальныя ўмовы працы”.

Спадар: “Я мяркую, што прадпрымальнікі мала плацяць падаткаў – яны палову ўтойваюць. Калі б падаткі былі нармальныя – як у Расеі, то яны б плацілі спраўна, ня варта было б утойваць нічога”.

Спадар: “Сапраўды, у нашай краіне прадпрымальніцтва пад уціскам. Падаткі вялікія. Кантрольных органаў шмат. Даводзіцца адхіляць увагу ад рэальнага пакупніка, каб паказваць кантралёрам дакумэнты – ліцэнзіі і сэртыфікаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG