Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Народ на “Свабодзе”</B>


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра новыя эканамічныя ўмовы

Сяргей Удовік, Ліда:

“На месцы Лукашэнкі я б цяпер пачаў дыялёг з апазыцыяй і з Захадам. Сур’ёзна мяняць палітыку неабавязкова – большасьць народу яе падтрымлівае. А ў гульні чаму б не пагуляць? Заадно можна падражніць Расею, якая канчаткова сарвалася з ланцуга. Няхай убачыць, што апошні саюзьнік можа адвярнуцца ад яе ў любы момант. Ды і ад Захаду ў выніку такой палітыкі сёе-тое можа перапасьці. Напрыклад, там могуць вярнуць гандлёвыя льготы, адкрыць мяжу для беларускіх тавараў.

Вядома, дапускаць тут анархію і разгул дэмакратыі ня варта. Калі даць волю апазыцыі, дык гэтыя мілінкевічы і лябедзькі імгненна ўварвуцца ў парлямант і пачнуць дурыць людзям галовы. Але невялікія саступкі зрабіць можна. Напрыклад, перавесьці Казуліна на “хімію”, амніставаць некалькі апазыцыянэраў. А потым у любы момант перамовы з Захадам можна спыніць. Маўляў, не дамовіліся – што зробіш?

Лукашэнка – гнуткі і разумны палітык. Ён больш за дзесяць год вёў такую гульню з Расеяй, што ніводзін маскоўскі разумнік ня мог яе спыніць. Але цяпер расейская карта згуляная – там больш нічога бясплатна не атрымаеш – толькі за грошы. Дык чаму б не згуляць у нешта падобнае з Захадам? Думаю, мы яшчэ ўбачым, як Лукашэнка будзе таленавіта агучваць розныя дэмакратычныя лёзунгі. А вы на “Свабодзе” – пляскаць у ладкі і падтакваць яму”.

Мікалай Куксо, Івянец Валожынскага раёну:

“Мне, як беларусу, сорамна, што наша дзяржава, як жабрак з працягнутай рукой, просіць у Расеі пазыку. А мы ж у свой час былі самай разьвітай рэспублікай, як раней казалі, “зборачным цэхам Савецкага Саюзу”.

Беларусь – трэці ў сьвеце экспарцёр калійных соляў. Мы маем незьлічоныя запасы разнастайных будаўнічых матэрыялаў. Ні ў адной дзяржаве Эўропы няма столькі лесу, як у Беларусі. І зямлі ў нас значна болей, чым у іншых: па гектару на чалавека, у тым ліку па 60 “сотак” ворнай. Нашы сяляне яшчэ нядаўна кармілі Маскву і Ленінград. І вёска жыла, сяляне ўзяліся за фэрмэрства. Але за апошнія гады ў іх адбілі ахвоту працаваць. І вёска вымірае. А ўсе гэтыя аграгарадкі, якія спрабуе будаваць улада – марныя намаганьні…

Беларусь – транзытная дзяржава. Але нас сталі аб’яжджаць праз Латвію. У абыход Беларусі будуюцца трубаправоды,– і ўсё гэта з прычыны недальнабачнай палітыкі ўлады.

Беларусь была эканамічна больш магутнай, чым Летува. Але цяпер у Летуве зарплата ўдвая вышэй, чым у нас. І за газ яны плоцяць не 100, а 230 даляраў за тысячу кубамэтраў. І ня плачуць, не прыбядняюцца. А Беларусь стала краінай жабракоў. Сумна і крыўдна”.

Алесь Цадко, Маладэчна:

“Трынаццаць гадоў таму, маючы магчымасьць стварыць рынкавую мадэль эканомікі, ураджэнец беднай усходнебеларускай глухмені, карыстаючыся савецкім папулізмам, не пайшоў далей за плянава-калгасную эканоміку. Праўда, за абяцанку агульнай дзяржавы з Расеяй атрымаў з Усходу танную сыравіну і магчымасьць рээкспарту нафты і нафтапрадуктаў.

На маю думку, засноўваючы такую мадэль эканомікі, Лукашэнка не разумеў, што створаная ім сыстэма безнадзейна хворая і рана ці позна сканае. Каталізатарам жа летальнага зыходу “беларускага эканамічнага цуду”, як мы цяпер назіраем, становіцца падвышэньне кошту на расейскія энэрганосьбіты. Але хто ж у выніку будзе адказваць за такую палітыку?”

Уладзімір, Полацак:

“Аказваецца, па многіх эканамічных паказчыках Беларусь даўно дагнала Заходнюю Эўропу, а мы гэтага нават ня ведалі. Канечне, гэта не мая выдумка. Пра гэта ў адным са сваіх выступаў заявіў наш правадыр. Ня ведаю, адкуль у Аляксандра Рыгоравіча такая інфармацыя. Я ведаю толькі адно – калі мы ў чымсьці і дагналі Заходнюю Эўропу, гэта ў коштах. І хутка па гэтым паказьніку мы яе перагонім. І ўсё гэта адбываецца пры нашых мізэрных заробках. Яны ў нас больш чым у 10 разоў ніжэйшыя, чым у іх. Толькі пра гэта наш правадыр сарамліва змоўчаў”.

Пра рэзэрвы рэжыму Лукашэнкі

Алесь Марціновіч, Баранавічы:

“У Беларусі ня будзе каляровай рэвалюцыі. У выпадку падзеньня рэжыму Лукашэнкі дэмакратычныя рэформы могуць надоўга зьнізіць заробкі ў краіне (зь цяперашніх 300 даляраў да 70-150). Абывацель гэта нутром адчувае. Ёсьць нейкі негалосны абывацельскі кансэнсус наконт таго, што краіна будзе паступова пераходзіць да сапраўднага рынку пад кіраўніцтвам Лукашэнкі на працягу доўгага часу – прынамсі, да 2016-га году. Так яно, хутчэй за ўсё, і здарыцца.

Псыхалягічна вельмі важна і тое, што беларускі абывацель ня лічыць сябе часткай Захаду, як народы новых сяброў Эўразьвязу і НАТО ад Таліна да Сафіі. Таму ў Беларусі ня будзе эўфарычных памкненьняў да заходняй дэмакратыі і безаглядных рынкавых рэформаў. Народ падсьвядома адчувае, што на гэтай дарозе можа моцна абламаць крылы.

Новы шавіністычны рэнесанс у Расеі ня дасьць магчымасьці кіроўнай групе ў Крамлі рэзка задушыць рэжым Лукашэнкі эканамічна. І ў цэлым “луканоміка” мае рэзэрв пераадолець цэнавы рубеж на газ 2010-га году ў 260-280 даляраў, а потым падтрымліваць узровень жыцьця ў краіне, блізкі да сярэдняга ў Расеі і ва Ўкраіне”.

Пра раённыя газэты

Марк Саньнікаў, Добруш:

“Нядаўна прэзыдэнт Лукашэнка, выступаючы на сьвяткаваньні юбілею газэты “Советская Белоруссия”, наракаў на недастатковую крытыку кіраўнікоў мясцовай “вэртыкалі” праз СМІ мясцовага маштабу. Мне нешта незразумела, як гэта можа выглядаць насамрэч і ці магчыма такое ў прынцыпе? Напрыклад, наша газэта «Добрушскі край» выдаецца з 1935 году, але па сваёй сутнасьці, напэўна, у тых гадох і засталася. Інфармацыю пра наведваньне гораду нейкімі важнымі пэрсонамі з газэты ўдаецца даведвацца толькі пасьля таго, як падзея адбылася.

А здараецца і па-іншаму: газэта запрашае на прыём да заежджага высокапастаўленага чыноўніка, але каму і чым гэты начальнік дапамог пасьля прыёму – застаецца за рамкамі публікацыяў і праз месяц, і праз год. Вось нядаўна газэта запрашала да аднаго зь кіраўнікоў Камітэту дзяржкантролю Сяргея Рудэнкі – з пытаньнямі наконт прэзыдэнцкіх дырэктываў. Асабіста я зьвяртаўся пісьмова – з прапановай аб тым, як можна зарабіць на цывілізаванай утылізацыі старых аўтамабіляў, а дадаткова прапанаваў ідэю энэргаўстаноўкі магутнасьцю да 2 мільёнаў кіляват. Мінулі ўсе тэрміны , а адказу я не атрымаў. Іншымі словамі, у нашай краіне, відаць, дастаткова фінансавых сродкаў і таннай электраэнергіі, каб не зьвяртаць увагі на такія дробязі. І для каго пішуцца ўсе гэтыя дырэктывы, калі выконваць іх ніхто не зьбіраецца – нават чыноўнікі высокага рангу?”

Пра “Паштовую скрынку-111”

Валер Грыцук, Менск:

“Вашы камэнтары падтрымліваю на 80%. Але вось апошні, адносна жанчыны, якая за канфлікты з былым міліцыянтам па судах цягалася... Вы далі камэнтар “мудрага дзеда”. Але ж Вы – журналіст Радыё СВАБОДА! Вось у вас была магчымасьць паказаць людзям, што суды бяруць бок хлусьлівых міліцыянтаў ня толькі пры судовых пакараньнях апазыцыянэраў, але і тут, у "непалітычным" канфлікце.

Узгадалі б пра рэзалюцыю Генасамблеі ААН адносна судоў на Беларусі; выснову спэцдакладчыка ААН. Калі праблема з інфармацыяй – пытайцеся ў мяне. Для вас бясплатна дам інфармацыю і параду”.

Спадарыня:

“Свабода, прывітаньне. Ня ведаю ці існуе на самой справе той дзіцячы доктар зь Віцебску, які даслаў свой ліст на Свабоду і які жыве, як у выраі. Але дазвольце праз вашае радыё запытацца ў гэтага чалавека, чаму ягоныя калегі за кавалак кілбасы, як ён сам кажа, рызыкуюць сваёй працай, маёмасьцю, свабодай і імем, нарэшце? Па-другое, няўжо ў гэтай краіне мала тых, хто крадзе вагонамі, што супрацоўнікам Дзяржбясьпекі ды Дзяржкантролю больш няма за кім ганяцца акрамя як за паўжабракамі? Што ж мы за народ? Чаму мы, зноў жа, за кусок каўбасы гатовыя зьнішчыць адзін аднаго?”

Пра царкву і хрысьціянскія каштоўнасьці

Андрэй Паско, Берасьце:

“Ісус Хрыстос вучыў людзей падстаўляць левую шчаку, калі ўдарылі па правай. Але ж паступова хрысьціянства адышло ад гэтых запаветаў. Царкоўнікі станавіліся “жандарамі ў расах”, палалі кастры інквізіцыі…

Існаваньне дзяржавы, міліцыі і войска супярэчыць Эвангельлю. Дзяржава прыгнятае людзей і маніпулюе іхнымі настроямі. Міліцыя трымае ўсіх у страху, каб умацаваць дзяржаву. Салдаты ідуць на вайну і забіваюць такіх жа людзей, як і самі. Людзі павінны пачаць жыць у адпаведнасьці з Эвангельлем і пяцю запаветамі расейскага пісьменьніка і мысьляра Льва Талстога. Тады ўсё будзе добра”.

Васіль Цюхай, Беразіно:

“Праваслаўнаму патрыярху Філарэту Менскаму і Слуцкаму варта павучыцца шчырасьці ў вэнэсуэльскага каталіцкага кардынала, які назваў прэзыдэнта Чавіса маніякальным дыктатарам. Калі Лукашэнка працягнуў свой тэрмін, задаўшы на рэфэрэндуме два пытаньні ў адным, Філарэт у лепшым выпадку прамаўчаў, а, можа, і падтрымаў. Асуджэньня дакладна зь ягонага боку не было. Маўчаньне, маўляў, золата. Увогуле, Лукашэнка зь Філарэтам – як жаніх і нявеста на ўсіх урачыстасьцях. У Бібліі напісана, што Царква – гэта нявеста Хрыста. Дык якая ж яна нявеста Хрыста, калі пабралася шлюбам зь дзяржавай? Раней я быў хрысьціянінам”.

Пра калгасы

Пятро Касьнерык, вёска Пераносіны Баранавіцкага раёну:

“Я яшчэ ў 1975-м годзе, калі я быў вучнем дзявятай клясы, пры дапамозе арытмэтыкі прыйшоў да высновы, што калгас – не гаспадарчая, а ідэалягічная структура. А пасьля знайшоў пацьвярджэньне гэтаму ў творах Леніна.

І ў сьнежні 1977-га году (трыццаць год таму!) напісаў у “Знамя юности”, што калгасы зьядуць краіну, якая зьбіраецца будаваць камунізм.

А зь лёзунгам “Зямлю–сялянам!” я пражыў на плошчы Леніна перад Домам ураду зь 19-га кастрычніка па 7-га лістапада 1990-га году”.

Ларыса, Менск:

“Уважліва слухаю “Падарожжы Свабоды”. Нібы прысутнічаеш разам з карэспандэнтам. Цікавыя пытаньні і цікавыя адказы. Вось куды павінны быць накіраваны грошы, каб адрадзіць беларускую вёску і невялікія гарадкі. Тады ня трэба было б езьдзіць у Менск на працу. Я заўжды была прыхільніцай адраджэньня беларускай вёскі. Трэба каб болей было фэрмэрскіх гаспадарак, ім трэба дапамагаць, а не будаваць аграгадкі і катэджы, якія нагадваюць шляхецкія маёнткі, а ніякага прыбытку не прыносяць дзяржаве. Трацяць грошы, і больш ніякай карысьці”.

Пра крытыку лідэраў апазыцыі

Мікалай Волчык, вёска Зіновічы Пружанскага раёну:

“Там, дзе зьнікае разнастайнасьць, плюралізм думак і меркаваньняў і зацьвярджаецца дзяржаўная ідэалёгія – заканчваюцца дэмакратычныя асновы.

Я не лічу справядлівымі крытычныя заўвагі слухачоў на адрас вядучых апазыцыйных палітыкаў. Часам можна пачуць нават абразы. То кажуць іншы раз, што не такі лідэр, то “не хапае лідэра”. Усё гэта, прабачце, глупства.

Сапраўды, пэўнай частцы грамадства патрэбен, так бы мовіць, “мудры правадыр”, які б вёў да “сьветлай будучыні”. А на мой погляд, наш правадыр – гэта нацыянальная ідэя, адраджэньне Бацькаўшчыны на грунце беларускай культуры, цесная сувязь з Эўразьвязам. А добрыя, разумныя дзяржаўнікі ёсьць усюды. Шкада толькі, што галасы ў іх вельмі ціхія”.

Уладзімер, Берасьце:

“Я нядаўна пачуў, што арганізоўваецца “Эўрапейскі марш” і супраць адмены льгот, і што там арганізатары зьбіраюцца супрацоўнічаць з уладаю ў іх арганізацыі. Дзіўна ўсё гэта чуць. Няўжо да гэтага часу не зразумела, што з нашым злачынным рэжымам супрацоўнічаць немагчыма? Добра на гэты конт сказаў палкоўнік Алкаеў, што лепш знайсьці 100 чалавек сьмелых, і хай бы яны апранулі кашулі зь бел-чырвона-белай сымболікай і прайшлі па Менску, па праспэкце Незалежнасьці. Ці ў часе міжнароднага матчу ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг – быў бы большы эфэкт. Бачна, што рэжым гэтага баіцца, бо нездарма хлопцу руку зламалі на рок канцэрце за тое, што ўзьняў нацыянальны сьцяг. І рэзананс міжнародны будзе. Калі чалавек проста крочыць па горадзе ў бел-чырвона-белай майцы, дубінай лупіць ня будуць. А ўсе гэтыя маршы, даруйце, – дарма патрачаныя грошы. Ніхто туды ня пойдзе. Народ вельмі запалоханы”.

Пра перасьлед моладзі

Спадар: “Зараз судзяць моладзь за надпісы на сьценах супраць перасьледу канкрэтных людзей, мысьлячых грамадзян. Прадстаўнікоў выканаўчых органаў, якія так змагаюцца за чысьціню сьцен, я запрашаю ў самы цэнтар Бабруйска. Праз дарогу ад Дома ўраду, у двары прэстыжнага дзевяціпавярховіка, з двухпавярховымі кватэрамі, адрас вул. Горкага, 41, з правага боку двара, у праходзе на бэтоннай сьцяне, ужо не адзін год побач намаляваныя эсэсаўскія здвоеныя маланкі, фашысцкая свастыка і шыбеніца з шасьціканцовай зоркай. Відаць, каб улады нарэшце ўсё гэта зафарбавалі, трэба побач напісаць лёзунг супраць любімага правадыра ў вершаванай форме і з выкарыстаньнем ягонага прозьвішча. Хаця і гэта не гарантыя. Лёзунг замажуць, а свастыку з шыбеніцай пакінуць, калі каманда будзе замазваць толькі падрыўны лёзунг”.

Ларыса, Менск:

“Як толькі ўлучаю Радыё Свабоду, адразу ж чую паведамленьне – некага пасадзілі з моладзі з такім абвінавачаньнем: “Нецэнзурна лаяўся”. І даюць ім па 15 сутак арышту. Натуральна, што гэтаму абсалютна ня верыш. Літаральна сёньня з сястрой была на кірмашы ў Ждановічах – там жа суцэльныя мацюкі. Ды такія выразы, што проста шок. Чаму б нашым кіраўнікам ды міліцыі не прыняць загад: хто нецэнзурна лаецца – штраф у памеры за кожнае слова 5 тысяч рублёў. Вось вам і прыбытак у кішэню дзяржавы, і чысьціня мовы захаваецца”.

Пра стабільнасьць Беларусі

Спадар:

“Усе дыктатуры да часу стабільныя: стабільны кіраўнік, жабрацкія заробкі пры звышстабільна высокіх спажывецкіх коштах, стабільна душаць ініцыятыву і свабоду, стабільна робяць правакацыі і прымітыўныя арышты”.

Спадарыня, Магілёў:

“Стабільнасьць – гэта калі ў дзяржаве ўсе слаі насельніцтва задаволеныя ўзроўнем свайго жыцьця. Чалавек павінен жыць так, як яму варта жыць. У Беларусі стабільна жывуць толькі тыя, хто ляяльна паводзіць сябе адносна ўлады дыктатара Лукашэкі – недзе ня больш за 25-30 адсоткаў насельніцтва Беларусі. Стабільнасьць – гэта калі своечасова выплачваюцца заробкі, пэнсіі. Калі ў дзяржаве адсутнічаюць палітычныя вязьні, няма перасьледу людзей, якія думаюць інакш, дзе вядуцца чэсныя перадвыбарчыя і выбарчыя кампаніі, дзе няма парушэньняў правоў чалавека. Стабільна квітнее ў Беларусі толькі жабрацтва”.

Пра падвышэньне пэнсіяў

Антон Станевіч, Шчучын: “Сёньня па вашым радыё чуў, што зноў наша кіраўніцтва хоча пакараць нас, пэнсіянэраў, зьбіраючыся павысіць пэнсію ў верасьні месяцы на 7%. Замест таго, каб у лістападзе, згодна папраўкам да Закона пра пэнсійная забесьпячэньне, дзе некалі было сказана, што павінны падвышаць пэнсіі кожны квартал, а пасьля дапаўненьняў і зьмяненьняў, калі на больш чым на 15% павялічваецца сярэдні заробак, альбо, калі ён не павялічваецца, то ў лістападзе. У лістападзе дакладна заробкі ў Беларусі будуць павялічаны на 15 адсоткаў, а нам абяцаюць толькі на 7%. Гэта чарговае пакараньне для пэнсіянэраў. Пазбавілі ільготаў, пакаралі ў мінулым годзе на 2 адсоткі, і зараз зноў няправільна разьлічаць нам наш заробак, зь якога налічваецца пэнсія. А пэнсіянэры многія зусім не разумеюць і будуць лічыць, што наша кіраўніцтва ім дзячыць”.

Слухач: “Лукашэнка ніяк не дадасьць 7% да пэнсіі. А СМІ 50% дадаў за хлусьню. Штодня хлусьня. Палічылі, што ў Расеі і ва Ўкраіне пэнсіі меншыя. А ці палічылі якія кошты? Нідзе няма такіх коштаў, як у Беларусі”.

Пра беларускую мову ў школах

Спадарыня:

“Спадар Лябедзька на пасяджэньні сваіх робіць раўнівыя папярэджаньні сябрам партыі, каб тыя не пераходзілі ў рух “За свабоду” да Мілінкевіча, а на 1 верасьня ў Беларусі паменшыцца на 800 школ з беларускай мовай навучаньня – гэта наш боль. У прыгожым, утульным заходнебеларускім горадзе Глыбокае ўтульна ня толькі карэнным жыхарам, але і прыезджым з Расеі. Але некаторым і гэтага мала. Трэба, каб адзіная на Віцебшчыне беларуская сярэдняя школа, адна з трох у Глыбокім, стала таксама расейскамоўнай. Ідзе ўпартае змаганьне за гэта. Цяжка, проста немагчыма зразумець першага беларускага прэзыдэнта, які дазваляе ў сваёй краіне таптаць беларускую мову – нашу беларускую адметнасьць. Гэта можна тлумачыць толькі тым, што яму вельмі хочацца паказаць сябе яшчэ больш расейцам, чым самі рускія. А раптам цуд, і электарат Расеі возьме яго за свайго прэзыдэнта? Відаць, цяжкая гэта мара – улада і пакланеньне. І яшчэ, у прыгожым горадзе Паставы год таму праходзіла сьвята беларускага пісьменства і мовы, а колькі месяцаў да гэтага пастаўскі малочны завод памяняў зь беларускай на расейскую мову надпісы на ўпакоўках свае прадукцыі. Дарэчы, добрая прадукцыя, яе з задавальненьнем купляюць у Паставах. Хто ім даў такі загад? Каму дагаджаюць? А знаходзіцца гэты завод на вуліцы Крупскай. Што ж, беларусы павінны памятаць, што Крупская – жонка Леніна. А вось ці памятаюць рускія, што ліцьвін Ігнат Грынявецкі забіў цара Аляксандра ІІ, каб даць вольнасьць Беларусі?”

Пра тэлебачаньне

Сакаловіч Валянціна Іванаўна:

“Мяне вельмі ўзрушае наша так званае тэлебачаньне. Чаму ніхто не падымае гэтае пытаньне? Якія трэба мець мазгі, каб усё гэта глядзець і слухаць? Падумаць страшна, што ўсё гэта глядзяць нашы дзеці. Прапаганда сэксу, гвалту, тупая рэкляма, падман, нахабства. Няма нічога сьвятога, тайнага. Гэтыя каштоўнасьці зьнішчаны. Чортава скрыня – гэта бомба, якая канчаткова даб’е нас і нашых дзяцей. Вось дзе рассаднік сумнеўнай якасьці. Разумныя людзі гавораць: “У нас ад гэтага прагляду нэрвы прыходзяць у разьюшаны стан”. Я іх вельмі разумею. Падман і правакацыя – вось, што такое наша тэлевізія. Героі цалкам усе “мянты”, астатнія ўсе падонкі. Сорамна, спадарства. Майце хаця б кроплю сумленьня. Я б усім забараніла глядзець наша тэлебачаньне ў тым выглядзе, у якім яно зараз існуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG