Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заменяць газ мазутам?


Уладзімер Глод, Менск Ад заўтрашняга дня расейскі канцэрн “Газпром” пагражае скараціць амаль удвая пастаўкі газу на Беларусь. Як магчымае скарачэньне можа адбіцца на беларускай эканоміцы і на ўзроўні жыцьця насельніцтва?

У дзяржаўным вытворчым аб’яднаньні “Белэнэрга” цьвердзяць: магчымае зьмяншэньне паставак газу не паўплывае на аб’ёмы энэргіі для прамысловых прадпрыемстваў краіны. Замест газу тут абяцаюць скарыстаць мазут.

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч называе гэтую заяву “найчыстым папулізмам і чарговым падманам насельніцтва”:

“Мазут у некалькі разоў даражэйшы за газ. Непараўнальна даражэйшы. Частковы выхад ёсьць толькі для тых прадпрыемстваў, якія маюць уласныя адкіды вытворчасьці з драўніны. А таксама выкарыстоўваць торф. Але ж такіх прадпрыемстваў нязначная колькасьць – зусім мала”. .

Васіль Шлындзікаў, былы генэральны дырэктар канцэрну “Амкадор”, старшыня камісіі ў справах рэфармаваньня эканомікі Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, прагназуе, што магчымае зьмяншэньне газу перадусім адаб’ецца на прадпрыемствах хімічнай прамысловасьці. Бо менавіта яны (прыкладам, гарадзенскі “Азот”) больш за іншых карыстаюцца энэрганосьбітамі. Спадар Шлындзікаў таксама адзначае, што скарачэньне газу прывядзе да падаражаньня беларускай прадукцыі:

“Дапусьцім, мы хочам пакінуць свой прыбытак бязь зьмен. Значыць, мы мусім павялічваць цану – на памер “газавага” падаражаньня. У розных прадпрыемстваў гэта будзе па-рознаму: хтосьці ўздыме кошты на 5%, асабліва ж энэргаёмістыя прадпрыемствы (да прыкладу, “Керамін”) можа й на 10. Аднак ня ўсе гэта могуць зрабіць, бо інакш згубіцца канкурэнтаздольнасьць прадукцыі. І таму нехта скароціць свае прыбыткі, а нехта павялічыць свае страты. А некаторыя (трактарны ды аўтамабільны заводы) напэўна, перажывуць гэту сытуацыю.

Я думаю, што газ для Беларусі хутка падаражае яшчэ ўдвая. Вось тады мы сапраўды, як кажуць, засьпяваем. Цяпер у Беларусі траціна стратных прадпрыемстваў. Думаю, тады колькасьць іх уздымецца да паловы. Мы ўжо мелі ў свой час гэтыя 50%”.

Міхаіл Марыніч лічыць, што “Беларусь патрапіла ў пятлю ўласнага папулізму”:

“Гэта расплата за эканамічную палітыку, якую вяла Беларусь усе апошнія гады. Рэвізорам і аналітыкам яшчэ трэба будзе ўстанавіць, куды падзеліся тыя грошы, якія Расея штогоду давала нам у выглядзе датацыяў. Гэта велізарныя грошы -- ад 6 да 8 мільярдаў даляраў кожны год. І за 10 год можна было зь Беларусі зрабіць цукерачку. Але ж грошы прайшлі міма бюджэту, у нейкія фонды, якія нельга пракантраляваць. Адным словам, Беларусь трапіла ў пятлю ўласнага папулізму”.

Запазычанасьць Беларусі “Газпрому” за першае паўгодзьдзе 2007 году склала больш за 456 мільёнаў даляраў. Так адбылося з тае прычыны, што беларускі бок плаціў толькі 55 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў газу замест належных 100. Разьлічыцца з “Газпромам” Беларусь павінна была не пазьней за 23 ліпеня. Але дагэтуль запазычанасьць “Газпрому” не вярнулі.

&#149А. Лукашэнка: “Газавыя праблемы не пагражаюць бясьпецы Беларусі”. &#149“Время новостей” (Расея): Беларусь не разьлічваецца з “Газпромам”, бо “баіцца абваліць свой рубель”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG