Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх лясах актывізаваліся кляшчы


Севярын Квяткоўскі, Менск Кляшчы пераносяць небясьпечныя для здароўя і жыцьця хваробы: кляшчовы энцэфаліт і хваробу лайма. Гэтыя насякомыя найбольш актыўныя пры канцы вясны і на пачатку восені, але сёлета надзвычай цёплая зіма зьмяніла карціну,– патлумачылі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. Першы зварот да мэдыкаў у Беларусі быў зарэгістраваны ўжо ў сярэдзіне студзеня, у Менску – у сакавіку. Звычайна ў сярэдзіне лета кляшчы ня вельмі актыўныя з-за сьпёкі, але сёлета колькасьць пацярпелых ад іх укусаў ўдвая большая за такі ж час у папярэднія гады. Чым небясьпечныя кляшчы, як абараніць сябе ад укусаў, і як паводзіць сябе ў выпадку, калі клешч патрапіў на цела чалавека?

У Цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя паведамілі, што толькі за травень-чэрвень з укусамі кляшчоў зьвярнулася больш за дзесяць тысяч людзей. Для параўнаньня: летась за ўвесь цёплы сэзон па дапамогу зьвярнулася 32 тысячы жыхароў Беларусі.

Спэцыяліст Цэнтру раіць адразу ж зьняць зь цела кляшча:

“Нас рэглямэнтуе час, які клешч знаходзіўся на целе. Чым менш ён там сядзеў, тым меншая небясьпека заразіцца хваробай лайма”. Наша мэта дасьледаваньня кляшчоў – каб чалавек прафіляктычна пасьпеў пралячыцца, не пасьпеўшы захварэць”.

Кляшча зь цела можна выдаліць наступным чынам:

"Самы зручны і даступны для ўсіх спосаб выдаленьня кляшча – участак з кляшчом апрацоўваецца стэрыльнай іголкай. Скура разам з кляшчом заціскаецца, а іголкай выдаляюць кляшча як стрэмку – падчапляюць ля галаўной часткі".

Самая небясьпечная хвароба, якую можа пераносіць клешч – энцэфаліт. Кляшчовы энцэфаліт разбурае нэрвовую сыстэму. Хвароба пачынаецца прыблізна праз два тыдні пасьля таго, як вірус патрапіў у кроў. Тэмпэратура цела падвышаецца да 39-40 градусаў, зьяўляецца боль у мышцах, патлівасьць, рэзь у вачох. Сымптомы падобныя да грыпу, таму людзі часьцяком не зьвяртаюцца да спэцыяліста і хвароба прагрэсуе. У выніку хваробы надыходзіць паралюш мышцаў твару, шыі, плячэй, рук і ног. У выпадку паралюшу дыхальнай сыстэмы надыходзіць сьмерць.

У хваробы лайма – зьнешнія праявы гэткія ж, як пры энцэфаліце. Калі яе не лячыць, сымптомы могуць зьнікнуць, але хвароба прыме хранічную форму, і праявіцца празь месяцы ці гады. У адрозьненьне ад энцэфаліту, хвароба лайма вылечваецца антыбіётыкамі.

Кляшчоў, якія патрапілі на цела дзіцяці альбо чалавека, які кепска пераносіць антыбіётыкі, варта несьці на досьлед у мэдычную ўстанову. Пра сродкі абароны ад небясьпечных казюрак распавядае егер зь Берасьцейшчыны Аляксандар:

"Перш на перш трэба распрануцца, ды прыняць душ – агледзець сябе... Трэба каб гузікі былі зашпіленыя. На галаве пажадана, каб была якая панама ці кепка. Папшыкацца сродкам супраць камароў ды кляшчоў. Я, напрыклад, набыў сабе «энцэфалітку» – панамку, спускаю сетку, і ўсё».

Тым, хто не трапляе ў групу рызыкі, трэба папросту зьвярнуцца ў сваю паліклініку, дзе лекар прызначыць прафіляктычнае лекаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG