Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто адкажа за сарваны адпачынак?


Ігар Карней, Менск Летні адпачынак некалькі соцень беларусаў можа ня скласьціся. 10 ліпеня адмянілі чартэрны авіярэйс зь Менску ў турэцкі Бодрум, які арганізавала Бюро моладзевага турызму “Спадарожнік”. 150 турыстаў мусілі разьехацца па дамах, а яшчэ некалькі дзясяткаў тэрмінова пачалі шукаць замены. Палёты на знакаміты курорт на ўзьбярэжжы Эгейскага мора адмянілі да канца сэзону. Ці рэальна ў Беларусі спагнаць кампэнсацыю за сапсаваны адпачынак?

У турыстычным агенцтве “Спадарожнік” паведамілі: грошы турыстам, якія так і ня здолелі выправіцца на Эгейскае мора, вярнулі цалкам. Аднак ні пра якія дадатковыя кампэнсацыйныя выплаты гаворкі няма — маўляў, форс-мажор адбыўся зь віны турэцкіх партнэраў, якія своечасова не забясьпечылі бронь гатэляў.

Да канца сэзону “Спадарожнік” ня будзе выконваць чартэр Менск — Бодрум. Між тым, Турэччына — адзін з варыянтаў даступнага адпачынку за мяжой. Двухтыднёвыя вакацыі на Эгейскім узьбярэжжы каштуюць 475 даляраў на чалавека без уліку харчаваньня.

Турызм і суд несумяшчальныя?

Бальшыня тых, хто зьбіраўся на летнія вакацыі на Эгейскае мора, цяпер маюць шукаць іншыя варыянты адпачынку, карэктаваць тэрміны выхаду на працу, а мо і зусім адмовіцца ад паездкі. У бальшыні краінаў кампэнсацыю за такія маральныя дый матэрыяльныя страты можна спагнаць праз суд.

У Беларусі, як кажуць нават у таварыствах абароны правоў спажыўцоў, справы за сапсаваны адпачынак да разгляду даходзяць рэдка.

Суды могуць прымусіць крамы выплаціць пакупніку за пратэрмінаваны тавар, але атрымаць выплату за няякасную паслугу складана. Дый судовыя выдаткі часта аказваюцца большымі за страчаныя грошы, што прымушае людзей зьмірыцца.

“З улікам, што людзі купляюць недарагія тавар, працу, паслугу, то паўставала праблема — не заўсёды вярталі судзьдзі грошы, – расказвае старшыня Менскага таварыства абароны правоў спажыўцоў Ірына Астаф’ева. – Хоць, паводле Грамадзянскага кодэксу, павінны кампэнсаваць затраты грамадзяніна на абарону ўласных правоў. Вось гэтае не да канца права працавала, і асобныя судзьдзі не заўсёды патрабавалі ад вінаватага боку выплаты спажыўцу затратаў, панесеных у судах. Таму па такіх справах заўсёды вельмі складана працаваць”.

Як паказвае практыка, звычайна спрэчкі паміж турыстам і фірмай вырашаюцца ў пазасудовым парадку.

Калі кіраўніцтва турфірмы сапраўды адчувае, што падманула чаканьні кліента, то ў большасьці выпадкаў кампэнсуе матэрыяльныя страты. Бо як скарга дойдзе да Міністэрства спорту і турызму альбо да Камітэту дзяржкантролю, турфірма рызыкуе страціць ліцэнзію і ўвогуле разьвітацца зь месцам на рынку.

Ці можна застрахавацца ад турыстычных рызык?

Цяпер чартэр на папулярны курорт Бодрум ажыцьцяўляе іншая менская кампанія — “Вашы найлепшыя падарожжы”. Многія турысты, якія ня здолелі паляцець са “Спадарожнікам”, цяпер прынесьлі свае грошы ў гэтую фірму.

Ці можна засьцерагчыся ад рызыкі трапіць у непрыемную сытуацыю проста ля трапа самалёта?

У кампаніі “Бі энд Бі Іншурэнз” кажуць, што застрахаваць ад такога форс-мажору — тым больш у адпачынку, які так і не пачаўся, — у Беларусі наўрад ці магчыма:

“Не, у нас няма нават такой ліцэнзіі. А так звычайна мы страхуем ад няшчасных выпадкаў падчас паездкі за мяжу. То бок гэта розныя пераломы, хваробы — толькі гэта”.

Ад канца 1990-х Турэччына лічыцца “ўсесаюзнай здраўніцай” – туды масава едуць практычна з усіх краінаў былога СССР. Штогоду на турэцкіх пляжах адпачывае блізу 40 тысяч беларусаў, для якіх гэта адзін з самых даступных адпачынкаў за мяжой.

Паводле Нацыянальнага банку, пасьля Ўкраіны (там грамадзяне Беларусі пакінулі летась найбольш грошай — 115 мільёнаў даляраў) Турэччына таксама адно з найбольш папулярных месцаў адпачынку — яна “высмактала” зь беларусаў 16,5 мільёна даляраў.
• “Мы знойдзем спосаб, каб беларусам ня трэба было стаяць у чэргах па візы”, 25.04.2007 • Нягледзячы на выбухі, беларусы не адмаўляюцца ад адпачынку ў Турцыі, 26.06.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG