Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці засталіся беларусы ў Паласе Газы?


Ігар Карней, Менск Улады Беларусі ня маюць зьвестак пра колькасьць беларускіх грамадзянаў, якія могуць знаходзіцца ў зоне канфлікту палестынскіх груповак у Паласе Газы і на Заходнім беразе Ярдану. МЗС Беларусі праз амбасаду ў сталіцы Ізраілю ўдакладняе зьвесткі пра беларусаў.

МЗС Беларусі паведамляе, што беларуская амбасада ў Тэль-Авіве стала кантактуе з амбасадамі Расеі і Ўкраіны. Грамадзянаў гэтых дзяржаваў у зоне канфлікту некалькі соцень.

Паводле прадстаўніка дэпартамэнту інфармацыі МЗС Расеі Андрэя Крыўцова, людзі чакаюць эвакуацыі на кантрольна-прапускным пункце “Эрэц” Палестынскай аўтаноміі.

Сытуацыя ўскладняецца тым, што Ізраіль дзеля бясьпекі закрыў КПП — пад выглядам мірных грамадзянаў з Газы могуць прайсьці баевікі групоўкі Хамас.

Таму нацыянальная прыналежнасьць уцекачоў удакладняецца, кажа Андрэй Крыўцоў:

“Склалі сьпісы асобаў, якія хацелі б эвакуявацца. Гэта ў асноўным грамадзяне Расеі — перадусім жанчыны, якія выйшлі замуж за палестынцаў. Некаторыя зь іх былыя палестынскія студэнты, якія вярнуліся працаваць у Палестыну. То бок, жанчыны, дзеці й нейкая колькасьць мужчынаў.

Цяпер разглядаецца пытаньне наконт магчымых шляхоў разьвязаньня праблемы. А праблема палягае, перадусім, у дакумэнтацыі, бо ў людзей няма неабходных дакумэнтаў, якія павінен выдаць ізраільскі бок. Ці хутка ўсё адбудзецца? Як толькі будзе рашэньне, значыць, і пытаньне само вырашыцца”.

Беларускае вонкавапалітычнае ведамства пакуль ведае пра адзінкавыя выпадкі, калі беларускія грамадзяне пажадалі пакінуць рэгіён. Неафіцыйна кажуць пра чатырох беларусак, якія хацелі б вярнуцца на Радзіму.

У любым разе, падчас маштабнай эвакуацыі беларусаў будуць “прывязваць” да расейцаў і ўкраінцаў, якіх у Палестыне нашмат больш.

Варта нагадаць, што год таму, падчас узброенага канфлікту паміж Лібанам і Ізраілем, у Беларусь эвакуявалі блізу паўсотні чалавек, а непасрэдна ў зоне ваенных дзеяньняў выявілі больш за трыста грамадзянаў Беларусі.

У ліпені 2006-га з Ізраілю вывез сям’ю жыхар Воршы Алег Швайч. Да таго часу ў Ізраілі пражыў дзесяць гадоў. Ён лічыць, што Тэль-Авіў, нягледзячы на апошнія падзеі, ня спыніць дапамогі палестынцам (ня лічачы баевікоў Хамас):

“Да арабаў там шмат у чым ставяцца лепей, чым да выхадцаў з Саюзу. З арабамі яны жылі стагодзьдзямі. Уявіце сытуацыю: усё жыцьцё ты пражыў у Беларусі. Тут жа жылі татары, палякі, зь дзяцінства адзін з адным кантактавалі. І раптам панаехалі, умоўна кажучы, мільён кітайцаў. І да каго ты будзеш лепей ставіцца? Да паляка, які табе даўно як свой, ці да...?

Тым больш, што гэтыя “ўмоўныя кітайцы” (так у Ізраілі называюць нашых у адносінах да ізраільцаў) перабіваюць працоўныя месцы, згодныя працаваць на любой працы за мінімальную плату. Натуральна, “мясцовым” — як габрэям, так і арабам, няма за што іх любіць”.

Вольга з Баранавічаў некалькі гадоў езьдзіла паміж Ізраілем, Лібанам і палестынскімі тэрыторыямі. Ведаючы арабскую мову, суправаджала турыстычныя групы, працавала на рэгістрацыі у гатэлях, спадзявалася, што патэнцыял рэгіёну дасьць магчымасьць рэалізавацца.

Вольга расказвае, што зь беларусамі сутыкацца ў Палестыне амаль не даводзілася:

“Беларусаў тут увогуле вельмі мала. У мяне ёсьць даслоўна два-тры знаёмыя, якія спрабаваліся на рэцэпцыю ў гатэлі. У асноўным дзяўчаты прыяжджаюць танчыць. Ёсьць шмат украінак, гэтаксама шмат расеек. Беларусак практычна няма. У тых жа “расейскіх шоў” я ня бачыла ніводнай беларускі…

Але мой пашпарт увесь праштампаваны, усюды візы, кожныя паўгоду мне робяць новы дазвол на працу, ставяць працоўную візу. Натуральна, здаю кроў. І ўсё было дзякуй Богу”.


З-за няпэўнасьці сытуацыі ў Сэктары Газы МЗС Беларусі рэкамэндуе беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у зону канфлікту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG