Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Літвіненкі: падазраваны выстаўляе абвінавачваньні


Юрыя Дракахруст, Прага Андрэй Лугавой, расейскі бізнэсовец, якога падазраюць у забойстве Аляксандра Літвіненкі, сёньня выступіў з сэрыяй заяваў. Ён сказаў, што да забойства былога афіцэра КДБ датычныя брытанскія спэцслужбы, чыім агентам, паводле Лугавога, быў Літвіненка.

Лугавой перайшоў у контратаку

Вялікая Брытанія запатрабавала ад Расеі выдачы Андрэя Лугавога, які зьяўляецца галоўным падазраваным у справе атручваньня былога афіцэра КДБ, жорсткага крытыка Пуціна Аляксандра Літвіненкі. Сёньня Лугавой перайшоў у контратаку. Ён заявіў, што Літвіненка быў агентам брытанскіх спэцслужбаў і быў забіты ці самімі гэтымі спэцслужбамі, ці людзьмі палітычнага ўцекача Барыса Беразоўскага, ці расейскай мафіяй.

Паводле Лугавога брытанскія спэцслужбы прынамсі кантралявалі леташняе атручваньне Літвіненкі ў Лёндане.

“Адно для мяне не выклікае сумневаў. У любым выпадку атручваньне Літвіненка не магло застацца па-за кантролем з боку спэцслужбаў Вялікай Брытаніі”.

Ніякіх даказаў Лугавой не прыводзіць

Лугавой заявіў, што мае доказы гэтага, але не ўдакладніў якія. Ён сам былы афіцэр КДБ, зараз ён валодае ўласнай ахоўнай фірмай. Летась напярэдадні таго, як Літвіненка адчуў, што быў атручаны, Лугавой сустракаўся зь ім у адным з бараў Лёндану. Потым ў гэтым бары былі знойдзены сьляды радыёактыўнага рэчыва палёнія, якім, як высьветлілася, быў атручаны Літвіненка. На мінулым тыдні брытанская пракуратура афіцыйна з’вярнулася да расейскіх уладаў з просьбай выдаць Лугавога, як галоўнага падазраванага.

Масква адмовіла, патлумачыўшы, што выдача расейскіх грамадзян замежнаму правасудзьдзю супярэчыць расейскай Канстытуцыі.

Сам Лугавой адхіляе абвінавачваньні, ён заяўляе, што ягоная датычнасьць да забойства інсцэніраваная. Ён заявіў, што брытанскія спэцслужбы спрабавалі завэрбаваць яго і атрымаць ад яго кампрамэтуючыя матэрыялы на расейскага прэзыдэнта Пуціна і ягонае атачэньне. Паводле Лугавога Аляксандар Літвіненка, гэтак жа, як і Барыс Беразоўскі, былі завэрбаваны брытанскай разьведкай МІ6. Лугавой сьцьвярджае, што хутчэй за ўсё Літвіненку забілі брытанскія спэцслужбы, калі ён выйшаў з-пад іх кантролю.

“Англічанам не падабалася, што ён хваліўся перада мной сваімі сувязямі ў МІ6 на ўзроўні высокапастаўленых чыноўнікаў, а таксама што супрацоўнічаючы з брытанскімі спэцслужбамі, ён паўтарае шлях перабежчыкаў Гардзіеўскага і Калугіна і яго пасьлядоўнікамі сталі Беразоўскі і Закаеў. Таму цяжка пазбавіцца думкі, што Літвіненка стаў агентам, які выйшаў з-пад кантролю спэцслужбаў і яго прыбралі”.

Лёндан не камэнтуе абвінавачваньні Лугавога

Міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі адмовілася камэнтаваць сёньняшнія заявы Андрэя Лугавога, падкрэсьліўшы, што справа Літвіненкі мае крымінальны, а не выведны характар. На думку экспэртаў сёньняшнія заявы Лугавога выклічуць далейшае пагаршэньне і бяз гэтага кепскіх брытана-расейскіх адносінаў.

Аляксандар Літвіненка – былы афіцэр ФСБ Расеі і жорсткі крытык расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна – быў атручаны ўвосень летась у Лёндане рэдкім радыёактыўным рэчывам “палёній-210”. 23 лістапада 2006 году Літвіненка памёр ва ўзросьце 43 гадоў у лёнданскім шпіталі.


• Ці было забойства Літвіненкі палітычным?, 23.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG