Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ўлады праігнаравалі Ўсясьветны кангрэс журналістаў


Ігар Карней, Менск У Маскве працягвае працу XXVI Усясьветны кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. Адкрыўся ён напярэдадні. Найперш абмяркоўвалі бясьпеку прафэсіі й перасьлед уладамі супрацоўнікаў СМІ. Сярод дэлегатаў форуму — адзіная прадстаўніца Беларусі, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

Гэты журналісцкі форум упершыню праводзіцца ў Расеі, дзе, паводле справаздачаў міжнародных праваабарончых арганізацыяў, усё часьцей парушаюцца прынцыпы свабоды слова.

Але, як лічыць старшыня БАЖ Жанна Літвіна, спробы цэнзураваць СМІ ўласьцівыя бальшыні пасьлясавецкіх краінаў:

Літвіна: “Сам факт правядзеньня чарговага кангрэсу ў Расеі — пацьверджаньне і знак увагі міжнароднай журналісцкай супольнасьці да праблемаў, якія характэрныя ня толькі, відаць, для Расеі, а наагул — для краінаў былога СССР. І ўчорашні дзень якраз быў адметны спэцыяльным паседжаньнем, прысьвечаным праблеме забойства журналістаў.

У Расеі ёсьць сумная статыстыка (я і сама не валодала гэтай лічбай): за апошнія дзесяць гадоў тут загінулі 215 журналістаў! І ўчора позна вечарам пасьля ўрачыстага адкрыцьця адбылася акцыя: усе ўдзельнікі кангрэсу ўсклалі гвазьдзікі ў Галерэі памяці загінулых журналістаў”.

Карэспандэнт: “Ці паўставала беларускае пытаньне цягам першых дзён?”

Літвіна: “Беларусь пакуль не гучыць. Учорашні дзень цалкам быў прысьвечаны праблеме забойства журналістаў, а сёньня ідуць справаздачы — справаздача генэральнага сакратара Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў і г.д.

А тое, што ўжо прагучала й што выказвалі нашы калегі, можна зьвесьці да тэзы: беспакаранасьць у забойствах журналістаў зьяўляецца фактарам, які павялічвае колькасьць ахвяраў сярод супрацоўнікаў СМІ.

Дарэчы, слова “беспакаранасьць” вельмі актуальнае, балючае і для беларускіх журналістаў. Бо мы таксама жывем з трагедыяй, з памяцьцю пра тое, што на працягу ўжо сямі гадоў ня знойдзеныя вінаватыя ў зьнікненьні Зьмітра Завадзкага, не названыя й не панесьлі пакараньне забойцы Веранікі Чаркасавай. То бок, балючая тэма расправы над журналістамі адгукаецца ў сэрцы абсалютна кожнага беларускага журналіста”.

Карэспандэнт: “Спадарыня Жанна, Вы зьбіраецеся ўзяць слова на кангрэсе?”

Літвіна: “Мяркую, пасьля пратакольных частак будзе больш вольны доступ да мікрафонаў. Я спадзяюся, што ў мяне зьявіцца магчымасьць выказацца й данесьці пазыцыю нашай арганізацыі. І думаю, буду прысутнымі выслуханая”.

Карэспандэнт: “Вы адзіная прадстаўніца Беларусі ў Маскве?”

Літвіна: “Так, я дэлегат кангрэсу”.

Карэспандэнт: “А дзяржаўная журналісцкая арганізацыі прадстаўленая?”

Літвіна: “Нашы калегі не зьяўляюцца сябрамі Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, і думаю, гэта асноўная прычына, чаму яны не запрошаныя на кангрэс”.

Як кажа Жанна Літвіна, у кулюарах дэлегаты наўпрост называюць ганебным фактам тое, што вышэйшыя кіраўнікі Расеі фактычна праігнаравалі працу кангрэсу.

Літвіна: “Тое, што адразу кінулася ў вочы ўсім удзельнікам кангрэсу, — я баюся казаць “ігнараваньне” — прынамсі, не прысутнасьць кіраўнікоў Расеі высокага рангу на кангрэсе. Багданаў (кіраўнік Расейскага саюзу журналістаў. — РС) прэзэнтацыю пачаў проста з зачытваньня прывітальнага слова Сяргея Міронава, кіраўніка парлямэнта.

Учора ў праграме ўрачыстага адкрыцьця быў пазначаны выступ мэра Масквы Юрыя Лужкова, але замест яго быў віцэ-мэр. У гэтым зьвязку час ад часу ўзьнікае тэма высяленьня Расейскага саюзу журналістаў, і некаторыя калегі бачаць у гэтым прычыну таго, што высокія кіраўнікі не наведалі кангрэсу”.

Усясьветны кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў будзе працаваць да 1 чэрвеня.

• У Маскве адкрыўся Ўсясьветны форум журналістаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG